Пошук

12.02.2020 15:19   Тэкст: Vatican News
Ілюстрацыйная выява: CEB

Адчуць любоў да Амазоніі і ўсвядоміць, што яна з’яўляецца «нашай» заклікаў Папа Францішак у сваёй пятай Апостальскай адгартацыі Querida Amazonia («Умілаваная Амазонія»), абнародаванай 12 лютага.

Дакумент, з якім знаёміць беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, з’яўляецца падсумаваннем працы Спецыяльнай асамблеі Сіноду Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне, якая праходзіла з 6 па 27 кастрычніка 2019 года ў Ватыкане.

У чатырох раздзелах адгартацыі Святы Айцец выказаў чатыры свае мары: каб Амазонія «змагалася за правы самых бедных карэнных народаў»; каб «бараніла культурнае багацце, якое яе адрознівае»; каб «старанна захоўвала надзвычайную прыродную прыгажосць»; а таксама каб хрысціянскія супольнасці былі «здольнымі браць на сябе адказнасць і ўцелаўляцца ў Амазоніі».

Сацыяльная мара

Гаворачы пра першую, «сацыяльную мару», Папа звярнуў увагу на сітуацыю жыхароў Амазоніі. Ён крытычна выказаўся пра падыход, пры якім звяртаецца ўвага на знікненне прыроднай разнастайнасці рэгіёну, але ігнаруецца лёс мясцовага насельніцтва.

Пантыфік нагадаў пра знішчэнне традыцыйнага арэалу прыжывання карэнных народаў, пра шматлікія формы «несправядлівасці і злачыннасці» як з боку мясцовых уладаў, так і міжнародных сіл.

«Мы не можам дазволіць, каб глабалізацыя стала новай формай каланіялізму», — сцвердзіў ён.

Паводле Папы Францішка, неабходна ствараць «сеткі салідарнасці і развіцця», шукаць альтэрнатыўныя і ўстойлівыя формы вядзення гаспадаркі, крыніцы энергіі, якія не забруджваюць асяроддзе, працоўныя рэсурсы, якія не вядуць да знікнення прыроды і культур.

Культурная мара

У другім раздзеле Папа падзяліўся сваёй «культурнай марай». Ён заклікаў не дапусціць «культурнай каланізацыі» Амазоніі, але дапамагчы ёй захаваць свае карані і тоеснасць. Жыхары рэгіёна не павінны ўспрымацца як «нецывілізаваныя дзікуны»: проста іх цывілізацыя і культура іншая і ў мінулым дасягнула значнага развіцця, нагадаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў да «міжкультурнай сустрэчы», бо народы Амазоніі могуць навучыць многаму.

Адметнасці павінны станавіцца не «абмежаваннямі» ці «пагрозамі», а «мастамі». Пантыфік выказаў занепакоенасць у сувязі са знікненнем цэлых культур і народаў, што шкодзіць усяму чалавечаму, сацыяльнаму і культурнаму багаццю планеты.

Экалагічная мара

Трэці раздзел адгартацыі прысвечаны «экалагічнай мары» Папы Францішка. Ён нагадаў пра непарыўную сувязь паміж чалавекам і прыродай, таму падкрэсліў, што клопат пра братоў — гэта «першая экалогія, у якой мы маем патрэбу». Папа заклікаў пераадолець «тэхнакратычны і спыжывальніцкі спосаб дзеяння», які вядзе да знішчэння прыроды.

Паводле Святога Айца, раўнавага на планеце залежыць ад здароўя Амазоніі.

Яе жыхары павінны быць інфармаваныя пра праекты, якія іх датычацца, і набываць «экалагічныя звычкі». Таксама неабходна стварыць «нарматыўныя сістэмы» і «непарушныя рамкі» для захавання рэгіёну.

Касцёльная мара

У апошнім і самым вялікім раздзеле новага дакумента Папа Францішак распавёў пра сваю «касцёльную мару». Ён заклікаў да «развіцця Касцёла з амазонскім абліччам» пра «моцнае місіянерскае абвяшчэнне». Паводле Папы, недастаткова несці толькі «сацыяльнае пасланне», бо народы рэгіёна маюць права пачуць Евангелле. У адваротным выпадку ўсе касцёльныя структуры тут нічым не будуць адрознівацца ад няўрадавых арганізацый, папярэдзіў Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў увагу на патрэбу такой інкультурацыі ў рэгіёне, «якая не пагарджае нічым добрым, што ўжо існуе ў амазонскіх культурах, але збірае гэта і вядзе да паўнаты ў святле Евангелля». Трэба адрозніваць добрае «зерне ад каласоўніка», дадаў ён.

Папа Францішак падкрэсліў, што індзейскія сімвалы не павінны ўспрымацца выключна ў святле ідалапаклонства, а міфы, напоўненыя духоўным зместам, як «язычніцкія аблуды».

«Некаторыя рэлігійныя святы маюць сакральны змест і з’яўляюцца месцам сустрэчы і братэрства, нават калі патрабуюць павольнага працэсу ачышчэння і сталення», — дадаў ён.

Папа закрануў пытанне аб інкультурацыі літургіі, нагадваючы, што пра гэта гаворка ішла яшчэ падчас Другога Ватыканскага Сабору, але зроблена было мала. Ён нагадаў аб прапанове стварэння «амазонскага абраду», якая агучвалася падчас Сіноду Біскупаў.

Святы Айцец падкрэсліў, што жыхарам Амазоніі павінен быць забяспечаны доступ да сакрамэнтаў і ўдзел у Эўхарыстыі. Паколькі цэлебрацыя святой Імшы з’яўляецца выключнай прэрагатывай святароў, Папа Францішак заклікаў біскупаў, асабліва лацінаамерыканскіх, «быць больш шчодрымі» і скіроўваць у рэгіён тых, «хто праяўляе місіянерскае пакліканне». Папа лічыць таксама неабходнай адпаведную фармацыю для такіх святароў.

Пантыфік заклікаў да большага ўдзелу свецкіх вернікаў у дзейнасці мясцовага Касцёла. Ён заўважыў, што ў некаторых супольнасцях Амазоніі, у якіх святара не было на працягу дзесяцігоддзяў, вера захавалася толькі дзякуючы «прысутнасці адважных і шчодрых жанчын», якія хрысцілі, катэхезавалі і вучылі маліцца.

Папа заклікаў развіваць новыя формы служэння жанчын, але не «клерыкалізуючы» іх.

Святы Айцец пажадаў, каб дзеля агульнага дабра католікі ў Амазоніі супрацоўнічалі з хрысціянамі іншых канфесій і прадстаўнікамі іншых рэлігій. «Як не змагацца разам? Як не маліцца разам і не працаваць плячо ў плячо, каб бараніць бедных Амазоніі?» — задаў ён рытарычнае пытанне.

Папа Францішак завяршыў Апостальскую адгартацыю Querida Amazonia малітвай да Божай Маці, просячы, каб дом жыхароў Амазоніі не быў знішчаны, а людзі, надзеленыя ўладай, маглі выратаваць тое, што яшчэ жыве.

Абноўлена 12.02.2020 15:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.