Пошук

06.04.2023 14:41   Vatican News
Фота: REUTERS / Yara Nardi

У катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі, якая 5 красавіка прайшла ў Ватыкане, Папа Францішак запрасіў вернікаў наблізіцца да крыжа і, стоячы перад распранутым і параненым Езусам, сказаць праўду пра сябе, пазбавіцца ад усяго лішняга і пачаць клапаціцца пра іншых.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец звярнуўся да ўрыўку з Евангелля Пальмовай нядзелі, у якім апавядаецца пра муку і смерць Хрыста ўрывак пра магілу Езуса, якую засцераглі, «запячатаўшы камень» (Мц 27, 66). Здаецца, усё скончана. Для вучняў Езуса гэты камень азначае апошні прыпынак надзеі. Настаўнік укрыжаваны, «забіты самым жорсткім і знеяважлівым чынам»: гэта самы горшы з магчымых фіналаў. На думку Пантыфіка, роспач, якая прыгнятала вучняў Езуса, знаёмая і нам сёння. У нас таксама згушчаюцца змрочныя думкі і пачуццё расчаравання: «Чаму так шмат абыякавасці да Бога? Чаму няроўнасць працягвае расці, а мір не наступае?»

У свядомасці вучняў Езуса канцом усяго з’яўляецца крыж. Аднак неўзабаве яны даведаюцца, што крыж — гэта новы пачатак.

Так, «у чорных дзірах нашых расчараваных чаканняў» нараджаецца, прарастае і адраджаецца Божая надзея. «Мы думаем пра крыж як пра самую страшную прыладу катаванняў, а Пан зрабіў з яго найбольшы знак любові», — адзначыў Святы Айцец, дадаўшы, што дрэва смерці стала дрэвам жыцця.

Сёння мы глядзім на дрэва крыжа, таму што ў нас прарастае надзея. Надзея аздаоаўлення ад смутку, ад горычы. «І што ж мы бачым? — задаў рытарычнае пытанне Папа, адразу ж даўшы на яго адказ. — Мы бачым Езуса, распранутага і параненага».

«Укрыжаваўшы Яго, падзялілі Ягоную вопратку, кідаючы лёсы» (Мц 27, 35). Пан дазволіў пазбавіць сябе ўсяго, так ім чынам нагадаўшы нам, што надзея адраджаецца тады, калі мы гаворым праўду пра сябе, адкідаем двудушнасць, вызваляемся ад масак і ўсяго вонкавага, лішняга.

«Сёння нам патрэбна прастата», — падкрэсліў Святы Айцец, заклікаўшы вярнуцца да простага жыцця, адмовіцца ад непатрэбных рэчаў, якія з’яўляюцца сурагатамі надзеі.

Па-другое, мы бачым Езуса, параненага целам і душой. «Якое дачыненне гэта мае да нашай надзеі?» — запытаўся Папа Францішак, патлумачыўшы, што мы таксама параненыя. «Хто не бываў паранены ў жыцці? У каго няма шнараў, пакінутых дрэнным выбарам, непаразуменнямі, болем, крыўдамі, рэзкімі словамі, недарэчнымі меркаваннямі? Пан не хавае ад нашых вачэй сваіх ран, якія пранізваюць Яго цела і душу. Ён паказвае нам, што з ран можна выпраменьваць святло. Укрыжаваны Езус не абвінавачвае, а любіць. Такім чынам Ён ператварае зло ў дабро, а боль у любоў», — адзначыў Папа.

«Гаворка ідзе ўжо не пра тое, колькі ран, многа ці мала, мы атрымалі ад жыцця, але пра тое, што рабіць з гэтымі ранамі, — лічыць Святы Айцец. — Можна дазволіць ім заразіць нас крыўдай і смуткам, або, ў еднасці з Езусам, выпраменьваць з іх святло. Нашыя раны могуць стаць крыніцай надзеі. Замест таго каб шкадаваць сябе, трэба выціраць чужыя слёзы, клапаціцца пра іншых, схіляцца над тымі, хто пакутуе», — заклікаў Папа Францішак.

Абноўлена 06.04.2023 14:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.