Пошук

22.09.2023 10:07   Паводле: Vatican News

21 верасня ў прэс-службе Святога Пасаду ў Ватыкане быў прадстаўлены расклад працы Сіноду Біскупа аб сінадальнасці і поўны спіс яго ўдзельнікаў.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, сінадальнае пасяджэнне будзе працягвацца 26 дзён: з 4 па 29 кастрычніка. У ім возьмуць удзел 464 чалавекі, уключна з супрацоўнікамі Генеральнага сакратарыяту Сіноду Біскупаў. Выніковы дакументы будзе падрыхтаваны не толькі на італьянскай, але таксама і на англійскай мове.

Падчас прэзентацыі было адзначана, што Сінод — гэта «час калегіяльнага распазнавання, што абапіраецца на малітве».

Па гэтай прычыне форум распачнецца і завершыцца святой Імшой з Папам Францішкам. Штодзённыя пасяджэнні таксама будуць распачынацца малітвай. У праграму асамблеі плануецца ўключыць супольную пілігрымку, малітву за мігрантаў і бежанцаў на плошчы святога Пятра і Ружанец у Ватыканскіх садах.

Праца Сіноду будзе праходзіць у пяці вялікіх моўных групах: англійскай, італьянскай, іспанскай, французскай і партугальскай. Усе яны будуць падзелены на 35 малых падгруп, у кожную з якіх увойдзе па 15 асоб. Падчас Сіноду адбудзецца 21 генеральная кангрэгацыя і 14 сесій у малых групах.

Змена метадалогіі і вялікая колькасць удзельнікаў паўплывалі на выбар месца правядзення асамблеі: яна адбудзецца не ў Сінадальнай зале, а ў вялікай ватыканскай Зале Паўла VI, дзе часта праводзяцца агульныя аўдыенцыі Святога Айца па серадах. Працы будуць адбывацца за круглымі сталамі, а кожны ўдзельнік будзе мець таблет, які паслужыць, між іншым, для рэгістрацыі прысутнасці, атрымання інфармацыі і галасавання.

З 464-х удзельнікаў Сіноду 365 будуць мець права голасу, сярод якіх 54 жанчыны.

Удзельнічаць у форуме будуць два біскупы з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Як паведамлялася, Касцёл у Беларусі на асамблеі прадставіць біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа