Пошук

12.07.2023 20:50   Паводле: Vatican News / Пераклад: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота Алены Бобр

Праз тыдзень пасля візіту ў Беларусь у якасці Спецыяльнага пасланніка Папы Францішка на ўрачыстасцях у гонар 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай, Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці быў менаваны кардыналам.

Пасля намінацыі іерарх даў інтэрв’ю Італьянскай рэдакцыі парталу Vatican News, якое было апублікавана 12 ліпеня.

— Вашая намінацыя адбылася неўзабаве пасля таго, як Вы вярнуліся ў Ватыкан у якасці Прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў. Як Вы яе прынялі?

— Да мяне інфармацыя дайшла даволі нечакана. Я не слухаў Angelus, і ў пэўны момант зазваніў тэлефон, а я не мог зразумець, у чым прычына. Усе мне казалі «віншую, віншую». Думаў, можа, забыўся пра свае імяніны… Потым зразумеў.

Я ўспрымаю гэта перадусім як адказнасць, якую лічу асабліва важнай, але таксама цяжкай, таму што кардынальскі пурпур — гэта не пурпур славы: гэта пурпур крыві. І я бачыў шмат крыві падчас выканання сваёй місіі як нунцыя.

Я бачыў нямала людзей, якія ўшаноўваюць Хрыста праліццём крыві, і проста насілле, якое закранула многіх людзей, адбывалася ў такой форме. Цяпер Папа, а раней за яго Бог, патрабуе ад мяне гатоўнасці быць верным Касцёлу і Папу, ажно да таго, каб аддаць жыццё, калі гэта спатрэбіцца.

— Ваша намінацыя ў пэўным сэнсе ідзе ў пары з намінацыяй Лацінскага Патрыярха Ерузалема П’ербатысты Піццабалы, калі ўзяць пад увагу рэаліі Касцёлаў на Усходзе, у рэгіёне, усё яшчэ ахопленым насіллем…

— Сапраўды, словы Лацінскага Патрыярха Ерузалема мне вельмі блізкія. Акрамя таго, у кампетэнцыю Дыкастэрыі ўваходзіць не толькі Блізкі Усход, але і Эфіопія, Эрытрэя, Украіна. Усе рэгіёны, ці амаль усе, якія ў гэты момант перажываюць асабліва драматычныя падзеі, і гэта невыпадкова, бо хрысціянскі Усход заўсёды быў зямлёю вернасці Хрысту ажно да мучаніцкай смерці. Давайце падумаем пра тое, чым былі вялікія Усходнія Цэрквы, якія цяпер складаюцца з вельмі малой колькасці людзей. Гэта адбылося не выпадкова, а таму, што насілле над людзьмі і культурамі давяло іх амаль да знікнення. Такім чынам, гэтая вельмі глыбокая сувязь з мучаніцтвам практычна ўпісана ў ДНК Усходніх Касцёлаў.

З іншага боку, давайце мець на ўвазе, што многія з Усходніх Касцёлаў нараджаюцца ў кантэксце, вельмі блізкім да Палестыны. Мы маем на ўвазе Таго, хто з’яўляецца Панам і Настаўнікам і хто праліў сваю кроў за нас, Езуса Хрыста.

Мы з’яўляемся прадстаўнікамі рэлігіі, якая нараджаецца з Крыві свайго Заснавальніка, у адрозненне ад многіх іншых. І гэта таксама прычына таго, чаму хрысціянства выклікала такое незразуменне як у імперскіх рэлігіях, так і ў іншых монатэістычных рэлігіях менавіта з-за надзвычайнай драматычнасці лёсу Таго, каму яно пакланяецца. У нас няма прарока-пераможцы, які заснаваў дзяржаву; мы не народ, які мае зямны горад; мы — Ягоныя паслядоўнікі, якія здзяйсняюць пілігрымку па гісторыі ў нябесны Ерузалем.

— Значыць, Вы асабліва падтрымліваеце стварэнне Папам Францішкам Камісіі па новых мучаніках у межах падрыхтоўкі да Юбілею?

— Безумоўна. Гэта працяг інтуіцыі Яна Паўла ІІ, якая ў свой час прынесла вялікую навізну ў Касцёл і якая цяпер, яшчэ больш радыкальна, вядзе нас да той еднасці, да мучаніцкай еднасці, што сапраўды з’яўляецца таямніцай, схаванай у Богу, таму што выходзіць па-за межы і падзелы паміж Цэрквамі, паміж рэлігіямі. У нашым выпадку асабліва сярод хрысціянскіх канфесій. Гэта ўжо здзейснены ў крыві саюз. Таму мяне вельмі ўразіла і падмацавала стварэнне гэтай струткуры, у якой, калі мяне паклічуць, я буду супрацоўнічаць з усёй душой.

— Ваша кардынальства таксама спалучана з мірнай місіяй Папы спачатку ў Кіеве, а потым у Маскве. Як вы бачыце вынікі перамоў і сустрэч кардынала Дзупі і ўвогуле дыпламатычную працу, якую вядзе Святы Пасад, каб дапамагчы знайсці шляхі мірнага ўрэгулявання ў вайне ва Украіне?

— Я не ведаю дэталяў місіі кардынала Дзупі, але я ўпэўнены, што яго здольнасці і добразычлівасць закрануць сэрцы. Я быў нунцыем у Беларусі, ва Украіне, а таксама ў Грузіі, куды ўвайшлі расійскія танкі… Я магу сказаць, што за гэтым стаіць цэлы шэраг складаных прычын, пра якія мы на Захадзе часта зусім не ведаем. І таму нават каментары, якія мне часта даводзіцца чытаць, я лічу вельмі абмежаванымі, таму што яны не бяруць пад увагу нічога, акрамя сённяшняга дня.

На Усходзе, калі хочаш зразумець сёння, трэба зразумець учора, а калі хочаш зразумець заўтра, то яшчэ больш гэтае заўтра вырастае з таго, што адбываецца. У мяне такое адчуванне, што распад Савецкага Саюзу не быў глыбока ўсвядомлены і зразуметы заходнім светам: тое, што ён уяўляў сабой у новых магчымасцях, а таксама ва ўнутраных трагедыях для савецкіх людзей.

Такім чынам, місія кардынала Дзупі сутыкаецца не з асабістымі цяжкасцямі ў вырашэнні праблем, але са складанасцю саміх гэтых праблем.

Я магу сказаць вельмі выразна, што Папа Францішак заўсёды шукаў і жадаў міру нават па-за межамі любой разумнай магчымасці, і што гэта паходзіць з яго глыбокай веры: веры, якая вышэй за розум. І любоў, несумненна, папярэднічае розуму і ідзе пасля яго. Нагадаю, што, калі я быў нунцыем ва Украіне, Папа Францішак ініцыяваў збор ахвяраванняў, які прынёс 16 мільёнаў еўра для тых, якія ў той час ужо былі перамешчанымі асобамі з Данбаса. Я распараджаўся гэтымі ахвяраваннямі, асабіста пераканаўшыся, што ажно 800 000 чалавек атрымаюць дапамогу, якую змаглі даслаць Папа і католікі Еўропы.

Існуе трывалая паслядоўнасць, якая бярэ пачатак з часоў узнікнення Савецкага Саюзу, калі Папа адпраўляў цэлыя гуманітарныя эшэлоны ў нованароджаную савецкую імперыю, назавем яе так, незалежна ад ідэалогіі. Палітыка Папаў заўсёды была і застаецца палітыкай надзеі насуперак надзеі.

Наша дыпламатыя — гэта не дыпламатыя разлікаў: гэта дыпламатыя ўтопій, якія могуць быць рэалізаваныя.

— Значыць, вы лічыце, што некаторыя каментары былі занадта спрошчаны?

— Адчуванне такое, што ў разліках таго, што магло б быць карысным, каб хутка пакласці гэтаму канец, павінен заключацца ўвесь механізм пазнання гэтага свету і ўласцівай яму складанасці.

Калі падзенне Берлінскага муру выклікала вялікі энтузіязм адносна зноў атрыманай свабоды, мы спыніліся на гэтым. Мы не пайшлі паглядзець, што адбылося на наступны дзень, калі людзі страцілі ўсе грошы, якія мелі на рахунку, і былі вымушаныя гадзінамі стаяць у чарзе, каб атрымаць кавалак хлеба. Гэта нядаўняя сітуацыя, якая агаліла нервы савецкіх народаў і прывяла да рэваншу, магчыма, таксама таму, што рэжым моцна падаўляў гэтыя пачуцці, да адраджэння нацыяналізму, канфліктаў, эканамічных цяжкасцяў, з’яўлення алігархі. Гэта вельмі складаныя сітуацыі…

— Некалькі дзён таму Вы былі ў Беларусі ў якасці Спецыяльнага пасланніка Папы Францішка з нагоды святкавання 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Што Вы вынеслі з гэтага візіту?

— Цудоўная ўрачыстасць народа, які моўчкі пакутуе і які знайшоў у веры такую відавочную ў нашых вачах сілу сведчання, што вяртае ўсмешку непасрэдна каля гэтага сціплага аблічча Маці Божай, якое для іх з’яўляецца знакам тоеснанасці і іх надзеі. Дзесяць тысяч чалавек, якія прыйшлі пешшу, праз лясы, азёры, па цяжкіх дарогах, і адчуванне салідарнасці з усімі, хто быў побач і стаяў на каленях, каб прайсці апошнія крокі, было для мяне асаблівым урокам на зямлі, акружанай народамі, якія змагаюцца паміж сабою. Перш за ўсё гэтыя позіркі, поўныя слёз ад блізкасці Папы, ад той палёгкі, якую яны адчуваюць ад таго, што пра іх не забыліся. Я расказаў ім гісторыю беларускай бабулі, якая была вельмі блізкая да Папы, хоць ён і не быў з ёй знаёмы, хіба што па фотаздымках, але дзякуючы ім Папа на працягу шасці гадоў пытаўся, як маецца гэтая жанчына.

— Імша Кансісторыя адбудзецца 30 верасня, напярэдадні Сіноду. Як Вы ставіцеся да гэтай падзеі, што пройдзе ў Ватыкане?

— З вялікай надзеяй. Я не ведаю, што абудзіць Святы Дух, бо чалавечыя ініцыятывы — гэта ўсяго толькі падрыхтоўка. Святы Дух здзіўляе нас, як здзівіў Другі Ватыканскі Сабор і многія іншыя падзеі ў гісторыі. Давайце памятаць, што мы святкуем не саміх сябе, не нашыя поспехі і не нашую падрыхтоўку, але гатоўнасць сэрца прыняць натхненне Духа. Святам Касцёла становіцца кожная нагода, калі Дух можа шчодра павеяць больш бачным чынам. Так я да гэтага стаўлюся.

І гэты Кансісторый, амаль як пачатак Сіноду, з’яўляецца не чым іншым, як напамінам для нас, новых кардыналаў, каб ісці ў духу Сіноду і сінадальнасці, якая складае саму сутнасць Касцёла як камуніі.

— Ці ўдасца дасягнуць той гармоніі, якой жадае Папа Францішак, поўнай гармоніі паміж хрысціянскім Усходам і Захадам?

— Каля месяца таму я быў у Александрыі ў Егіпце ў якасці члена змешанай тэалагічнай камісіі католікаў і праваслаўных. Магу вас запэўніць, што атмасфера на асабістым узроўні вельмі добрая. Натуральна, што асабістая блізкасць — гэта адно, а гістарычныя цяжкасці, што сталі наступствам падзей, якія вызначылі нашы адносіны — гэта зусім іншае. Сіла асабістых кантактаў павінна быць настолькі магутнай і поўнай любові, каб зняць усе гэтыя цяжары, скінуць гэты баласт, які перашкаджае нам абняць адзін аднаго перад усімі, як мы робім гэта сам-насам.

Размаўляла Антанэлла Палерма / Vatican News

Абноўлена 14.07.2023 12:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа