Пошук

14.08.2026 12:24   Тэкст і фота: Марына Сінкевіч / catholicnews.by / Catholic.by

12 жніўня вёска Дзеркаўшчына на Глыбоччыне (Віцебская дыяцэзія) сабрала юных католікаў з трох парафій, каб разам праславіць Бога, пазмагацца ў спаборніцтвах і адчуць сапраўднае братэрства.

Сёлетняя Парафіяда, якая ўжо восьмы раз аб’ядноўвае дзяцей і моладзь Віцебскай дыяцэзіі, прайшла пад дэвізам «Святы Францішак, вядзі нас да Хрыста!». Удзел у ёй прынялі каманды з Глыбокага, Германавічаў і гаспадары дзеркаўшчынцы.

Супольнасць, якую не зламаць

Распачалося мерапрыемства святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У сваім прывітальным слове ардынарый падкрэсліў, што Парафіяда гэта не проста гульні і конкурсы:

«Гэта вельмі важнае мерапрыемства, каб адчуць сяброўскае плячо бліжняга, адчуць дух каманды, адчуць прысутнасць Езуса сярод нас».

У гаміліі біскуп звярнуўся да вядомай прытчы пра пруты, якая найлепш перадае сэнс супольнага быцця. Адзін бацька папрасіў сваіх сыноў зламаць па аднаму пруціку кожны лёгка справіўся з гэтым. А калі ён звязаў пруты разам, ніхто не змог разбурыць гэтай сувязі. «Вось гэта важна, звярнуўся да ўдзельнікаў біскуп Алег. Калі мы штосьці робім разам і звязвае нас у супольнасць, то нельга нас «зламаць». Таму Езус і кажа, што «дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх». Езус ёсць тым, хто звязвае людзей і дазваляе ім быць разам, каб іх не зламаць».

Таленты без межаў

Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі перайшлі да творчай часткі, якая ў гэтым годзе была прысвечана святому Францішку Асізскаму. У катэгорыі «Тэатр» каманды прадставілі свае візітныя карткі. Дзеркаўшчынцы падзяліліся вопытам дзейнасці Францішканскага ордэна свецкіх у сваёй парафіі, глыбачане расказалі пра заснаванне і служэнне сясцёр францішканак Сям’і Марыі ў Глыбокім.

Асаблівым выпрабаваннем стала пантаміма «Бог ёсць Любоў!» мастацтва без слоў, зразумелае кожнаму без перакладу. Юныя артысты паказалі, што сапраўдная вера не мае моўных бар’ераў. Завяршылася творчая частка сакральнымі спевамі «Праслаўлены будзь Пане» і «Каралева супакою».

Святы Францішак — сучасны герой

Цікавай і нечаканай стала канферэнцыя, якую прамовіў ксёндз Славамір Самковіч, пробашч з Пагошчы. Святар знайшоў асаблівы падыход да дзяцей і моладзі, пераклаўшы жыццё святога Францішка на зразумелую сучасную мову. Ён засяродзіў увагу на тэме любові і прабачэння менавіта ў гэтым, па словах святара, заключаецца сэнс шляху святога Францішка да Бога.

«Не бойцеся цяжкасцей і выпрабаванняў у жыцці, заахвоціў ксёндз Славамір. Бо не адзін святы не нарадзіўся ідэальным і адразу святым. Усё ў вашых руках. Святымі не нараджаюцца, святымі становяцца».

Веды, творчасць і спорт

Праграма Парафіяды была насычанай і разнастайнай. Падчас конкурсу ведаў адны ўдзельнікі адказвалі на пытанні па Евангеллі паводле апостала Яна, іншыя спаборнічалі ў дасведчанасці пра жыццё святога Францішка Асізскага, а самыя таленавітыя малявалі яго ў служэнні.

Не абышлося і без спартыўных спаборніцтваў. З-за невялікай колькасці ўдзельнікаў было вырашана скараціць колькасць дысцыплін, але гэта не паменшыла запалу. Юныя спартсмены змагаліся ў настольным тэнісе і пляжным валейболе, паказваючы не толькі фізічную сілу, але і камандны дух.

Залатыя кубкі і сардэчная падзяка

Усе ўдзельнікі атрымалі ганаровыя граматы, а пераможцы ў катэгорыях дыпломы і памятныя кубкі. У агульным заліку перамогу атрымала каманда з Глыбокага, якая ў падарунак атрымала сертыфікат на 1000 рублёў. Але галоўнай узнагародай для ўсіх сталі новыя знаёмствы і радасць супольнай справы.

На заканчэнне арганізатар парафіяды ксёндз канонік Валерый Орсік шчыра падзякаваў усім, хто далучыўся да падрыхтоўкі і правядзення свята.

Словы ўдзячнасці гучалі ў адрас парафіян за малітоўную падтрымку і ўпрыгожванне святыні, гаспадынь за смачныя пасілкі, аніматараў за арганізацыю спаборніцтваў, духоўных асоб за падрыхтоўку канкурсантаў.

І, канешне, самім удзельнікам за прысутнасць, дух сяброўства, падтрымку і актыўны ўдзел.

Завяршыўся дзень адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманта удзельнікі падзякавалі Езусу за гэты прыгожы дзень са святым Францішкам, за новыя знаёмствы і спаборніцтвы, за дух каманды. Крыху стомленыя, але з радасцю і новымі эмоцыямі, яны раз’ехаліся па хатах, каб праз год зноў сустрэцца на Парафіядзе ужо дзявятай па ліку.

Абноўлена 14.08.2026 12:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця