Пошук

22.05.2026 08:44   Catholic.by

Фота: dioceseofcleveland.org

На 24 мая, калі адзначаецца ўрачыстасць Спаслання Духа Святога (Пяцідзясятніца), Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня ККББ, кіруе вернікам сваё пастырскае слова.

Пастырскае слова
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
на ўрачыстасць Спаслання Духа Святога

«Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас, прыміце Духа Святога:
СУПАКОЙ ВАМ» (пар. Ян 20, 19–23)

Умілаваныя браты і сёстры!

Урачыстасць Спаслання Духа Святога, якая сёння адзначаецца ў Паўсюдным Касцёле, — адна з найважнейшых падзей літургічнага года, якая завяршае пяцідзясяцідзённы Велікодны перыяд. Сапраўды, тры найважнейшыя ўрачыстасці літургічнага года прысвечаны тром Асобам Найсвяцейшай Тройцы.

  • Божае Нараджэнне з’яўляецца святам Бога Айца, таму што гэта свята Божага Айцоўства — Спрадвечны Айцец пасылае свайго адзінароднага Сына на зямлю, каб Ён адкупіў грэшнае чалавецтва.
  • Вялікдзень — гэта свята Бога Сына, які пасля мукі і смерці на крыжы ўвянчаў справу Адкуплення Уваскрасеннем.
  • А Спасланне Духа Святога, Пяцідзясятніца — гэта свята трэцяй Боскай Асобы, Святога Духа, якога Айцец і Сын спасылаюць у свет, каб Ён мог завяршыць справу збаўлення.

Як піша святы Лука ў Дзеях Апосталаў, Езус Хрыстус спаслаў Духа Суцяшыцеля апосталам, сабраным у Вячэрніку, каб умацаваць іх. І ўсе «напоўніліся Духам Святым». З гэтага моманту апосталы становяцца іншымі людзьмі. Яны выходзяць з Вячэрніка і, адчуваючы, што сталі незвычайна моцнымі, апосталы не баяцца натоўпу, сабранага ў Ерузалеме, не баяцца ганіцеляў, не баяцца нікога, акрамя Бога. І яны не губляюць ні хвіліны, каб падзяліцца сваёй радасцю, упэўненасцю ў Добрай Вестцы, што Езус ёсць Месія. Яны былі ажыўлены Духам Святым, яны атрымалі Яго дары. З гэтага моманту апосталы сталі адухоўленымі, сталі мужнымі і адважнымі, для іх адкрыўся звышнатуральны свет. Цяпер яны ўжо гатовыя абвяшчаць вучэнне Хрыста, нягледзячы на небяспеку, бо яны ўжо не баяцца тых, «хто можа забіць цела», яны жадаюць служыць Богу, які «мае жыццё вечнае». Святы Лука канстатуе, што пасля першай прамовы Пятра ў гэты дзень ахрысцілася каля трох тысяч людзей. З гэтага моманту апосталы павядуць да Бога шматлікія душы, іх жыццё будзе Божым жыццём паводле замыслу і волі Нябеснага Айца.

Мае дарагія. Так пачынаецца новы этап — час Касцёла, які, ажыўлены дарам з нябёсаў, пачынае абвяшчаць радасную вестку пра збаўленне ў Хрысце, пачынае першую евангелізацыю. Дух Святы знаёміць супольнасць вернікаў з глыбейшым разуменнем таямніцы Хрыста, даючы ім разуменне Святога Пісання, робіць здольнымі вернікаў да сведчання ў свеце, кіруе лёсам Касцёла, стварае новыя ініцыятывы, выбірае місіянераў. «Дух Святы — крыніца жыцця Касцёла. Дух Святы — душа Касцёла. Без Яго не можа быць ні веры, ні надзеі, ні любові, — нагадваў святы Ян Павел II. Менавіта Ён абуджае харызмы, распальвае малітву, вядзе да адзінства і аднаўляе аблічча зямлі».

Спасланне Духа Святога азначае стварэнне Касцёла — супольнасці, пасланай да ўсіх народаў, а не прызначанай якому-небудзь аднаму асяродку ці культуры. Як вучыць Другі Ватыканскі Сабор, Касцёл — гэта «своеасаблівы сакрамэнт аб'яднання людзей з Богам і будавання еднасці чалавечага роду».

Словы Хрыста пра тое, што брамы пекла не перамогуць яго, даказваюць, што дабро, арганізаванае самім Богам, не можа быць знішчана на зямлі. За ўсю гісторыю Касцёла, якая ахоплівае ўжо дваццаць стагоддзяў, мы ведаем, якія магутныя былі ўдары зла — ці праз пераслед, крызісы ўнутры Касцёла, праз падзелы. Аднак Касцёл функцыянуе аднолькава добра, калі дасягае поспеху, як і тады, калі жыве пры святле лямпаў, размешчаных пад зямлёй у катакомбах. Гэтая трываласць Касцёла супраць дзеяння зла дае нам упэўненасць. Мы жывем у час, калі зло ўсё больш атакуе Касцёл, калі ў свеце ўсё больш вернікаў гіне з-за пераследу за веру, і мы часта бездапаможныя перад гэтым злом, здаецца, што яно застаецца беспакараным, што высмейвае дабро, якое яно або эксплуатуе, або знішчае. Аднак не зло з'яўляецца гаспадаром сітуацыі, а Святы Дух, які напаўняе Касцёл. Таму сённяшняе свята напоўнена аптымізмам. Кожны з нас як ахрышчаны чалавек мае Божага Духа, які дапамагае нам сведчыць пра праўду і любоў нават у самых цяжкіх сітуацыях. Мы не адны, бо належым да супольнасці людзей добрай волі, якіх лучыць у адно Дух Пана. Сёння мы дзякуем за Хрыстовы Касцёл, за натхненні Духа Святога для нашага Касцёла ў Беларусі, асабліва за 35 гадоў адраджэння яго структур, і за ласку, якая дае нам магчымасць належаць да яго, бо ён мае гарантыю, што брамы пекла не перамогуць яго.

У Рыме, у катакомбах святога Калікста, нядаўна быў знойдзены надпіс, які паходзіць з самага пачатку Касцёла: «Жыві ў Духу Святым». Як жа першыя хрысціяне разумелі неабходнасць жыць у Духу, быць адданымі Яго кіраўніцтву і слухаць Яго натхненні! Нам, хрысціянам ХХІ стагоддзя, трэба вучыцца сведчанню і глыбокай веры першых хрысціянаў і імкнуцца жыць у Духу Святым, бо Дух Святы — гэта Пан і Жыватворца, як мы кажам у Сімвале веры.

І няма больш адпаведных слоў, каб апісаць, Кім ёсць Дух Святы. Ён — Пан, і таму ёсць Богам, адной з Асобаў Святой Тройцы. І няма больш адпаведнага тэрміна для таго, што робіць Дух Святы: Ён ёсць Жыватворца, гэта значыць, што Ён ажыўляе: ажыўляе нашу веру, наша духоўнае жыццё, наша хрысціянства.

Любыя браты і сёстры, кожны з нас асабіста перажыў ужо дзень Пяцідзясятніцы. Спачатку гэта адбылося ў сакрамэнце хросту, а потым падчас сакрамэнту канфірмацыі. Тады мы былі напоўнены Духам Святым, які ўнутры нас і хоча дзейнічаць. Мы маем Яго, але ці мае Ён нас? Сапраўды, сённяшні дзень, гэтае цудоўнае свята Спаслання Духа Святога прызначана для таго, каб мы сказалі Яму: так, Духу Святы, аддаюся Табе, дзейнічай ува мне і праз мяне. Дзейнічай, Духу Святы, ва ўсім Касцёле і дзейнічай ува мне, перамяняй мяне, навяртай мяне, дай мне жывое сэрца, чулае сэрца, сэрца, якое ўмее любіць. Папа Францішак зазначаў, што «Дух Святы не належыць ні да мінулага, ні да будучыні — Ён ёсць сёння. Ён дзейнічае тут і цяпер».

У Дзеях Апосталаў гаворыцца, што ў дзень спаслання Духа Святога ў Ерузалеме было мноства людзей рознага паходжання, якія прыбылі на свята Торы, і тым не менш, «кожны з іх чуў, што апосталы гавораць на ягонай мове». І таму ў дзень Пяцідзясятніцы дзверы Вячэрніка адчыняюцца, бо Дух адчыняе межы. Як сцвярджаў Папа Бэнэдыкт XVI «Дарам Духа Святога ёсць разуменне. Дух пераадольвае падзел, які пачаўся ў Бабілёне, — знішчае блытаніну ў сэрцах, якая нараджае варожасць паміж намі, — і адчыняе межы».

Папа Леў XIV зазначае, што сапраўды «Дух пераступае межы і разбурае сцены абыякавасці і нянавісці, бо «Ён вучыць нас усяму» і «нагадвае нам словы Езуса» (пар. Ян 14, 26). Таму, перш за ўсё, Ён вучыць, нагадвае і запісвае ў нашых сэрцах запаведзь любові, якую Пан паставіў у цэнтр і на вяршыні ўсяго. А там, дзе ёсць любоў, там няма месца для стэрэатыпаў, для бяспечнай дыстанцыі, якая аддаляе нас ад бліжніх.

Браты і сёстры, гэта дзень Пяцідзясятніцы, які аднаўляе Касцёл, які аднаўляе свет, які аднаўляе кожнага з нас! Услед за папам Львом XIV сёння я заклікаю: «Няхай магутны вецер Духа сыдзе на нас і ў нас, няхай ён адкрывае межы нашых сэрцаў, няхай ён адорвае нас ласкаю сустрэчы з Богам, няхай пашырае гарызонты любові і няхай падтрымае нашы намаганні на карысць будавання свету, у якім пануе спакой. «Дух адкрывае межы ў нашых адносінах, гаворыць Папа Леў XIV. — Езус кажа, што гэты Дар — гэта любоў паміж Ім і Айцом, якая прыбывае, каб пасяліцца ў нас. А калі Божая любоў жыве ў нас, то мы становімся здольнымі адкрыцца на нашых братоў і сясцёр, становімся здольнымі пераадолець сваю ўпартасць, перамагчы страх перад тымі, хто іншы, спраўляцца з жарсцямі, якія ў нас бушуюць.

Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, Жанчына Пяцідзясятніцы, Дзева, напоўненая Духам Святым, Маці, поўная ласкі, суправаджае нас і заступаецца за нас». Няхай Тая, якая суправаджала апосталаў у момант Пяцідзясятніцы, тая, якую мы ў Ларэтанскай літаніі называем святыняй духоўнай, суправаджае нас у кожную гадзіну нашага жыцця і дапамагае нам прыняць і добра выкарыстоўваць дары, з якімі прыходзіць да нас Боскі Параклет, Боскі Суцяшыцель. Таму просім: Духу Святы, прысутнічай ў нашым жыцці кожны дзень — у хвіліны радасці і смутку, у рашэннях і паўсядзённых справах. Давайце памятаць, што Дух Святы — гэта не толькі той, хто дае мудрасць і сілу, але і праваднік, сябар і крыніца любові.

На радаснае перажыванне Урачыстасці Спаслання Духа Святога ад шчырага сэрца благаслаўляю: у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

 

  Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 14 мая 2026 года
Урачыстасць Унебаўшэсця Пана

Абноўлена 22.05.2026 12:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа