Пошук


2 чэрвеня ў Мінску адбылася Эўхарыстычная працэсія па вуліцах горада на ўшанаванне Божага Цела.

Працэсія распачалася святой Імшой на цвінтары перад касцёлам Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы. Узначаліў урачыстую цэлебрацыю арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

У гаміліі арцыбіскуп адзначыў, што Хрыстус пакінуў пасля сябе на зямлі трывалы след — сваё Евангелле, Касцёл і сакрамэнты. Сярод іх цэнтральнае месца займае сакрамэнт Эўхарыстыі.

«Езус узнёсся на неба, але застаўся з намі ў Эўхарыстыі, якую мы сёння асаблівым чынам ушаноўваем у працэсіі Божага Цела, — дадаў іерарх. — Гэтая працэсія з’яўляецца публічным вызнаннем нашай веры».

«У сённяшняй працэсіі Езус пілігрымуе да нас, бо выходзіць на дарогі нашага асабістага і грамадскага жыцця, — сказаў арцыбіскуп. — Мы з’яўляемся пілігрымамі, да якіх сёння далучаецца Езус, каб прыгадаць, што Ён заўсёды з намі. <…> Мы можам Яго прымаць у святой Камуніі, якая з’яўляецца знакам найбольш цеснай сувязі Бога з чалавекам, знакам з’яднання Боскай любові з чалавечай».

Часам, заўважыў пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, людзі кажуць, што не ходзяць у касцёл, бо, нібыта, «нічога не адчуваюць» на святой Імшы. «Эўхарыстыі нельга адчуць, як штосьці матэрыяльнае — сцвердзіў ён у сувязі з гэтым. — Гэта не парфумы ці ежа, якая прыемна пахне. У Эўхарыстыі трэба прымаць удзел, бо толькі тады можна зразумець бязмежную Божую любоў і сэнс жыцця».

    

«Хрыстус стаў чалавекам, каб падзяліць наш чалавечы лёс, — нагадаў іерарх. — Ён спазнаў пагарду, прыніжэнне, несправядлівы суд і быў пакараны жудаснай крыжовай смерцю, як найгоршы злачынец. Езус, які церпіць, і адначасова Уваскрослы ў Эўхарыстыі ўваходзіць у нашае жыццё, каб надаць яму сапраўдны сэнс і надзею».

Па словах арцыбіскупа, беручы ўдзел у працэсіі Божага Цела, мы публічна вызнаём веру ў Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, не саромеемся сваёй веры, прымаем Хрыста як свайго Правадыра на шляхах нашага жыцця.

«Але ці заўтра, калі зноў сутыкнемся са складанасцямі і выклікамі штодзённасці, калі пойдзем на працу, ва ўніверсітэт, на дыскатэку, ці зноў прызнаемся ў сваёй веры ў Яго? А прызнацца азначае жыць паводле Божага закону і духу Евангелля», — завяршыў сваю гамілію арцыпастыр.

   

З Залатой Горкі працэсія ў суправаджэнні міліцыі і хуткай дапамогі скіравалася на плошчу Перамогі, дзе каля абеліску быў падрыхтаваны першы алтар. Каля яго было прачытана Евангелле і прамоўлена кароткае настаўленне да вернікаў.

Усе настаўленні, якія гучалі падчас сёлетняй працэсіі, былі прысвечаны тэме сям'і, якая знаходзіцца ў цэнтры душпастырскага года Касцёла ў Беларусі.

Другі прыпынак працэсія зрабіла ўжо на Кастрычніцкай плошчы, а трэці — каля Чырвонага касцёла на плошчы Незалежнасці, прайшоўшы такім чынам разам з Хрыстом у Эўхарыстыі па цэнтральнай транспартнай артэрыі беларускай сталіцы — праспекце Незалежнасці.

Падчас руху працэсіі, у якой бралі ўдзел тысячы вернікаў, у тым ліку маленькіх і пажылых, скаўты раздавалі ўсім патрабуючым пітную ваду.

Завяршылася працэсія каля чацвёртага алтара на плошчы Свабоды, перад архікатэдральным касцёлам Найсвяцейшага Імя Марыі, дзе да ўдзельнікаў прамовіў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Іерарх нагадаў, як у змрочныя савецкія часы змагання з рэлігіяй і пераследу веры адзіны святар, які падпольна служыў у Мінску, апрануты ў звычайнае свецкае адзенне і ў суправаджэнні невялікай групы вернікаў праносіў па горадзе Найсвяцейшы Сакрамэнт, хаваючы яго пад адзеннем і пакрыёма ім благаслаўляючы.

Цішком чыталася Евангелле, але ніякі пераслед не быў у стане цалкам заглушыць вечна жывое Божае Слова, якое сталася целам і заўсёды прабывае са сваім народам у Найсвяцейшым Сакрамэнце алтара.

 

 

Абноўлена 18.07.2019 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа