Пошук


4 верасня, ва ўспамін благаслаўлёных навагрудскіх назарэтанак-мучаніц, у гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі прайшла цырымонія ўстанаўлення новага кіраўніцтва Беларускай правінцыі Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

Новай правінцыйнай настаяцельніцай стала сястра Антонія Шайгярэвіч, у склад новага кіраўніцтва ўвайшлі сёстры Агата Смольская, Ёзэфа Канаева і Мірыям Пэцнік.

Цырымоніі папярэднічала набажэнства, на якім дзякавалі Богу за шасцігадовы перыяд дзейнасці ранейшага кіраўніцтва (у яго ўваходзілі сястра Філатэя Ціхановіч, якая была правінцыйнай настаяцельніцай, сёстры Лаўра Шукяловіч, Клара Волчак і Віргінія Хацян), за добрыя падзеі і цяжкасці, якія былі ў гэты час, і за вернасць беларускіх назарэтанак харызме сваёй супольнасці.

У ходзе абраду ўстанаўлення новага кіраўніцтва сёстры далі абяцанне вернасці сваёй місіі, сястра Філатэя перадала сястры Антоніі знакі адказнасці правінцыйнай настаяцельніцы — хлеб (сімвал клопату аб сёстрах і супольнасці) і пячатку правінцыі.

Таксама адбылася літургія знакаў, якая выражае адзінства правінцыі, тое, што назарэтанкі згодна з евангельскім вучэннем даручаюць сябе Богу і адкрываюцца на Яго волю, і тое, што іх служэнне — працяг ахвярнай місіі навагрудскіх мучаніц з мэтай устанаўлення Божага Валадарства на зямлі. Сёстры памаліліся за новае кіраўніцтва і аб дарах Духа Святога для яго, паабяцалі ўзаемную падтрымку.

Пасля цырымоніі адбылася святая Імша, якую цэлебраваў у інтэнцыі ранейшага і новага кіраўніцтва правінцыі назарэтанак рэктар касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ксёндз канонік Антоні Грэмза.

Абноўлена 09.09.2026 11:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа