Пошук

30.10.2020 14:14   Catholic.by
Фота: papaboys.org

«Сёлета ва ўмовах пандэміі COVID-19 магчымасць атрымання поўнага адпусту для памерлых вернікаў працягваецца на ўвесь месяц лістапад з дастасаваннем спраў і ўмоў для бяспекі вернікаў», — гаворыцца ў спецыяльным Дэкрэце Апостальскай Пенітэнцыярыі, апублікаваным 22 кастрычніка, ва ўспамін святога Яна Паўла ІІ.

Гэта было зроблена з увагі на шматлікія звароты духоўных пастыраў, якія сёлета ў сувязі з пандэміяй каранавірусу прасілі змяніць спосаб атрымання поўнага адпусту для душаў у чыстцы ў адпаведнасці з нормамі, якія дзейнічаюць у Касцёле.

З гэтай прычыны Апостальская Пенітэнцыярыя па спецыяльным даручэнні Яго Святасці Папы Францішка пастанаўляе, што сёлета для таго, каб пазбегнуць масавага скаплення народу там, дзе гэта забаронена:

  1. Поўны адпуст для тых, хто наведвае могілкі і моліцца за памерлых, прынамсі ў думках, устаноўлены на паасобныя дні з 1 па 8 лістапада, можа быць перанесены на іншыя восем дзён таго ж месяца да яго заканчэння. Гэтыя дні, якія вернікі дабравольна для сябе выбяруць, могуць быць таксама не паслядоўнымі адзін за другім.
  2. Поўны адпуст 2 лістапада, устаноўлены з нагоды ўспаміну Усіх памерлых вернікаў для тых, хто пабожна наведвае касцёл ці капліцу і там прамаўляе малітвы «Ойча наш» і «Веру», можа быць перанесены не толькі на папярэднюю або наступную нядзелю ці на ўрачыстасць Усіх Святых, але таксама на іншы дзень месяца лістапада паводле свабоднага выбару паасобных вернікаў.

Пажылыя, хворыя і ўсе тыя, хто па сур’ёзных прычынах не можа выходзіць з дома, напрыклад, з-за ўведзеных кампетэнтнымі ўладамі абмежаванняў на час пандэміі, каб пазбегнуць вялікага скаплення вернікаў у святынях, могуць атрымаць поўны адпуст, духоўна яднаючыся з усімі іншымі вернікамі і не маючы ніякай прывязанасці да граху, а таксама з намерам пры першай магчымасці выканаць тры звычайныя ўмовы (сакрамэнтальную споведзь, Эўхарыстычную Камунію і малітву ў інтэнцыях Святога Айца). Для гэтага ім неабходна памаліцца перад абразом Езуса або Найсвяцейшай Панны Марыі пабожнымі малітвамі за памерлых, напрыклад прамовіць Ютрань і Нешпары з Літургіі гадзінаў за памерлых, Ружанец, Вяночак да Божай міласэрнасці, іншыя малітвы за памерлых, блізкія вернікам, або пэўны час чытаць і разважаць над адным з урыўкаў з Евангелля, прапанаваных на літургію за памерлых, або зрабіць нейкі ўчынак міласэрнасці, ахвяруючы Богу боль і цяжкасці ўласнага жыцця.

Для больш даступнага ўдзялення Божай ласкі з дапамогаю пастырскай міласэрнасці, Апостальская Пенітэнцыярыя настойліва просіць усіх святароў, якія маюць такую магчымасць, з асаблівай шчодрасцю ўдзяляць сакрамэнт паяднання і святую Камунію хворым.

Тым не менш, у тым, што датычыцца духоўных умоў для атрымання поўнага адпусту, па-ранейшаму застаюцца актуальнымі прадпісанні адносна сакрамэнту паяднання, уведзеныя Апостальскай Пенітэнцыярыяй 19 сакавіка 2020 года.

Нарэшце, для таго, каб душы ў чыстцы атрымалі дапамогу ад ахвяраваных за іх малітваў вернікаў, а асабліва ад прыемнай Богу Ахвяры алтара (пар. Conc. Tr. Sess. XXV, decr. De Purgatorio), усе святары настойліва запрашаюцца тройчы цэлебраваць Імшу ў дзень успаміну Усіх памерлых вернікаў у адпаведнасці з нормай Апостальскай канстытуцыі Incruentum Altaris, выдадзенай святой памяці Папам Бэнэдыктам XV 10 жніўня 1915 года.

Гэты Дэкрэт дзейнічае на працягу ўсяго месяца лістапада.

Абноўлена 30.10.2020 14:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.