Пошук

07.01.2022 08:08   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота: AFP

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 5 студзеня прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Папа Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны святому Юзафу, паказваючы Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі як прыёмнага бацьку Езуса.

«Усынаўленне — адна з найбольш дасканалых форм бацькоўства і мацярынства», — падкрэсліў Папа.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, падчас аўдыенцыі ўрывак са Святога Пісання і кароткі змест катэхезы на розных мовах упершыню чыталі не толькі святары, якія працуюць у Дзяржсакратарыяце, але таксама свецкія вернікі і кансэкраваныя асобы з розных ватыканскіх структур. Новаўвядзенне будзе практыкавацца і ў далейшым.

У катэхезе Папа Францішак заўважыў, што евангеліст Мацвей паказвае святога Юзафа як прыёмнага, а не біялагічнага бацьку Езуса.

Мацвей удакладняе гэта, пазбягаючы дзеяслова «нарадзіў», які выкарыстоўваецца ў генеалогіі адносна ўсіх іншых продкаў Езуса, а евангеліст Лука кажа, што Юзаф быў бацькам Езуса, «як лічылі» іншыя.

Святы Айцец заўважыў, што на старажытным Усходзе практыка ўсынаўлення была вельмі распаўсюджанай, прыкладам чаго з’яўляецца звычай левірату, згодна з якім мужчына павінен быў узяць да сябе жонку свайго памерлага брата, а калі нябожчык не меў дзяцей, то іх першародны сын лічыўся сынам памерлага, каб захаўваўся яго род і спадчынныя правы.

Папа нагадаў, што святы Юзаф як афіцыйны бацька скарыстаўся сваім правам надаць імя Дзіцяці, якое, аднак, было прадвызначана Богам — «Езус», што значыць «Бог збаўляе».

«Гэта асаблівая рыса асобы Юзафа дазваляе нам сёння паразважаць пра бацькоўства і мацярынства», — сказаў Пантыфік.

«Недастаткова нарадзіць на свет сына, каб назвацца яго бацькам ці маці. Ніхто не нараджаецца бацькам, але становіцца ім. І не становіцца ім толькі таму, што нараджае на свет дзіця, але таму, што з адказнасцю клапоціцца пра гэтае дзіця», — працытаваў Папа Францішак словы са свайго Апостальскага ліста Patris corde.

«Я думаю асаблівым чынам пра ўсіх, хто адкрываюцца для прыняцця жыцця праз усынаўленне, якое з’яўляецца шчодрым і прыгожым учынкам.

Юзаф паказвае нам, што такі від повязі не з’яўляецца другарадным, не з’яўляецца проста выйсцем з сітуацыі. Выбар такога роду з’яўляецца адной з найбольш дасканалых форм любові, а таксама бацькоўства і мацярынства», — сцвердзіў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што вялікае мноства дзяцей чакае, калі хтосьці возьме на сябе клопат пра іх, а таксама ёсць шмат сужонкаў, якія жадаюць быць бацькамі і маці, але не могуць па біялагічных прычынах; або, ужо маючы дзяцей, хочуць падзяліцца сямейнай любоўю з тымі, хто быў пазбаўлены яе.

«Не трэба баяцца выбраць шлях усынаўлення, пагадзіцца на „рызыку“ прыняцця дзяцей», — заахвоціў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён пажадаў, каб дзяржаўныя ўстановы заўсёды былі гатовымі дапамагчы ў гэтым сэнсе, захоўваючы належны кантроль, але таксама спрашчаючы неабходныя працэдуры, «каб магла споўніцца мара шматлікіх дзяцей, якія маюць патрэбу ў сям’і, і шматлікіх сужонкаў, якія прагнуць падараваць сябе ў любові».

Святы Айцец запэўніў у малітве за тых, хто адчувае сябе пазбаўленым повязі бацькоўскай любові, выказаўшы пажаданне, каб святы Юзаф абараняў і дапамагаў сіротам, а таксама заступаўся за сужэнскія пары, якія жадаюць мець дзіця.

«Святы Юзэфе, ты які любіў Езуса бацькоўскай любоўю, будзь блізкім да шматлікіх дзяцей, якія не маюць сям’і і прагнуць мець тату і маму. Падтрымай сужонкаў, якія не могуць мець дзяцей, дапамажы ім праз гэтая вялікія цярпенні зразумець больш вялікую задуму.

Зрабі так, каб усе мелі дом, повязі, чалавека, які паклапоціцца пра яго ці яе; а таксама аздараві ад эгаізму тых, хто закрываецца ад жыцця, каб адкрылі сэрцы любові. Амэн», — завяршыў сваю катэхезу Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.