Пошук

26.08.2022 06:56   Vatican News
Фота: CNS photo / Guglielmo Mangiapane, Reuters

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 24 жніўня прайшла ў Ватыкане, Папа Францішак завяршыў цыкл катэхез, прысвечаных старасці ў святле веры.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у заключнай катэхезе на гэтую тэму Святы Айцец нагадаў, што нядаўна ў Касцёле адзначалася ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, таямніца якога паказвае спаўненне Божай задумы адносна Маці Езуса, а таксама пралівае святло на наша чалавечае прызначэнне.

Пантыфік заўважыў, што тэолагі заўсёды разважалі пра адносіны паміж ўнебаўзяццем Панны Марыі і смерцю. «Я думаю, што было б важней паказаць сувязь гэтай таямніцы з уваскрасеннем Сына, якое адкрывае кожнаму з нас шлях да жыцця.

У боскім чыне ўз’яднання Марыі з Уваскрослым Хрыстом не проста пераўзыходзіцца звычайнае цялесная тленнасць чалавечай смерці: у ім прадвяшчаецца цялеснае прыняцце Божага жыцця; прадвяшчаецца наш лёс ўваскрашэння, бо, згодна з хрысціянскай верай, Уваскрослы — першародны сярод мноства братоў і сясцёр», — сказаў Папа.

Нагадваючы словы Езуса да Нікадэма, Святы Айцец падкрэсліў, што ўваскрасенне — гэта «нібы другое нараджэнне», нараджэнне ў небе. Падобна таму, як, пакінуўшы ўлонне маці, мы застаемся самімі сабой — тым жа чалавекам, які быў ва ўлонні, — так і пасля смерці мы нараджаемся ў небе, у прасторы Бога, і гэта ўсё яшчэ мы, якія хадзілі па гэтай зямлі. «Аналагічным чынам адбылося з Езусам. Уваскрослы — гэта той жа Езус: Ён не губляе ні сваёй чалавечнасці, ані вопыту, ані нават сваёй цялеснасці, бо без гэтага Ён перастаў бы быць самім сабой», — зазначыў Пантыфік.

Папа Францішак нагадаў, што, аб’яўляючыся сваім сябрам пасля смерці, Езус паказваў свае раны, але яны больш не былі слядамі пакутлівай смерці, а «непазбыўным доказам Яго вернай любові да канца».

«Уваскрослы Езус усім сваім целам жыве ў трынітарнай блізкасці Бога! І ў ёй Ён не губляе памяці, не адмаўляецца ад уласнай гісторыі, не разрывае адносіны, з якімі жыў на зямлі. Ён абяцаў сваім сябрам: „А калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я“ (Ян 14, 3)», — сказаў Святы Айцец.

«Уваскрослы жыве ў Божым свеце, дзе ёсць месца для кожнага, дзе ствараецца новая зямля і будуецца нябесны горад, канчатковы дом чалавека.

Мы не можам сабе ўявіць гэтага перамянення нашай смяротнай цялеснасці, але мы ўпэўненыя, што яно захавае пазнавальнымі нашыя твары і дазволіць нам заставацца людзьмі ў Божым небе. Гэта дазволіць нам з узнёслымі пачуццямі ўдзельнічаць у бясконцым і шчаслівым багацці творчага чыну Бога, бясконцыя падзеі якога мы перажывем асабіста», — дадаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа заўважыў, што Езус параўноўваў Божае Валадарства з вясельнай вячэрай, святам з сябрамі, працай, якая ўдасканальвае дом, нечаканасцю, што робіць ураджай багацейшым за сяўбу.

«Сур’ёзнае стаўленне да евангельскіх словаў пра Валадарства дазваляе нашай адчувальнасці атрымліваць асалоду ад дзейснай і творчай любові Бога і ўводзіць нас у гармонію з беспрэцэдэнтным прызначэннем жыцця, якое мы сеем. У нашай старасці, дарагія мае равеснікі, усё вастрэй адчуваецца важнасць многіх „дэталяў“, з якіх складаецца жыццё — ласкавага дотыку, усмешкі, жэсту, ацэненай працы, нечаканага сюрпрызу, шчырай гасціннасці, вернай сувязі. Самае галоўнае ў жыцці, што нам даражэй за ўсё, у непасрэднай блізкасці да нашага адыходу, становіцца для нас канчаткова зразумелым», — сказаў Папа Францішак, дадаючы, што гэта старэчая мудрасць асвячае жыццё дзяцей, моладзі, дарослых, цэлага грамадства.

«Усё нашае жыццё падобнае да зерня, якое павінна трапіць у зямлю, каб прарасці і прынесці плод. Яно прарасце, як і ўсё іншае ў свеце. Не без пакут, не без болю, але прарасце. І жыццё ўваскрослага цела будзе ў сто і тысячу разоў больш яскравым, чым тое, якое мы пакаштавалі на гэтай зямлі», — перакананы Папа Францішак.

«Невыпадкова Уваскрослы Пан, чакаючы апосталаў на беразе возера, смажыў рыбу, а потым даваў ім. Гэты жэст клапатлівай любові дае нам зразумець, што нас чакае, калі мы пераплывем на другі бераг. Так, дарагія браты і сёстры, асабліва старэйшыя, лепшае ў жыцці яшчэ перад намі», — падкрэсліў Папа, выказаўшы пажаданне, каб «Маці Пана і наша Маці, якая апярэдзіла нас у Раі, вярнула нам трымценне чакання» сустрэчы з Панам.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа