Пошук

02.06.2023 14:20   Vatican News
Фота: Adi Zace / EWTN

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 31 мая прайшла ў Ватыкане, Папа Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны евангелізацыйнай руплівасці і апостальскаму запалу, нагадаўшы пра асобу святога Матэо Рыччы — італьянскага місіянера, які нарадзіўся ў Мачэраце ў вобласці Маркэ, а пасля заканчэння езуіцкай школы і ўступлення ў Таварыства Езуса ў Рыме папрасіў адправіць яго на місіі на Далёкі Усход.

Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, напачатку Пантыфік заўважыў, што пасля няўдалай спробы святога Францішка Ксавэрыя трапіць у Кітай гэта намагаліся зрабіць іншыя дваццаць пяць езуітаў, але таксама беспаспяхова. Аднак Рыччы і яго сабрат вельмі добра рыхтаваліся да гэтай місіі: яны вывучалі кітайскую мову і традыцыі і ўрэшце здолелі абсталявацца на поўдні гэтай краіны.

«Спатрэбілася васямнаццаць гадоў з чатырма этапамі праз чатыры розныя гарады, каб дасягнуць Пекіна. З пастаянствам і цярплівасцю, натхнёны непарушнай верай, Матэо Рыччы змог пераадолець цяжкасці, небяспекі, недавер і супраціў», — зазначыў Святы Айцец, падкрэсліўшы, што Рыччы «заўсёды ішоў шляхам дыялогу і сяброўства з усімі людзьмі, якіх сустракаў, і гэта адчыніла яму многія дзверы для абвяшчэння хрысціянскай веры».

«Яго першым творам на кітайскай мове быў менавіта трактат „Пра сяброўства“, які меў вялікі рэзананс», — дадаў ён.

«Каб упісацца ў кітайскую культуру і жыццё, ён спачатку апранаўся як будысцкія бонзы, але потым зразумеў, што лепш за ўсё пераймаць лад жыцця і вопратку літаратараў. <…> Ён паглыблена вывучаў іх класічныя тэксты, каб мець магчымасць прадставіць хрысціянства ў пазітыўным дыялогу з іх канфуцыянскай мудрасцю і са звычаямі і традыцыямі кітайскага грамадства», — падкрэсліў Папа Францішак, заўважыўшы, што гэта была сапраўдная інкультурацыя хрысціянскай веры.

Папа адзначыў, што выдатная навуковая падрыхтоўка місіянера выклікала цікавасць і захапленне з боку адукаваных людзей: напрыклад, яго знакамітая геаграфічная карта свету з рознымі кантынентамі, вядомымі на той час, упершыню адкрыла кітайцам знешнюю рэальнасць.

«Але таксама матэматычныя і астранамічныя веды Рыччы і яго паслядоўнікаў-місіянераў спрыялі плённай сустрэчы паміж культурай і навукай Захаду і Усходу, якая потым перажыве адзін з самых шчаслівых перыядаў пад знакам дыялогу і сяброўства», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла, дадаўшы, што праца Матэо Рыччы была б немагчымай без супрацоўніцтва з яго вялікімі кітайскімі сябрамі, такімі як Сюй Гуанцы і Лі Жыдзаа, якія, прыняўшы хрост, узялі сябе імёны Павел і Леў адпаведна.

«Аднак слава Рычы як чалавека навукі не павінна засланяць самую глыбокую матывацыю ўсіх яго намаганняў: абвяшчэнне Евангелля», — заўважыў Святы Айцец, падкрэсліўшчы, што аўтарытэт, здабыты дзякуючы навуковаму дыялогу, надзяліў місіянера пераканаўчасцю, неабходнай для перадачы праўдаў хрысціянскай веры і маралі.

У дадатак да навучання, менавіта яго сведчанне рэлігійнага жыцця, цнот і малітвы, яго міласэрнасць, пакора і поўная незацікаўленасць ва ўзнагародах і багаццях дазвалялі многім яго кітайскім вучням і сябрам прыняць каталіцкую веру. Папа падкрэсліў, што для паспяховай евангелізацыі ў першую чаргу неабходна, каб словы не разыходзіліся з ладам жыцця.

Матэо Рыччы памёр у Пекіне ў 1610 годзе ва ўзросце ў 57-і гадоў, аддаўшы ўсё сваё жыццё місіям.

«Місійны дух Матэо Рыччы з’яўляецца жывым актуальным прыкладам. Яго любоў да кітайскага народа — гэта прыклад; але вельмі актуальным з’яўляецца таксама яго шлях паслядоўнасці ў жыцці, сведчанне яго хрысціянскага жыцця. Ён прынёс хрысціянства ў Кітай; ён — вялікі чалавек, вялікі навуковец, вялікі, таму што мужны, таму што напісаў шмат кніг, але ў першую чаргу ён вялікі таму, што быў паслядоўным у сваім пакліканні, паслядоўны ў жаданні ісці за Езусам Хрыстом», — сказаў Папа Францішак, заклікаўшы ўсіх задумацца над уласнай паслядоўнасцю.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.