Пошук

11.11.2021 11:24   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: Riccardo De Luca / AP

Апостал Павел ставіў свабоду ў цень любові і казаў, што карыстанне ёй выражаецца ў міласэрным служэнні, падкрэсліў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 10 лістапада прайшла ў Ватыкане.

Як зазначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, завяршаючы катэхетычны цыкл, прысвечаны Пасланню да Галатаў, Святы Айцец заўважыў, што гэты евангельскі тэкст дапамагае ўбачыць Апостала Народаў як сапраўднага евангелізатара, тэолага і пастыра.

«Ён быў сапраўдным тэолагам, які сузіраў таямніцу Хрыста і перадаваў яе з творчым розумам. Таксама ён быў здольным выконваць сваю пастырскую місію ў адносінах да разгубленай і дэзарыентаванай супольнасці. Ён рабіў гэта рознымі метадамі: выкарыстоўваў час ад часу іронію, строгасць, лагоднасць… Ён сцвярджаў уласны аўтарытэт апостала, але, у той жа час, не хаваў слабасці свайго характару.

Сіла Духа па-сапраўднаму пранікла ў яго сэрца: сустрэча з Уваскрослым Хрыстом агарнула і перамяніла ўсё яго жыццё, якое ён цалкам прысвяціў служэнню Евангеллю», — дадаў Папа.

Апостал Павел «ніколі не думаў пра хрысціянства з бязвольнымі рысамі, пазбаўленае вастрыні і сілы, але наадварот <…>. Ён абараняў свабоду, прынесеную Хрыстом, з запалам, які дагэтуль узрушвае нас, асабліва калі думаем пра пакуты і самотнасць, якія ён павінен быў спазнаць. Павел быў перакананы, што атрымаў пакліканне, на якое толькі ён мог адказаць», — сказаў Святы Айцец.

На думку Папы, апостал жадаў патлумачыць галатам, што таксама і яны пакліканы да той свабоды, якая вызваліць іх ад усялякіх форм рабства, бо робіць спадкаемцамі старадаўняга абяцання і Божымі дзецьмі ў Хрысце. «Усведамляючы рызыкі, якія несла гэтая канцэпцыя свабоды, ён ніколі не прымяншаў наступстваў.

Павел з адвагай сцвярджаў вернікам, што свабода не азначае ўсёдазволенасці і не вядзе да пыхлівай самадастатковасці. Наадварот, ён ставіў свабоду ў цень любові і злучаў паслядоўнае карыстанне ёй з міласэрным служэннем»,— дадаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён заўважыў, што хрысціяне заўсёды сустракаюцца са спакусай «вяртання назад», каб адчуваць сябе больш упэўненымі, «вяртання выключна да Божага закону, занядбоўваючы новае жыццё ў Духу». Святы Павел, аднак, вучыць, што «сапраўдны Божы закон мае сваю паўнату ў жыцці паводле Духа, якое нам даў Езус», а яно магчыма толькі ў хрысціянскай свабодзе.

Пантыфік заўважыў, што з аднаго боку вучэнне апостала выклікае энтузіязм і жаданне неадкладна ісці шляхам свабоды, «паступаць паводле Духа», а з іншага боку, «мы ўсведамляем свае абмежаванні», бо кожны дзень спазнаём, як «цяжка быць паслухмянымі Духу і падтрымліваць яго дабратворнае дзеянне». «Так можа ўзнікнуць стомленасць, якая стрымлівае энтузіязм», адчуванне выгарання, слабасці і маргіналізаванасці перад абліччам ладу жыцця, уласцівага свецкаму мысленню.

Спасылаючыся на словы святога Аўгустына, які параўноўваў веру ў сэрцы з Хрыстом, які спіць у чоўне падчас буры, перад абліччам цяжкасцей Пантыфік заклікаў вернікаў абудзіць у сэрцах Хрыста і ажывіць веру, каб глядзець на ўсё Яго позіркам, «бо Ён бачыць далей за буру».

«На гэтым цяжкім, але захапляльным шляху, апостал нагадвае нам, што мы не павінны дазваляць сабе ніякай стомленасці ў чыненні дабра. Не стамляйцеся рабіць дабро! Мы павінны давяраць Духу, які заўсёды прыходзіць на дапамогу ў нашай слабасці і адорвае падтрымкай, у якой мы маем патрэбу. Таму навучымся часта прасіць Святога Духа!» — сказаў Папа.

Пантыфік адзначачыў важнасць спантаннай і простай малітвы аб прыйсці Святога Духа, а таксама параіў маліцца словамі літургічнай секвенцыі на ўрачыстасць Пяцідзясятніцы. Завяршаючы катэхезу, Папа пажадаў, каб частае прамаўленне гэтай малітвы дапамагло вернікам «паступаць паводле Духа ў свабодзе і радасці».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.