Пошук

04.05.2023 11:33   Vatican News
Фота: Daniel Ibanez/CNA / EWTN

На важнасць захавання гістарычных каранёў і будавання мастоў адзінства звярнуў увагу Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 3 мая прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец распавёў пра сваё Апостальскае падарожжа ў Венгрыю, якое здзейсніў з 28 па 30 красавіка. Ён падкрэсліў, што гісторыя гэтай краіны пазначана шматлікімі святымі і героямі, акружаных шэрагам сціплых і працавітых людзей, якія з гонарам захоўваюць уласныя карані.

Да гэтых каранёў, паводле Папы, у першую чаргу адносяцца святыя, «якія аддалі сваё жыццё за народ, якія сведчылі Евангелле любові, якія былі святлом у хвіліны цемры; многія святыя мінулага, якія сёння заклікаюць нас пераадольваць рызыку паражэнства і страху перад заўтрашнім днём, памятаючы, што Хрыстус — наша будучыня». Святы Айцец заўважыў, што моцныя хрысціянскія карані венгерскага народа прайшлі праз выпрабаванні агнём: падчас атэістычнага пераследу ХХ стагоддзя, хрысціяне спазналі гвалтоўны пераслед, у ходзе якога былі забітыя ці пазбаўленыя свабоды многія біскупы, святары, законнікі і свецкія вернікі.

«Але ў той час, калі здзяйснялася спроба ссячы дрэва веры, карані засталіся некранутымі; заставаўся Касцёл схаваны, але жывы, моцны сілай Евангелля», — сцвердзіў Пантыфік. Ён дадаў, што камуністычнаму прыгнёту папярэднічаў нацысцкі, з трагічнай дэпартацыяй шматлікіх габрэяў. Папа заўважыў, што многія венгры баранілі ахвяраў, а таксама згадаў пра сведку тых падзей: венгерскую паэтку габрэйскага паходжання Эдзіт Брук, якая жыве ў Рыме. Папа Францішак скарыстаўся нагодай для таго, каб павіншаваць гэтую былую вязніцу нацысцкіх канцэнтрацыйных лагераў з 92-годдзем.

Святы Айцец звярнуў увагу таксама на пагрозы для свабоды, якія існуюць у наш час: спажывальніцтва, якое робіць нячулымі, задавальненне людзей выключна матэрыяльным дабрабытам, забыццё пра мінулае, а таксама індывідуалізм — усё гэта прыводзіць да аслаблення каранёў.

«Гэта праблема, якая датычыцца ўсёй Еўропы, дзе прысвячэнне сябе іншым, адчуванне сябе супольнасцю, адчуванне таго, наколькі цудоўна марыць разам, і стварэнне вялікіх сем’яў знаходзіцца ў крызісе. Уся Еўропа ў крызісе», — падкрэсліў Пантыфік, заклікаўшы паразважаць пра важнасць захавання каранёў.

Гаворачы пра вобраз мастоў, якімі славуты Будапешт, Папа заўважыў, што падчас сустрэч з венгерскімі ўладамі звяртаў увагу на важнасць будавання мастоў з рознымі народамі. Пакліканнем Еўропы з’яўляецца прыняцце тых, хто стукае ў яе дзверы, — сказаў Святы Айцец, а таксама высока ацаніў «гуманітарны мост» для ўкраінскіх бежанцаў і дабрачыннае служэнне сеткі структур Каталіцкай Касцёла ў Венгрыі.

Святы Айцец падкрэсліў, што гэтая краіна будуе «мост у заўтрашні дзень», прысвячаючы шмат увагі клопату пра экалогію і ўстойлівую будучыню, умацоўваючы масты паміж пакаленнямі.

Папа адзначыў, што і Касцёл павінен будаваць мост у кірунку сучаснага чалавека, бо «прапаведаванне не можа заключаецца выключна ў паўтарэнні мінулага, але заўсёды павінна быць абноўленым, каб дапамагчы людзям нашага часу нанава адкрыць для сябе Хрыста».

Папа Францішак згадаў і пра літургічныя цэлебрацыі, якія прайшлі падчас яго візіту, а таксама пра малітву з грэка-каталіцкай супольнасцю, заклікаўшы да будавання мастоў паміж вернікамі. «На нядзельнай Імшы прысутнічалі хрысціяне розных абрадаў і з розных краін, розных канфесій, якія ў Венгрыі добра працуюць разам», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла, запрасіўшы будаваць масты гармоніі і адзінства.

Святы Айцец таксама падкрэсліў любоў венграў да музыкі і асаблівую пабожную пашану да Багародзіцы. «Прысвечаныя Ёй першым каралём, святым Стэфанам, з павагі яны прызвычаіліся звяртацца да Яе, не прамаўляючы Яе імя, а называючы Яе толькі каралеўскімі тытуламі.

Давайце даверым Валадарцы Венгрыі гэтую дарагую краіну, даверым Валадарцы супакою будаванне мастоў у свеце, даверым Валадарцы неба, да якой усклікаем у гэты велікодны час, нашыя сэрцы, каб былі ўкаранёнымі ў Божай любові», — завяршыў катэхезу Папа Францішак.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Святы Айцец заклікаў прысвяціць май марыйнай малітве аб заканчэнні вайны.

Абноўлена 04.05.2023 11:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця