Пошук


24 мая ў гродзенскім мікрараёне Альшанка адбылося асвячэнне касцёла Святога Духа.

Падзея, якая прайшла ў адпустовую ўрачыстасць парафіі (у гэты дзень святкавалася Пяцідзясятніца), стала вельмі важнай для парафіяльнай супольнасці, якой належыць гэты касцёл, і для ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі, якая адзначае сваё 35-годдзе. Касцёл пабудаваны з чырвонай цэглы ў класічным стылі, у форме крыжа, звонку ўпрыгожаны рэльефнымі выявамі, каля яго знаходзіцца аднапавярховы парафіяльны дом.

У падзеі ўдзельнічалі пяцёра беларускіх каталіцкіх іерархаў. Абрад асвячэння (адданне касцёла ў выключную ўласнасць Богу) здзейсніў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, гамілію на Імшы, на якой адбылося асвячэнне, прамовіў старшыня беларускага каталіцкага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Прысутнічалі першы ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, які ў 2012 годзе выдаў дэкрэт аб заснаванні гэтай парафіі, а праз тры гады здзейсніў благаслаўленне зямлі і крыжа на месцы будаўніцтва касцёла, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, які шмат разоў узначальваў урачыстасці ў гэтай парафіі, і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, які ў сёлетні Вялікі пост праводзіў у парафіі велікодныя рэкалекцыі.

Прысутнічала іншае духавенства, кансэкраваныя асобы, вернікі гэтай і іншых гродзенскіх парафій.

Літургія ўключала разнастайныя сімвалы і знакі — сярод іх урачыстае адкрыццё дзвярэй касцёла, якое распачало святкаванне, уваход у касцёл спачатку духавенства, а затым іншых удзельнікаў.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі засяродзіў увагу на важнасці святыні для чалавека. Ён нагадаў пра вялікія старанні, прыкладзеныя парафіянамі і дабрадзеямі ў будаўніцтве святыні, назваў клопат аб будаўніцтве выразам глыбокай веры Божага народа і сведчаннем прывязанасці да супольнасці Касцёла.

Іерарх нагадаў і пра старанні пробашча парафіі ксяндза каноніка Паўла Салабуды, адзначыўшы, што ён разам з вернікамі гэтага маладога гродзенскага раёна ўзяўся за будаўніцтва як «жывой святыні» з людзей, стварыўшы жывую і энергічную супольнасць, так і святыні матэрыяльнай, прыгажосць якой выразна бачная цяпер.

Старшыня епіскапату заклікаў парафіян заўсёды адчуваць адказнасць за сваю святыню і за Касцёл, якім кіруе Дух Святы, чый тытул носіць гэтая парафія і чыя ўрачыстасць адзначалася ў гэты дзень.

Біскуп Уладзімір Гуляй у слове ў канцы літургіі звярнуў увагу на тое, што касцёл «ніколі не будуецца толькі з каменя, бетону, дрэва ці чалавечага майстэрства», а найперш «з веры людзей, з іх малітвы, з іх надзеі, з іх ахвярнасці, штодзённай працы, даверу Богу нават тады, калі шлях аказваецца няпростым, доўгім». Таму, па словах іерарха, гэтая ўрачыстая падзея з’яўляецца перадусім «святам жывога Касцёла — супольнасці вернікаў, якая пад дзеяннем Духа Святога працягвае расці, служыць, маліцца і сведчыць аб Хрысце ў сучасным свеце».

Выказваючы падзяку іерархам, іншым прысутным, парафіянам і ўсім, хто прычыніўся да будаўніцтва і гэтага святкавання, біскуп таксама звярнуўся з асаблівымі словамі да пробашча — назваў гэты дзень плёнам яго «веры, настойлівасці, любові да Касцёла, адказнасці і руплівай святарскай працы, якая патрабавала не толькі арганізацыйных здольнасцяў і вялікай чалавечай адданасці, але і мужнасці, цярплівасці, унутранай трываласці і пастаяннага даверу Божаму Провіду».

«Будаваць святыню — гэта заўсёды нешта значна большае, чым толькі ўзводзіць сцены і дах. Гэта азначае збіраць людзей вакол агульнай мэты, падтрымліваць надзею тады, калі прыходзяць цяжкасці, шукаць рашэнні там, дзе чалавечымі вачыма яны не заўсёды відавочныя, і пры гэтым заставацца перадусім святаром – чалавекам алтара, чалавекам малітвы, чалавекам Божага народа», — дадаў біскуп.

Ён заахвоціў прысутных «заўсёды памятаць, што нават самая прыгожая святыня не выканае свайго сапраўднага прызначэння, калі не будзе жывой святыні чалавечага сэрца, адкрытага на Бога, на Яго ласку, на Яго слова і на дзеянне Духа Святога». Іерарх пажадаў, каб новы касцёл быў «школай малітвы, домам прымірэння, прасторай духоўнага аднаўлення, месцам адкрытых сэрцаў і супольнасцю людзей, якія не баяцца жыць Евангеллем і быць мужнымі сведкамі Хрыста»; каб там «не згасаў агонь Эўхарыстыі, жыла любоў да Божага слова».

«Няхай Дух Святы, які сёння асаблівым чынам асвяціў гэтую святыню і нашыя сэрцы, вядзе гэтую парафію, нашу Гродзенскую дыяцэзію і ўвесь Касцёл шляхам вернасці, еднасці, святасці і адважнага сведчання Евангелля»,

— сказаў біскуп.

Пробашч з выразам радасці на твары падзякаваў усім, хто духоўна і матэрыяльна прычыніўся да будаўніцтва касцёла, у тым ліку дабрадзеям, ахвярадаўцам, сваім парафіянам, людзям добрай волі. Ён адзначыў, што гэтую парафіяльную супольнасць з самага пачатку вядзе Дух Святы, які з’яўляецца галоўнай прычынай таго, што супольнасць з Божай дапамогай і чалавечым удзелам змагла выканаць гэтую задачу.

Абноўлена 26.05.2026 23:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця