Пошук

21.03.2019 09:57   Catholic.by

ПАСТЫРСКІ ЛІСТ
КАНФЕРЭНЦЫІ КАТАЛІЦКІХ БІСКУПАЎ У БЕЛАРУСІ
НА ДЗЕНЬ СВЯТАСЦІ ЖЫЦЦЯ 25 САКАВІКА 2019 ГОДА

 Для Бога няма нічога немагчымага (Лк 1, 37).

Шаноўныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

Каталіцкі Касцёл ва ўсім свеце адзначае сёння ўрачыстасць Звеставання Пана. Літургічныя чытанні ў чарговы раз запрашаюць нас паглыбіцца ў цеплыню назарэтанскага дома, дзе Марыя, простая і пабожная дзяўчына, будуе планы на будучыню. Яна плануе выйсці замуж за Юзафа, якога вельмі любіць. Ён адорвае яе ўзаемным пачуццём. І вось аднойчы ў зямную рэчаіснасць Марыі ўваходзіць Бог, каб здзейсніць свой спрадвечны план: паслаць у свет свайго Сына Езуса Хрыста, Збаўцу чалавека. Яго Маці павінна стаць Марыя. Але ж гэтага не было ў Яе планах!

Вядома, Марыя — пабожная дзяўчына і выконвае ўсе рэлігійныя прадпісанні. Але Яна не магла падумаць аб тым, каб стаць маці Божага Сына. Яна не ведала, што ўжо ад зачацця Бог падрыхтаваў Яе цела і душу для прыняцця вялікай таямніцы Уцелаўлення. І таму Арханёл Габрыэль, які абвяшчае Ёй гэтую таямніцу, чуе не словы пярэчання альбо бунту, а пытанне: «Як гэта станецца, калі я не ведаю мужа?» Пасля тлумачэння, што ўсё станецца пад дзеяннем Святога Духа, Божы пасланец чуе толькі словы пакоры перад воляй Найвышэйшага (гл. Лк 1, 37). У сваёй пабожнасці і пакоры Марыя адкрылася для прыняцця Жыцця, якое з’яўляецца святым.

З гэтай прычыны ўжо шмат гадоў Касцёл у Беларусі і іншых краінах менавіта ва ўрачыстаць Звеставання Пана адзначае Дзень святасці жыцця.

Да гэтага нас заахвоціў святы Ян Павел ІІ у энцыкліцы Evangelium Vitæ («Евангелле жыцця»), падпісанай 25 сакавіка 1995 г. У гэтым дакуменце Святы Айцец прапанаваў, «каб штогод у кожнай краіне адзначаўся Дзень жыцця <…>. Трэба, каб гэты дзень быў падрыхтаваны і адзначаўся пры актыўным удзеле ўсіх вернікаў мясцовага Касцёла. Яго асноўная мэта — абудзіць у сумленні, у сем’ях, у Касцёле і ў свецкім грамадстве адчувальнасць да сэнсу і каштоўнасці чалавечага жыцця ў кожны момант і ў кожным стане: асабліва неабходна ўказваць, наколькі вялікім злом з’яўляюцца аборт і эўтаназія, аднак нельга абмінаць іншых момантаў і аспектаў жыцця, якія трэба кожны раз старанна абдумваць у кантэксце зменлівай гістарычнай сітуацыі» (пар. EV 85).

Гэты дзень нагадвае нам пра актуальныя праблемы, звязаныя з пашанаю да кожнага жыцця. Рэч не толькі ў праблеме абортаў, або забіванні яшчэ ненароджаных дзяцей, хоць яна адна з найбольш вострых. Трэба браць пад увагу «радасць, калі нараджаецца новае жыццё, пашану і волю да абароны кожнага чалавечага існавання, клопат пра таго, хто церпіць і патрабуе нашай дапамогі, блізкасць да старога і канаючага чалавека, спачуванне ў жалобе і жаданне несмяротнасці» (пар. EV 85).

Браты і сёстры! Беручы пад увагу пералічаныя праблемы, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў нашай краіны пастанавіла, што 2019 год будзе абвешчаны годам сям’і ў нашым Касцёле, а яго дэвізам стануць словы: «Сям’я — крыніца радасці і надзеі моладзі».

Такім чынам хочацца засяродзіцца на радасці і адначасова крызісе, звязаным з асноўнай ячэйкай грамадства — сям’ёю. Ад таго, якімі будуць нашыя сем’і, будзе залежаць будучыня Касцёла і Айчыны. Мы добра ведаем, што ўзор для нас — Святая Сям’я: Юзаф, Марыя і Езус. Але на практыцы часта атрымліваецца наадварот.

Сёння больш, чым калі-небудзь раней, сем’і знаходзяцца ў небяспецы. Але яны часта шукаюць дапамогі не ў Святой Сям’і, традыцыі і веры Касцёла, а ў забавах і ў тым, што прыносіць кароткачасовую радасць.

Свецкія ўлады прызнаюць «нармальнымі» і «стандартнымі» такія мадэлі паводзінаў, якія супярэчаць парадку, устаноўленаму Богам. Мы не можам падтрымліваць існуючае ў нашай краіне заканадаўства, якое дазваляе рабіць аборты. Нас непакояць распаўсюджванне ідэалогіі гендар, спробы ўвядзення такіх курсаў сексуальнай адукацыі ў школах, якія скіраваны на інструментальную падрыхтоўку дзяцей да палавых актаў, распаўсюджванне, асабліва сярод моладзі, сродкаў кантрацэпцыі, прапановы фінансавання з дзяржаўнага бюджэту першай спробы ЭКА.

Пералічаныя ініцыятывы толькі здаюцца добрымі і слушнымі. На самай жа справе яны не згодныя з натуральным правам, устаноўленым Богам, і імкнуцца да рэлятывізацыі каштоўнасці жыцця, а чалавека робяць нявольнікам зла.

Наступствам такога прававога парадку з’яўляецца 25 тыс. абортаў, якія штогод робяцца ў нашай краіне ў адпаведнасці з заканадаўствам. Касцёл не можа згаджацца з такой рэчаіснасцю.

Але гэта не ўсё. Узамен Касцёл прапануе сапраўдныя формы клопату пра годнасць і пашану да чалавечага жыцця і свабоды, згодныя з Божым і натуральным правам.

Сёння, калі мы ўжо ў 24-ы раз адзначаем Дзень святасці жыцця, Касцёл у Беларусі нагадвае нам пра нашыя абавязкі, якія вынікаюць з факту прыналежнасці да Хрыста. Нагадвае пра нашую адказнасць у справе абароны годнасці чалавечага жыцця. Кожны з нас нясе адказнасць перад Богам за намаганні на карысць абароны годнасці чалавека і яго жыцця. Але адказнасць ляжыць таксама на супольнасці Касцёла, і Касцёл яе не пазбягае. Фактычна ад самага пачатку свайго існавання ён ажыццяўляе служэнне дзеля абароны годнасці жыцця чалавека ад моманту зачацця ажно да натуральнай смерці. Служэнне сям’і і жыццю — гэта адно з прыярытэтных заданняў Касцёла ў Беларусі.

2019 год абвешчаны ў нашым Касцёле годам сям’і. Гэта час актыўнай працы і малітвы ў інтэнцыі абароны правоў, што датычацца годнасці чалавечага жыцця. Цэлы шэраг ініцыятываў, якія прапануюць на гэты год арганізацыі і рухі ў падтрымку сям’і, што існуюць у нашым Касцёле, з’яўляюцца для нас магчымасцю далучыцца да тых, хто штодня абараняе каштоўнасць і годнасць чалавечага жыцця.

Браты і сёстры, сярод розных ініцыятываў, звязаных з абаронай чалавечага жыцця, ёсць адна, на якую мы хочам звярнуць вашую ўвагу. Гаворка ідзе пра «Духоўнае ўсынаўленне».

Шмат гадоў яно практыкуецца ў нашай краіне і ў свеце і ўжо даказала сваю вартасць і эфектыўнасць. Дзякуючы сістэматычнай малітве многія маці, якія маюць сумненні адносна мэтазгоднасці нараджэння зачатага дзіцяці, вырашаюць усё ж такі нарадзіць яго. Чаму? Таму што, як сказаў арханёл Габрыэль Марыі, «для Бога няма нічога немагчымага». Кожны год ва ўрачыстасць Звеставання Пана мы публічна прымаем на сябе абавязак змагання за годнасць і святасць чалавечага жыцця. Кожны раз яно працягваецца дзевяць месяцаў.

Чым канкрэтна з’яўляецца «Духоўнае ўсынаўленне»? Гэта абяцанне Богу, сутнасць якога заключаецца ў малітве канкрэтнай асобы ў інтэнцыі ацалення жыцця дзіцяці, якому пагражае аборт і імя якога ведае толькі Бог.

«Духоўнае ўсынаўленне» — гэта штодзённая спецыяльная малітва ў інтэнцыі дзіцяці і яго бацькоў, а таксама адна з таямніцаў святога Ружанца і дабраахвотныя рэлігійныя практыкі: святая Камунія, пост, дабрачынная дзейнасць і г.д.

Браты і сёстры! Сёння, у Дзень святасці жыцця падчас года сям’і, мы заахвочваем да гэтай малітвы перадусім святароў і кансэкраваных асобаў. Вы можаце сваім прыкладам дапамагчы іншым, хто яшчэ не адважыўся на «Духоўнае ўсынаўленне».

Год таму падчас аўдыенцыі Святы Айцец Францішак казаў: «Няшмат ёсць тых, хто выступае ў абарону жыцця ў свеце, дзе кожны дзень прадукуецца ўсё больш зброі, прымаюцца чарговыя законы супраць абароны жыцця, развіваецца культура адкідання: адкідання таго, што здаецца непатрэбным, перашкодаю» (Папа Францішак, Агульная аўдыенцыя ў Рыме на плошчы Св. Пятра, 4 лютага 2018 г.).

Таму мы заклікаем усіх вернікаў і людзей добрай волі да велікадушнага ўдзелу ў «Духоўным усынаўленні» як форме малітвы за дзяцей, якім пагражае небяспека забойства пад сэрцам маці.

Дзень святасці жыцця — гэта цудоўная магчымасць паразважаць над сваім уласным жыццём і падзякаваць найперш Пану Богу, а таксама бацькам за дар жыцця. Сённяшняя ўрачыстасць разам з тым павінна стаць момантам перапрашэння за грахі супраць жыцця і малітвы аб пашане да чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці.

На высілак малітвы і ўчынкаў дзеля абароны жыцця і павагі да яго ад усяго сэрца ўдзяляем вам благаслаўленне ў імя Айца, † Сына і Святога Духа.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Мінск, 8 сакавіка 2019 г.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Біскуп Антоні Дзям’янка
Старшыня Рады па справах сям’і пры ККББ

P.S. Гэты ліст трэба абвясціць у дзень урачыстасці Звеставання Пана 25 сакавіка 2019 г. падчас св. Імшаў з удзелам вернікаў ва ўсіх касцёлах Беларусі.

Версія для друку ТУТ>>>

Пастырскі ліст па-польску ТУТ>>>

Абноўлена 25.03.2019 09:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа