Пошук

05.09.2022 11:08   Паводле: Vatican News / Фота: AFP / Catholic.by
Фота: AFP

У нядзелю 4 верасня на плошчы святога Пятра ў Ватыкане з удзелам 25-і тыс. вернікаў адбылася ўрачыстая цэлебрацыя, падчас якой Папа Ян Павел І быў абвешчаны благаслаўлёным.

Акт беатыфікацыі здзейсніў Папа Францішак.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у прамоўленай гаміліі Святы Айцец засяродзіўся на асобе свайго папярэдніка Альбіно Лучані, які прыняў імя Ян Павел І і быў Біскупам Рыма з 26 жніўня па 28 верасня 1978 года.

Папа Францішак адзначыў, што Ян Павел I «увасабляў убоства вучня, якое заключаецца не толькі ў адарванасці ад матэрыяльных дабротаў, але перш за ўсё ў пераадоленні спакусы паставіць сябе ў цэнтр і шукаць уласнай славы».

Святы Айцец сказаў, што Бог «не хоча спакушаць нас падманам і не жадае раздаваць танныя радасці», Яго не цікавяць «натоўпы, як акіян», калі людзі ідуць за ім з эйфарыяй і лёгкім энтузіязмам. Ён хоча, каб кожны разумеў прычыны і наступствы свайго падарожжа за Ім.

Ісці за Богам можна «па розных прычынах, і некаторыя з іх, трэба прызнаць, з’яўляюцца свецкімі: за дасканалым рэлігійным выглядам можна схаваць простае задавальненне сваіх патрэб, імкненне да асабістага прэстыжу, жаданне адыгрываць значную ролю, кіраванне справамі, імкненне заняць месца і атрымаць прывілеі, пошук прызнання і іншае», — заўважыў Пантыфік, дадаўшы, што гэта, аднак, не стыль Езуса.

Папа Францішак патлумачыў, што «Пан патрабуе іншага стаўлення». Ісці за Ім — гэта «несці свой крыж», браць на сябе цяжары, свае і іншых, рабіць жыццё дарам, наследаваць Яго шчодрую і міласэрную любоў. «Гэта выбар, які ахоплівае ўсё існаванне; таму Езус жадае, каб вучань нічога не ставіў вышэй за гэтую любоў, нават самыя дарагія пачуцці і самыя вялікія даброты», — звярнуў увагу Папа.

Мы павінны «любіць, нават калі цана любові — ахвяры, маўчанне, неразуменне, адзінота, цяжкасці і пераслед». Такая любоў да канца — гэта адмаўленне ад палавінчатага дзеяння, прыстасавання і спакойнага жыцця, ад задавальнення «разводненай верай».

«Езус просіць нас аб гэтым: жыць Евангеллем і жыць сваім жыццём не часткова, але да канца. Ніякіх кампрамісаў!» — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ян Павел I «па прыкладзе Езуса быў лагодным і пакорным пастырам. Ён лічыў сябе пылам, на якім Бог пажадаў пісаць. Вось чаму ён сказаў: «Пан настолькі моцна загадаў: будзьце пакорнымі. Нават калі вы рэалізавалі вялікія справы, скажыце: мы бескарысныя слугі», — працытаваў Папа.

Ён падкрэсліў, што яго папярэднік «з усмешкай перадаваў дабрыню Пана». «Прыгожы Касцёл з вясёлым, спакойным і ўсмешлівым тварам, які ніколі не зачыняе дзвярэй, не робіць жорсткімі сэрцаў, не скардзіцца і не нясе крыўды, не злуецца і не паддаецца нецярплівасці, не застаецца панурым, не пакутуе ад настальгіі па мінулым.

Памолімся праз заступніцтва нашага айца і брата, папросім яго здабыць нам „усмешку душы“; папросім яго словамі тое, аб чым ён сам прасіў: „Пане, прымі мяне такім, які я ёсць, з маімі недахопамі, з маімі слабасцямі, але зрабі мяне такім, якім хочаш“», — сказаў у сваёй гаміліі Папа Францішак.

Перад нядзельнай малітвай Анёл Панскі Святы Айцец падзякаваў усім, хто прыбыў на ўрачыстасць, у тым ліку Прэзідэнту Італьянскай Рэспублікі і Прэм’ер-міністру Княства Манака, вернікам з Венецыі, Бэлуна і Віторыя Вэнэта, месцаў, звязаных з чалавечым, святарскім і біскупскім досведам благаслаўлёнага Альбіно Лучані. Папа Францішак запрасіў памаліцца «аб дары супакою ва ўсім свеце, а асабліва ў спакутаванай Украіне».

 

Абноўлена 05.09.2022 11:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця