Пошук

20.05.2020 11:09   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: Pinterest.com

«У імя дыялогу і годнасці чалавека» — так называецца вельмі асабісты ўспамін Экуменічнага Патрыярха Барталамея І пра святога Яна Паўла ІІ, які з’явіўся з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Вялікага Папы ў ватыканскім штодзённіку LOsservatore Romano.

Ян Павел ІІ вельмі выразна рэалізаваў сваё перакананне ў тым, што місія Касцёла заключаецца ў «вызваленні чалавецтва ад усіх формаў уціску», піша Патрыярх Барталамей І. Ён таксама прыгадаў, што Папа-славянін адыграў вырашальную ролю ў разбурэнні муроў, якія шмат гадоў трымалі Усходнюю Еўропу ў няволі.

Асаблівым чынам Канстанцінопальскі Патрыярх падкрэсліў экуменічныя ініцыятывы Яна Паўла ІІ і яго братнія адносіны да Праваслаўнай Царквы.

Руплівасць Папы Вайтылы ў развіцці каталіцка-праваслаўнага дыялогу Барталамей І паказаў у трох значных момантах.

30 лістапада 1979 года. Пачатак дыялогу.

Фота: Michele Ricci / Іmagefull

Сваім афіцыйным візітам у Фанар, афіцыйную сядзібу Патрыярха Канстанцінопальскага і Арцыбіскупа Новага Рыма ў Стамбуле, неўзабаве пасля выбару на пасад святога Пятра Папа Ян Павел ІІ паклаў пачатак «новай традыцыі», падкрэсліў Патрыярх Барталамей І.

Менавіта тады ён яшчэ як асабісты сакратар Патрыярха Дэмэтрыяса І упершыню сустрэўся з Янам Паўлам ІІ.

Тады Папа і Патрыярх падпісалі супольную заяву, згодна з якой была створана Міжнародная змяшаная камісія па справах багаслоўскага дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і ўсходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі.

На думку Барталамея І, першыя кантакты Папаў Яна ХХІІІ і Паўла VI з Патрыярхам Афінагорам паклалі пачатак «дыялогу любові», які падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ паспеў да такой ступені, каб можна было распачаць «дыялог праўды». Настаў час «пераадолець непаразуменні і загаіць раны мінулага на шляху да адзінства».

10 чэрвеня 2002 года. Каталіцка-праваслаўная «Дэкларацыя аб ахове стварэння».

Фота: Pinterest.com

Яе падпісалі Папа Ян Павел ІІ і Патрыярх Барталамей І.

Гэта быў першы супольны дакумент кіраўнікоў хрысціянства Усходу і Захаду, прысвечаны выключна экалагічным праблемам.

У ім быў выказаны супольны клопат пра стварэнне як маральны і духоўны абавязак усіх людзей. У гэты дзень Папа і Патрыярх падкрэслілі, што «ўсё чалавецтва, наступныя пакаленні маюць права на лепшы свет: свет без прыніжэння, насілля і праліцця крыві; на свет велікадушнасці і любові», прыгадаў Экуменічны Патрыярх.

27 лістапада 2004 года. Спадчына вякоў.

Фота: Plinio Lepri / AP

Трэцім вырашальным момантам у адносінах «з шаноўным Папам» было вяртанне некалькіх каштоўных рэліквій Канстанцінопальскай Царкве.

«Гэта важная, але далікатная тэма ў адносінах паміж нашымі Цэрквамі», — адзначыў Барталамей І.

Ён прыгадаў, як у лістападзе 2004 г. Экуменічнаму Патрыярху былі вернуты рэліквіі св. Грыгорыя Багаслова і св. Яна Залатавуснага. Абодва гэтыя святыя былі славутымі арцыбіскупамі Канстанцінопальскімі. Першапачаткова іх рэліквіі ўшаноўваліся ў храме Апосталаў у Канстанцінопалі, але ў Сярэднявеччы былі вывезены венецыянцамі ў Рым, «што пакінула балючую і глыбокую рану ў гісторыі адносін паміж хрысціянамі».

27 лістапада 2004 г. рэліквіі былі перададзены ў межах урачыстай літургіі, цэлебрацыю якой узначаліў Папа Ян Павел ІІ, пасля чаго вярнуліся ў «новы Рым», на радзіму святых Грыгорыя Багаслова і Яна Залатавуснага.

«Магчыма, гэта быў адзін з апошніх і найпрыгажэйшых учынкаў любові да бліжняга, а таксама адзін з найважнейшых і годных памяці экуменічных жэстаў пажылога і хворага Папы, нашага ўзлюбленага брата ў Хрысце», — напісаў Патрыярх Барталамей І у ватыканскім штодзённіку.

 

Абноўлена 20.05.2020 11:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.