Пошук

24.02.2022 09:35   Паводле: Vatican News
Фота: CNA

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 23 лютага прайшла ў Ватыкане, Папа Францішак распачаў цыкл катэхез, прысвечаных пошуку ў Божым слове натхнення аб сэнсе і каштоўнасці чалавечай старасці.

Як перадае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец перазусім заўважыў, што на працягу некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў пажылыя сталі сапраўдным «новым народам», і што «яшчэ ніколі ў гісторыі чалавецтва нас не было так шмат». Разам з тым Пантыфік зазначыў, што адначасова павялічваецца рызыка адчужэння пажылых людзей, якія часта ўспрымаюцца як «цяжар».

На думку Папы, разам з міграцыяй старасць з’яўляецца адной з самых тэрміновых праблем, з якімі сёння сутыкаецца чалавецтва.

Гаворка ідзе не толькі пра колькасную змену: на кон пастаўлена адзінства этапаў жыцця, разуменне і ацэнка чалавечага жыцця ў яго цэласнасці.

Пантыфік перакананы, што ў культуры, якая пануе, адзінай мадэллю з’яўляецца дарослы-юнак — індывід, які заўсёды хоча заставацца маладым. «Але ці праўда, што маладосць утрымлівае ў сабе поўны сэнс жыцця, у той час як старасць уяўляе сабой проста спусташэнне і страты?», — спытаў Папа, заўважыўшы, што ўзвышэнне маладосці як адзінага ўзросту, годнага ўцелаўляць чалавечы ідэал, злучанае з пагардай да старасці, якой уласцівыя слабасць і няпоўнаспраўнасць, была «пануючай іконай таталітарных сістэм ХХ стагоддзя».

Пантыфік падкрэсліў, што пажылых людзей трэба шанаваць за дары, якія яны прыносяць у сэнс жыцця ўсіх. Ён заўважыў, што ў так званых «развітых» культурах лічыцца, што старасць мае нязначны ўплыў на ўяўленне пра сэнс жыцця, бо разглядаецца як узрост, які не можа даць нічога асаблівага, не мае свайго значэння. На думку Папы, неабходны не толькі праекты дапамогі пажылым людзям, але і павага да годнасці старасці.

«Маладосць — цудоўная, але вечная маладосць — гэта небяспечная ілюзія.

Быць старымі гэтак жа важна і цудоўна, як і быць маладымі. Давайце будзем памятаць пра гэта.

Саюз паміж пакаленнямі, які вяртае чалавеку ўсе перыяды яго жыцця — вось наш страчаны дар, які неабходна адшукаць нанава», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён заўважыў, што Божае слова можа шмат сказаць наконт гэтага саюзу і працытаваў словы прарока Ёэля пра тое, што калі старыя бачаць сны, тады маладыя маюць візіі. Ён падкрэсліў, што «калі старыя супраціўляюцца Духу, хаваючы свае мары ў мінулым, маладыя больш не бачаць, што трэба зрабіць для таго, каб адкрыць будучыню».

Мудрасць доўгага шляху, якая суправаджае старасць, павінна перажывацца як «прапанова сэнсу жыцця».

«Калі старасці не вярнуць належную годнасць, яна будзе асуджана замкнуцца ў смутку, які пазбавіць любові ўсіх. Гэта выклік чалавецтва і цывілізацыі, які патрабуе нашых намаганняў і дапамогі Бога. Папросім аб гэтым Святога Духа. Няхай Божае слова дапаможа нам распазнаць сэнс і каштоўнасць старасці; няхай Святы Дух дасць таксама і нам мары і візіі, у якіх мы маем патрэбу», — сказаў Папа Францішак на заканчэнне катэхезы, заклікаўшы да дыялогу паміж моладдзю і пажылымі людзьмі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа