Пошук

11.02.2019 12:56   Catholic.by

9 лютага ў грэка-каталіцкім храме Душпастырскага цэнтра св. Язэпа ў Мінску адбылося святкаванне памяці святых Кірыла і Мятода, апосталаў славянаў і апекуноў Еўропы, з нагоды 1150-й гадавіны спачыну св. Кірыла ў Рыме 14 лютага 869 г.

У межах свята адзначалася таксама 70-годдзе кс. архімандрыта Яна Сяргея Гаека МІС, Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі.

У святкаванні прынялі ўдзел Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч, кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк, кс. канонік Раман Факсінскі, настаяцель ксяндзоў мар'янаў у Беларусі кс. Міхал Цвячкоўскі МІС. Удзельнічалі таксама святары і дыяканы Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Кульмінацыйным момантам святкавання стала святочная Боская Літургія, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый.

У гаміліі прадстаўнік папы Францішка падкрэсліў значэнне дзейнасці святых Салунскіх братоў Кірыла і Мятода, якія, апярэдзіўшы час, нястомна неслі славянскім народам Божае слова на роднай мове.

«Святыя Кірыл і Мятод былі сапраўднымі піянерамі ў тым, што сёння называецца „інкультурацыяй“ – уключэнне веры ў культуру краіны, замест таго, каб навязваць сваю ўласную, — сказаў арцыбіскуп Пінтэр. — На працягу многіх стагоддзяў малое ўсведамленне важнасці інкультурацыі ў евангелізацыі выклікала непаразуменні, асуджэнні і нават яе затрымку. Сёння добра вядома, што вера сама па сабе не прывязаная ні да якой культуры, але яе неабходна ўкараняць у кожную з іх, як закваску, якая потым усё насякае Евангеллем».

«Святыя Кірыл і Мятод здолелі захаваць юнацкі дух да канца жыцця. — дадаў іерарх. — І цяпер мы павінны задаць сабе пытанне: а які дух ува мне? Ці адкрыты я на актуальнасць евангельскага паслання? Ці здольны перадаць яго маім бліжнім?»

«Мы таксама павінны старацца выходзіць да іншых, а не прымушаць іх адпавядаць нашым звычкам ці таму, што мы лічым за лепшае, — падкрэсліў Апостальскі нунцый. — Выходзіць да іншых, як Езус прыйшоў да нас, стаўшы чалавекам, прымаючы на сябе ўсё чалавечае, каб людзі змаглі Яго разумець і каб увесці іх у блізкасць з Богам».

Пасля Боскай Літургіі са словамі віншавання з нагоды 70-годдзя жыцця звярнуўся да архімандрыта Сяргея Гаека арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Архімандрыт Сяргей святкуе юбілей 70 гадоў жыцця, 45 гадоў святарства і 25 гадоў служэння ў Беларусі на чале Грэка-Каталіцкай Царквы, — сказаў іерарх. — Апошнія 25 гадоў жыцця архімандрыта Сяргея — гэта час руплівага служэння на беларускай зямлі Богу і Царкве. Гэта час ахвярнай працы па адраджэнні царкоўных структур Каталіцкай Царквы візантыйскай традыцыі ў плённым супрацоўніцтве з іерархіяй і духавенствам Рыма-Каталіцкага Касцёла. І гэта вельмі карысна для духоўнага дабра вернікаў».

Арцыбіскуп Габар Пінтэр у віншавальным слове да архімандрыта сказаў:

«Я хацеў бы выразіць Вам, вялебны ойча, мае самыя шчырыя пажаданні словамі Святога Айца Францішка: „Трываць на шляху веры, трываць на шляху да абяцання, трываць у служэнні Госпаду, заўсёды трываць“».

Віншаванні выказалі архімандрыту таксама прадстаўнікі грэка-каталіцкага духавенства і грэка-каталіцкіх парафій

Пасля Боскай Літургіі за святочным сталом шматлікія вернікі і госці мелі магчымасць асабіста павіншаваць архімандрыта з юбілеем.

Ксёндз архімандрыт Ян Сяргей Гаек нарадзіўся 8 лютага 1949 г. у Лышкавічах каля Ловіча (Польшча). Паходзіць з каталіцкай сям’і, сын Уладзіслава і Алены Гаекаў. У 1967 г. скончыў агульнаадукацыйны ліцэй у Ловічы і хацеў вывучаць славянскую філалогію ў Варшаўскім універсітэце. Аднак адмовіўся ад гэтай ідэі і ў жніўні 1967 г. уступіў у ордэн манахаў-марыянаў, «беручы пад увагу жывую традыцыю працы ў візантыйска-славянскім абрадзе, якая існуе ў гэтым манаскім ордэне».

У 1967–1974 гг. вучыўся на багаслоўскім факультэце Каталіцкага ўніверсітэта ў Любліне. Падчас вучобы кантактаваў з беларускім культурным і рэлігійным асяродкам у Лондане (між іншым з біскупам Чэславам Сіповічам, а. Робертам Тамушанскім). Вечныя манаскія абяцанні прыняў 15 жніўня 1973 г., прэзбітэрскае пасвячэнне — 23 чэрвеня 1974 г. у Гуры Кальварыі каля Варшавы.

У 1974–1976 гг. служыў у парафіі ў Глухалазах. Наступныя два гады паглыбляў багаслоўскія веды на тэалагічным факультэце Каталіцкага ўніверсітэта ў Любліне (кафедра параўнаўчага багаслоўя і экуменізму). Потым быў накіраваны ў Рым, дзе ў 1978–1983 гг. вучыўся ў Папскім усходнім інстытуце.

У лістападзе 1983 г. абараніў доктарскую працу і вярнуўся ў Польшчу. У 1983–1999 гг. вёў навукова-дыдактычную дзейнасць пры кафедры праваслаўнага багаслоўя ў Экуменічным інстытуце Каталіцкага ўніверсітэта ў Любліне.

У беларускія рэлігійныя справы а. Сяргей уключыўся ў другой палове 60-х гадоў. Гэтаму паспрыяла ягонае знаёмства з вязням савецкіх лагераў марыянінам-беларусам а. Тамашом Падзявам, які меў моцны інтэлектуальны і духоўны ўплыў на яго.

15 лютага 1993 г. папа Ян Павел ІІ прызначыў кс. Яна Сяргея Гаека МІС Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў у Беларусі. У 1996 годзе а. Сяргей атрымаў сан архімандрыта, а ў 1997 стаў кансультантам Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў.

Кс. архімандрыт Ян Сяргей Гаек МІС з’яўляецца аўтарам шматлікіх навуковых публікацый на розных мовах па літургіцы, марыялогіі, эўхарысталогіі, кірыла-мятодаўскай традыцыі і экуменічных адносінах Цэркваў на славянскім Усходзе.

Абноўлена 11.02.2019 12:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця