З 5 па 9 кастрычніка ў Доме Святой Тройцы Таварыства Божага Слова (вербістаў) у Баранавічах прайшлі рэкалекцыі для кармэлітаў босых з усёй Беларусі. У духоўных практыкаваннях удзельнічалі браты, якія жывуць і служаць у Гудагаі, Мядзелі, Нарачы і Мінску.
Пяць дзён былі прысвечаны супольнай малітве і слуханню Божага слова. Рэкалекцыі правёў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Кожны дзень браты збіраліся на святую Імшу і разам цэлебравалі Літургію Гадзін. Раніцай і ўвечары яны мелі па гадзіне на медытацыю. Быў таксама час на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту — малітву перад Езусам Хрыстом, рэальна прысутным у Эўхарыстыі. Манахі разам елі, а расклад дня пакідаў прастору для адпачынку і дзялення думкамі.
Біскуп Юрый Касабуцкі прамаўляў жывой і даступнай мовай. Свае разважанні рэкалекцыяніст распачаў з тэмы пустыні. У ягоным разуменні пустыня — гэта не месца ўцёкаў ад рэальнасці, а прастора праўды, дзе чалавек стаіць без масак і слухае Бога. Аднак яна не з'яўляецца самамэтай — з пустыні заўсёды ідуць да братоў. Менавіта ў штодзённасці супольнага жыцця — за сталом, у калідоры ці ў закрыстыі высвятляецца, як чалавек зразумеў тое, што пачуў на асабістай сустрэчы з Богам.
Першае пытанне, якое паставіў іерарх, гучала: хто мой брат? Адказ не заўсёды просты. Брат — гэта той, хто выконвае волю Айца, каму патрэбна дапамога, а таксама вораг.
Біскуп не абмінуў і тэмы паклікання. Нагадаў, што менавіта Бог выбірае чалавека — не таму, што той быў добрым, але для таго, каб сфармаваць яго паводле сваёй волі. Рэкалекцыяніст гаварыў пра трыванне ў Хрысце на ўзор галінак на вінаграднай лазе. Ён падкрэсліў, што ачышчэнне прыносіць боль, бо яно б’е па чалавечых амбіцыях і падманным пачуцці самадастатковасці, аднак без яго няма плёну. Братэрскую любоў біскуп паказаў як наследаванне Хрыстовай любові «як Я вас палюбіў» (Ян 13, 34), а манаскія абяцанні — як дар ад Бога. Усе гэтыя думкі ён падмацоўваў спасылкамі на Святое Пісанне і Айцоў Касцёла.
Канферэнцыі былі рэалістычнымі. Біскуп не прадстаўляў манаскае жыццё выключна ў светлых фарбах. Адкрыта казаў пра крызісы, духоўную сухасць, стомленасць, а таксама пра спакусу актывізму, які вядзе да выпальвання. Іерарх папярэджваў, што чалавечае сэрца не церпіць пустэчы — калі яго не напоўніць жывая прысутнасць Хрыста, чалавек паддасца слабасцям.
Але біскуп нагадваў: крыж, пад якім стаіць чалавек у сваім пакліканні, ніколі не з'яўляецца самамэтай — ён вядзе да ўваскрасення.
Праз канкрэтныя евангельскія вобразы біскуп акрэсліў глыбокі сэнс манаскага служэння і паклікання. Прыклад міласэрнага самараніна стаў наглядным заклікам да дзейснай любові, здольнай ахінуць клопатам кожнага, хто патрабуе дапамогі, а гісторыя Марты і яе сястры Марыі нагадала пра прыгажосць сузірання Хрыста сярод штодзённых абавязкаў. Узгадваючы апосталаў, якія разам з Маці Божай адзінадушна трывалі на малітве, іерарх паказаў сілу супольнасці, здольнай пераадолець любыя ўнутраныя падзелы, што пагражаюць адзінству. Галоўным жа акцэнтам навучання стала абвяшчэнне перамогі: Хрыстус, які сілаю Божаю перамагае зло і злых духаў, заўсёды застаецца побач. Яго ласка мацнейшая за любыя чалавечыя слабасці, і Ён абавязкова дапаможа кожнаму трываць у пакліканні, прыносячы багаты плён. Кожная з гэтых сцэн была для братоў люстэркам, паказвала, што значыць трываць у Хрысце і ісці за Ім у штодзённасці. Біскуп кожную евангельскую сцэну наўпрост звязваў з рэальным штодзённым жыццём у кляштары. Іерарх паказваў, як менавіта гэтыя словы Хрыста павінны працаваць на практыцы: у адносінах паміж братамі, у супольнай працы і ў штодзённых абавязках.
На заканчэнне рэкалекцый біскуп заклікаў братоў трываць далей і заставацца вернымі Хрысту ў паўсядзённым жыцці і служэнні там, дзе яны знаходзяцца.
Перад вяртаннем браты правялі сустрэчу, на якой абмеркавалі справы сваіх супольнасцей, беларускага вікарыяту і ўсяго ордэна. Узбагачаныя духоўна, кармэліты босыя раз’ехаліся па дамах, каб далей служыць Пану Богу і людзям.








































