Пошук

20.04.2021 15:39   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: Gregorio Borgia / AP

У нядзелю 25 ліпеня ў Касцёле будзе адзначацца Першы Сусветны дзень дзядуляў, бабуль і пажылых людзей, тэмай якога па рашэнні Папы Францішка стануць словы Езуса з Евангелля паводле Мацвея: «Я з вамі ва ўсе дні» (Мц 28, 20).

Як адзначаецца ў заяве Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, на якую спасылаецца беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гэтыя словы сведчаць пра блізкасць Хрыста і Касцёла да кожнага пажылога чалавека, асабліва ў складаныя часы пандэміі.

«Я з вамі ва ўсе дні», — гэта таксама абяцанне блізкасці і надзеі, якімі маладыя і старыя могуць дзяліцца адно з адным.

На самай справе, не толькі ўнукі і моладзь павінны прысутнічаць у жыцці пажылых людзей, але і дзядулі і бабулі маюць евангелізацыйную місію: абвяшчаць, маліцца і прыводзіць моладзь да веры.

Для адзначэння гэтага ўстаноўленага Папам Францішкам міжнароднага дня ў мясцовых Касцёлах Дыкастэрыя прапануе з сярэдзіны чэрвеня душпастырскія матэрыялы, інфармацыя пра якія будзе змешчана на яе сайце.

Аб устанаўленні Сусветнага дня дзядуляў, бабуль і пажылых людзей Папа Францішак абвясціў 31 студзеня. Пачынаючы з гэтага года, ён будзе штогод адзначацца ў 4-ю нядзелю ліпеня.

«Таксама і сёння Дух Святы абуджае ў пажылых людзях мудрыя думкі і словы: іх голас каштоўны, бо ўзносіць гімн хвалы Богу і захоўвае карані народаў. Яны нагадваюць пра тое, што старасць — гэта дар і што дзядулі і бабулі з’яўляюцца звяном паміж пакаленнямі, пакліканым перадаваць моладзі досвед жыцця і веры», — сказаў тады Папа.

Святы Айцец заўважыў, што пажылыя людзі нярэдка застаюцца ў самоце, а грамадства забываецца пра каштоўнасць захавання каранёў і іх перадачы. Ён нагадаў пра важнасць сустрэчы паміж пакаленнямі, каб дзядулі і бабулі маглі дзяліцца сваімі марамі з унукамі, а ўнукі маглі іх рэалізоўваць.

Абноўлена 20.04.2021 15:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.