Пошук

19.10.2026 19:09   Паводле: Svjazep.org / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У суботу, 17 кастрычніка 2026 года, у капліцы святога Яна Хрысціцеля ў Мінску адбыліся уводзіны ў служэнне новапрызначанага Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі айца Лявонція Тумоўскага.

На прыступках запоўненага вернікамі храма архімандрыт Сяргей Гаек, айцец Яўген Усошын (канцлер Апостальскай адмінстратуры) і айцец Лявонцій сустракалі шаноўнага госця — Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа.

Перад пачаткам літургіі да прысутных звярнуўся архімандрыт Сяргей. Ён прывітаў арцыбіскупа Іньяцыё, а таксама Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага, арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча, біскупаў, святароў і вернікаў, што прыбылі на ўрачыстасць.

Ва ўступным слове нунцый падзякаваў Богу і Папу Льву XIV за прызначэнне новага Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі:

«Гэта не проста адміністрацыйная змена царкоўнай адзінкі, а крок да аднаўлення даверу Богу. Вернікі візантыйскага абраду ў Беларусі — малы статак, але гэта не змяншае вашай важнай ролі ў будаўніцтве Валадарства Божага на зямлі».

Перад сабранымі быў прачытаны дэкрэт Дзяржаўнага Сакратарыяту Апостальскай Сталіцы, у якім было абвяшчана што 14 верасня 2026 года Святы Айцец Леў ХIV прызначыў айца Лявонція (Аляксандра) Тумоўскага M.S.U. Апостальскім адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі.

Таксама быў прачытаны дэкрэт Дыкастэрыі Усходніх Касцёлаў ад 17 кастрычніка 2026 (N. 50/2023), у якім — ад імя Льва XIV — Дыкастэрыя надала айцу Лявонцію годнасць Архімандрыта, у адпаведнасці з канонам 388 Кодэкса канонаў Усходніх Касцёлаў.

Пасля гэтага Апостальскі нунцый здзейсніў абрад хіратэсіі, гэта значыць пастаўлення айца Лявонція ў сан архімандрыта і ўвёў новага іерарха на пасаду Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі.

Архімандрыт Лявонцій узначаліў Боскую Літургію. Падчас гаміліі ён звярнуў увагу на малітву Езуса за сваіх вучняў «каб усе былі адно». Ён падкрэсліў, што кожны, хто паверыць Нябеснаму Айцу, носіць імя Божага дзіцяці. Гэта сапраўдны дар, але і вялікае заданне — сведчыць аб годнасці хрысціяніна і дзяліцца радасцю і мірам з тымі, каго сустракаем штодня.

Абноўлена 19.10.2026 20:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця