Пошук

12.06.2018 08:16   Паводле: sdb.by / Catholic.by

9 чэрвеня прадстаўнікі салезіянскай сям’і ў Беларусі разам з Біскупскім вікарыем для г. Магілёва і Магілёўскай вобл. біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB у суправаджэнні моладзі наведалі Багданава (Валожынскі дэканат), каб павіншаваць мясцовага пробашча кс. Ігара Лашука, які распачынаў салезіянскую справу ў Мінску.

Нагодай для такога братняга візіту стала набліжэнне 25-годдзя святарства кс. Ігара, якое ён адзначыць 15 чэрвеня. Напярэдадні срэбнага юбілею сабрата, а для кагосьці — першага пробашча, духоўнага айца, настаўніка і выхаваўцы, у кожнага знайшліся для яго словы ўдзячнасці і шчырыя пажаданні далейшага плённага служэння на хвалу Божую і на карысць вернаму народу.

Падчас св. Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Яшэўскі, сабраныя дзякавалі Богу за гады святарскага служэння кс. Ігара Лашука. У сваёй гаміліі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі засяродзіў увагу на таямніцы святарства.

Іерарх падкрэсліў важнасць пашаны да рук святара, якія раздаюць Найсвяцейшае Цела Хрыста і маюць моц Божага благаслаўлення.

Біскуп Аляксандр узгадаў, што ведае кс. Ігара ўжо 28 гадоў, і выказаў словы ўдзячнасці за час супольнага з ім святарскага служэння, за радасці і цяжкасці, перажытыя разам.

«Як святар Езуса Хрыста, колькі людзей ты паспавядаў! Колькі разоў ты прамовіў святыя словы „Гэта чыніце на Маю памяць“, цэлебруючы Найсвяцейшую Ахвяру! Колькі дзетак і дарослых ахрысцілі твае святарскія рукі! Колькі людзей ты падрыхтаваў да шчаслівай і спакойнай смерці! Колькі сужэнскіх пар злучыў ты сваім благаслаўленнем у новыя хрысціянскія сем’і! Колькі гадзін прамаўляў на амбоне і ў катэхетычным класе, навучаючы верных! Колькі тых, хто дзякуючы табе і твайму служэнню адшукаў сэнс жыцця!» — падсумаваў галоўныя вынікі святарскага служэння юбіляра іерарх. Біскуп Яшэўскі не забыўся і пра тое, што намаганнямі і руплівасцю кс. Ігара быў адноўлены не адзін касцёл і не адна капліца, а таксама распачата будаўніцтва новых Божых святыняў, і пажадаў яму далейшых поспехаў у гэтай няпростай справе.

Пры гэтым біскуп падкрэсліў, што складана было б пералічыць усе заслугі юбіляра, але што ў небе яны ўсе вядомыя.

«Тут, на зямлі, мы жадаем сёння цалаваць твае святарскія далоні на знак удзячнасці за святую і адданую святарскую паслугу, у долі і нядолі, у здароўі і ў хваробе, сярод сяброў і сярод неразумення. Мы жадаем падзякаваць за гады тваёй святарскай вернасці», — сказаў на заканчэнне іерарх.

Са словамі віншавання звярнуўся да кс. Ігара дэлегат салезіянаў на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB, які падзякаваў юбіляру за ахвярную працу на салезіянскай ніве.

«Вы — гісторыя, а гісторыю трэба паважаць і ведаць!» — зрабіў выснову кс. Віктар.

У падарунак з нагоды срэбнага юбілею святарства кс. Ігару паднеслі 25 белых ружаў і келіх з патэнай на знак удзячнасці за кожны год служэння, а таксама як сімвал штодзённага самаахвяравання ў служэнні.

Пасля св. Імшы багданаўскі пробашч як гасцінны гаспадар сабраў сваіх дарагіх гасцей вакол святочнага стала, за якім яны разам прыгадалі пачатак дзейнасці салезіянскай сям’і ў Беларусі, першыя крокі і сумеснае служэнне ў Мінску.

Юбілейныя ўрачыстасці з нагоды 25-годдзя святарства кс Ігара Лашука запланаваны ў Багданаве на 16 чэрвеня.

Абноўлена 12.06.2018 21:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа