Пошук

25.01.2019 14:13   Тэкст: кс. Францішак Рудзь / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота. oroik.by

24 студзеня ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў адбылося першае ў гэтым годзе пасяджэнне Міжканфесійнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь» (БТРБ).

У яго склад уваходзяць прадстаўнікі розных хрысціянскіх веравызнанняў нашай краіны. БТРБ належыць да сусветнай арганізацыі Аб’яднаных Біблейскіх Таварыстваў, якія працуюць больш чым у 200 краінах свету з мэтай прапаведавання хрысціянскіх каштоўнасцяў.

БТРБ з’яўляецца рэлігійнай арганізацыяй, створанай у студзені 1992 г. і зарэгістраванай у Камітэце па справах рэлігій i нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнікі канфесій у арганiзацыi уваходзяць у склад Праўлення Таварыства, якое абіраецца вышэйшым органам Таварыства — Генеральнай канферэнцыяй. За доўгія i плённыя гады дзейнасці арганiзацыя не раз змяняла склад Праўлення i ўдзельнiкаў, кожны з якіх імкнуўся прынесцi новыя ідэі.

У 2019 г. у абноўлены склад Праўлення ад Каталіцкага Касцёла па прызначэннi арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, увайшлі кс. канонік Ян Крэміс, кс. канонік Францішак Рудзь i доктар бiблiйнай тэалогii Марына Пашук.

На першым сёлетнім пасяджэнні былі разгледжаны пытаннi аб новай рэдакцыi Статута БТРБ, а таксама прайшлi выбары выканаўчага дырэктара арганізацыі, якiм стаў кіраўнік адвентысцкага кніжнага цэнтра, пастар супольнасці адвентыстаў Сёмага Дня № 3 г. Мінска Георгій Мельнікаў.

Сёння таварыства вядзе актыўную і важную працу ў сферы задавальнення духоўных патрэбаў насельніцтва Рэспублікі Беларусь, шырокую выдавецкую дзейнасць, займаецца распаўсюджваннем хрысціянскай літаратуры, вывучэннем бiблейскай герменеўтыкі і перакладам Святога Пісання на беларускую мову, дабрачыннай дзейнасцю праз ажыццяўленне праектаў дапамогі розным катэгорыям насельніцтва, папулярызацыяй духоўна-маральнага багацця Бібліі, далучэннем грамадскасці да працэсу захавання, адраджэння i развіцця духоўных каштоўнасцяў.

Біблейскае таварыства з’яўляецца найбольш значным цэнтрам па распаўсюджванню Біблій і іншай духоўнай літаратуры ў краіне.

За час свайго існавання Біблейскае таварыства распаўсюдзіла ў Беларусі больш за 1 200 000 адзінак духоўнай літаратуры.

Таварыства актыўна супрацоўнічае з культурна-асветніцкімі арганізацыямі ў Рэспубліцы Беларусь i сродкамі масавай інфармацыі.

У сусветнай хрысціянскай супольнасці Біблейская таварыства адзначаецца сваёй прыхільнасцю да ідэй экуменізму і прапаведуе добрасуседскія адносіны паміж хрысціянскімі канфесіямі.

Абноўлена 25.01.2019 14:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.