Пошук

25.09.2019 13:53   Паводле: Vatican News
Фота: romaniajournal.ro

На агульнай аўдыенцыі 25 верасня на плошчы св. Пятра ў Ватыкане папа Францішак, працягваючы цыкл катэхезаў, прысвечаных кнізе Дзеяў Апосталаў, засяродзіў увагу на ўстанаўленні дыяканаў сярод першых хрысціянаў і мучаніцтве св. Стэфана.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік нагадаў, што да першай хрысціянскай супольнасці належалі не толькі габрэі, але і асобы грэчаскага паходжання, якія скардзіліся з прычыны занядбання іх удоваў.

«Апосталы распачалі працэс распазнання, які заключаўся ў добрым разуменні цяжкасцяў і супольным пошуку рашэнняў. Яны знайшлі выйсце ў падзеле абавязкаў на карысць спакойнага развіцця ўсяго касцёльнага цела, каб пазбегнуць занядбання “ходу” Евангелля і клопату пра самых слабых з супольнасці», — заўважыў Папа.

Апосталы ўсё больш усведамлялі, што іх галоўнае пакліканне — гэта малітва і распаўсюджванне Божага слова, таму вырашылі праблему, устанавіўшы групу з «сямі мужоў добрай славы, поўных Духа і мудрасці», якія пачалі служыць пры сталах.

«Дыяканы — як яны былі названыя, — былі ўстаноўлены менавіта для служэння. Дыякан у Касцёле — гэта не святар другога гатунку. Ён — не для алтара, а для служэння.

Гэта апякун служэння ў Касцёле. Калі дыякану празмерна падабаецца быць пры алтары — ён памыляецца. Гэта не яго шлях. Устанавілі дыяканаў апосталы. Гэта гармонія паміж служэннем Слова і служэннем любові з’яўляецца закваскай, якая дапамагла развіццю касцёльнага цела», — лічыць Папа.

Ён дадаў, што з сямі першых дыяканаў асабліва вылучаліся Стэфан і Філіп. Першы з іх мужна евангелізаваў, што выклікала супраціў фарысеяў, якія пачалі выкарыстоўваць супраць яго паклёп і фальшывыя сведчанні.

«Гэта “д’ябальская пухліна”, якая нараджаецца з жадання знішчыць рэпутацыю чалавека, закранае таксама ўсё касцёльнае цела і наносіць цяжкую шкоду, калі па прычыне нікчэмных інтарэсаў ці жадання схаваць уласныя злоўжыванні людзі аб’ядноўваюцца, каб кагосьці зняславіць», — сказаў Папа.

Баронячы сябе, Стэфан абвяшчаў новы погляд на святую гісторыю, сканцэнтраваны на Езусе. Ён адважна выкрываў крывадушнасць, з якой фарысеі ставіліся да прарокаў і самога Хрыста.

«Не выкарыстоўваў недамовак, казаў выразна, казаў праўду», — падкрэсліў Пантыфік. Гэта выклікала гвалтоўную рэакцыю фарысеяў. Яны асудзілі Стэфана на смерць, перад абліччам якой ён прадэманстраваў сапраўдную «выпраўку» Хрыстовага вучня. Не спрабаваў уцячы, не звяртаўся да ўплывовых людзей, якія маглі яго выратаваць, але аддаў сваё жыццё ў рукі Пана, паміраючы як Божы сын, прабачаючы: «Пане, не лічы ім граху гэтага» (Дз 7, 60).

«Гэтыя словы Стэфана вучаць нас, што не прыгожыя прамовы дэманструюць нашу тоеснасць Божых сыноў і што выключна адданне ўласнага жыцця ў рукі Айца і прабачэнне тых, хто нас крыўдзіць, дазваляюць убачыць якасць нашай веры», — заўважыў Папа.

«Сёння ў Касцёле шмат мучанікаў — іх больш, чым у першыя часы, мучанікі сёння ўсюды. Касцёл акроплены іх крывёю, якая з’яўляецца “насеннем новых хрысціян”, гарантуючы рост і плоднасць Божага народу.

Мучанікі — гэта не “асобы з абразкоў”, але людзі з цела і касцей, якія — як кажа кніга Апакаліпсіса, — “абмылі шаты свае, і выбелілі іх у крыві Баранка”. Яны — сапраўдныя пераможцы», — падкрэсліў Пантыфік.

Завяршаючы катэхезу, папа Францішак заклікаў вернікаў, углядаючыся ў прыклад мучанікаў, прасіць Пана навучыць паўнаце жыцця, прыняццю мучаніцтва са штодзённай вернасцю Евангеллю і ўпадабненнем да Хрыста.

Абноўлена 25.09.2019 18:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа