Пошук

21.10.2026 10:59   Паводле: _parafia_na_kalvarii / Catholic.by

Фота: з адкрытых крыніц

112 гадоў таму, ў цішыні кастрычніцкага спакою, нарадзіўся той, чыё імя стала сімвалам непахіснасці і нязломнасці духу.

Кардынал Казімір Свёнтэк — чалавек, які праз цемру XX стагоддзя пранёс у сабе незгасальнае святло веры.

Хіба не дзіўна, што чалавечая душа можа ператварыць крыўду ў малітву, а нянавісць — у прабачэнне? Як такое магло адбыцца? Магло. Ці не таму, што у сэрцы кардынала жыў Той, хто мацнейшы за ўсе зямныя буры і катаклізмы?

Калі муры ляжалі ў руінах, а званы маўчалі, хто, як не Казімір Свёнтэк, пачуў іх нябеснае рэха і вярнуў ім голас? Хіба пінская і мінская катэдры не сталі зноў жывымі дзякуючы яго рукам, што не толькі перабіралі кожную чарапічыну на даху пінскай катэдры, але і ўздымалі душы вернікай у неба, адраджаючы Касцёл у Беларусі?

Ці не таму кардынал так любіў фатаграфію і кінематограф, што ў кожным кадры бачый адбітак Божай прыгажосці? І хіба паэзія ды класічная музыка не былі для яго мовай, на якой нябёсы размаўляюць з зямлёй?
Ці не таму, нягледзячы на цяжар перажытага, ён заставаўся аптымістам, што ў кожным выпрабаванні бачыў промні надзеі? І хіба не душою рамантыка ён глядзеў на гэты свет, дзе нават шэрыя будні афарбоўваў у колеры нябеснай любові?

У спадчыну можна перадаць толькі тое, чым валодаеш. Няўжо чыйсьці духоўны вопыт можа дапамагчы самадастатковаму чалавеку XXI стагоддзя? Можа. Калі ў хвіліну роспачы і адчаю прыпомніш сабе простыя і без пафасу словы кардынала, што ідуць з сэрца:

«Еду я ў Варкуту ў гэтым цялячым вагоне, людзі лаюцца або шукаюць нейкі сэнс у гэтым усім, а я думаю: я ў руках Пана Бога, што б ні адбывалася, а я ў руках Пана Бога!»
Кардынал Казімір Свёнтэк вучыць нас, што святло мацнейшае за цемру, прабачэнне — за крыўду, а любоў мацнейшая за ўсё на свеце.

І хіба не таму праз 112 гадоў пасля нараджэння кардынала ў крыпце, дзе ён спачывае, стаяць чароўныя восеньскія хрызантэмы — сімвал любові і памяці? І хіба не таму мы зноў узгадваем яго жыццёвы шлях, каб, беручы прыклад з гэтага ахвярнага пастыра, знайсці Жывога Бога і не расставацца з Ім праз усё жыццё?

Абноўлена 21.10.2026 11:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця