Пошук

13.06.2019 15:34   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Grodnensis.by / Catholic.by

12 чэрвеня адбылася першая пешая пілігрымка з Гродна ў Адэльск, у якой узяў удзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Гэта стала знакавай падзеяй у жыцці парафіі Спаслання Святога Духа з гродзенскага мікрараёна Альшанка і адэльскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Аднадзённая пешая пілігрымка была арганізавана намаганнямі пробашчаў парафій у Альшанцы і Адэльску кс. Паўла Салабуды і кс. Віталія Внароўскага з нагоды папулярнага адпусту св. Антонія. У пілігрымцы ўзяў удзел таксама і былы адэльскі пробашч кс. Валерый Быкоўскі, які цяпер служыць у Канадзе.

Пілігрымаў у сваёй роднай парафіі каля фігуры св. Антонія сустрэў кіраўнік беларускага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Разам з усімі шанавальнікамі добрага святога з Падуі іерарх прайшоў да касцёла, да цудатворнага абраза святога Антонія. Позна ўвечары адбылася св. Імша, якую тут традыцыйна называюць «пастэркай» і якой распачынаюцца ўрачыстасці святога апекуна. У канцэлебры браў удзел дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч падзякаваў арганізатарам пілігрымкі, яе ўдзельнікам і жыхарам Адэльска, якія прымаюць пілігрымаў. Ён падкрэсліў, што для яго асабіста вельмі важна і прыемна, што ўпершыню здзяйсняецца такая пілігрымка на яго малую радзіму.

Іерарх адзначыў, што ўсе мы з’яўляемся пілігрымамі да дома нябеснага Айца.

«У гэтую жыццёвую пілігрымку „ўключаюцца“ і пілігрымкі да святых месцаў. Магчыма, што першая пілігрымка да абраза святога Антонія распачне добрую традыцыю падобных пілігрымак у будучыні», — выказаў спадзяванне арцыбіскуп.

Ён нагадаў, што пілігрымкі былі вядомыя яшчэ ў Старым Запавеце, калі, напрыклад, юдэі збіраліся ў Ерузалем на вялікія святы. Пасля Звеставання Марыя пілірымавала ў дом Захарыі і Альжбеты. Хрысціянства надало пілігрымкам Старога Запавету іншы духоўны сэнс.

«Пілігрымка ў хрысціянскім сэнсе — гэта не турыстычны паход, а малітоўнае падорожжа да святых месцаў. Гэта таксама адзін са спосабаў новай евангелізацыі У пілігрымку мы ідзём са сваімі інтэнцыямі, але адначасова нясём Евангелле іншым людзям», — зазначыў Старшыня ККББ.

Святога Антонія, на думку арцыбіскупа, таксама можна назвать пілігрымам, бо ён быў вандроўным прапаведнікам, якога збіраліся паслухаць шматлікія вернікі. Дзякуючы яго прапаведніцтву адбываліся шматлікія навяртанні. Праз заступніцтва святога з Падуі Бог учыніў шматлікія цуды. Аднак ён найбольш вядомы як апякун у адшуканні згубленых рэчаў.

«Заўсёды шкада згубленай рэчы. Але ў сучасным свеце найбольшай праблемай з’яўляецца страта веры. Менавіта яе трэба сёння шукаць, каб знайсці і ёю жыць, бо без веры няма збаўлення», — з моцаю сцвердзіў арцыпастыр.

Божае слова іерарх завяршыў малітоўным заклікам:

«Святы Антонію, выпрасі нам і асабліва моладзі ў Бога ласку навяртання і моцнай веры, каб мы былі яе сведкамі і неслі яе сучаснаму свету, каб свет паверыў і на падмурку веры будаваў цывілізацыю любові і жыцця».

Пасля Імшы ў скверы каля касцёла прайшла працэсія з абразом святога Антонія і свечкамі. Акрамя таго, адбылося благаслаўленне Дома пілігрыма, арганізаванага Францішкам Аўдзеем.

Абноўлена 13.06.2019 16:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця