Пошук

18.04.2026 23:23   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

18 красавіка ў катэдры святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне адбылася Імша падзякі Богу з нагоды 35-годдзя з часу заснавання Гродзенскай дыяцэзіі і адраджэння структур Каталіцкага Касцёла на Беларусі. З гэтай нагоды ў той жа дзень распачалася перэгрынацыя па ўсіх касцёлах Гродзенскай дыяцэзіі абраза яе галоўнай Апякункі  Маці Божай Міласэрнасці.

35-ю гадавіну з часу заснавання дыяцэзіі нездарма адзначылі ў катэдры  яна лічыцца маці ўсіх святыняў Гродзеншчыны. Цэлебрацыю Імшы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, які кіруе дыяцэзіяй з 2024 года. Таксама прысутнічалі старшыня беларускага каталіцкага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які з 2013 па 2021 год быў дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі, біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч, які ўзначальваў дыяцэзію з моманту яе заснавання ў 1991-м да 2024 года, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі мансеньёр Кшыштаф Сэрока, прэзбітэры, дыяканы, кансэкраваныя асобы, вернікі парафій Гродна і наваколля.

Біскуп Уладзімір Гуляй у пачатку літургіі назваў гісторыю дыяцэзіі «гісторыяй Божай ласкі, якая дзейнічае ў жыцці Касцёла і кожнага з нас», адзначыўшы, што 35 гадоў таму, калі касцёльныя структуры адраджаліся пасля гадоў выпрабаванняў, Касцёл на Гродзеншчыне атрымаў новыя дыханне, імпульс і надзею.

Вітаючы гасцей, іерарх з удзячнасцю нагадаў, што першы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч «верна і аддана вёў гэты Касцёл, будуючы яго не толькі знешне, але перадусім духоўна, умацоўваючы веру, надзею і любоў у сэрцах людзей», а арцыбіскуп Юзаф Станеўскі «паходзіць з благаслаўлёнай гродзенскай зямлі і з’яўляецца сынам гэтага Касцёла», а сёння стаіць на чале мітраполіі «як той, хто не толькі кіруе, але перш за ўсё служыць  праз малітву, праз слова, праз клопат пра кожнага чалавека і пра ўвесь Касцёл».

Біскуп назваў гэтую ўрачыстасць часам, каб падзякаваць Богу «за святароў, якія ахвярна служылі; за кансэкраваных асобаў, якія былі знакамі Божай прысутнасці; за вернікаў, якія, нягледзячы на цяжкасці, захавалі веру», а таксама каб падумаць над пытаннямі: «Што далей? Якую будучыню Бог рыхтуе для нашага Касцёла? І якое месца ў гэтай будучыні займае кожны з нас?»

Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі назваў 35-ю гадавіну заснавання дыяцэзіі нагодай «адчуць удзячнасць і выказаць яе Пану ў радаснай супольнай малітве праслаўлення». Па яго словах, 35-гадовы перыяд  вельмі кароткі прамежак часу, амаль што хвіліна. Параўноўваючы гэты прамежак з 35-гадовым чалавекам, іерарх сказаў: «Гэта чалавек цалкам сталы, які звычайна мае немалы жыццёвы досвед, сям’ю і дзяцей, стабільнае становішча ў грамадстве. (...) Менавіта такі наш Касцёл на Гродзеншчыне  малады, але ўжо сталы, дынамічны і адкрыты на будучыню, які зрабіў уласны ўнёсак, мае сваю гісторыю і традыцыю».

Іерарх прыгадаў дзень, калі Папа Ян Павел ІІ у сваёй буле Qui Operam абвясціў аб заснаванні дыяцэзіі і прызначыў яго першым яе ардынарыем. Біскуп дадаў, што яму нялёгка было прыняць рашэнне Апостальскай Сталіцы: гэта азначала пакінуць Вільню і парафію Святога Духа, пробашчам якой ён быў і добра адчуваў сябе ў парафіяльным душпастырстве. Па яго словах, ён «ведаў, што чакаюць цяжкія і сур’ёзныя задачы, вялікая адказнасць утварэння Касцёла на Гродзеншчыне пасля некалькіх дзесяцігоддзяў яго пераследу і сістэматычнага знішчэння», але ў духу паслухмянасці прыняў Божую волю, моцна давяраючы Пану і аддаючыся ў апеку Маці Міласэрнасці, якая, паводле выразу, «у Вострай свеціць Браме» ў Вільні.

«Я знаходзіў суцяшэнне ў думцы, што тагачасная Гродзеншчына не была духоўнай пустыняй. Бо гэта была частка былой Віленскай архідыяцэзіі, з вельмі багатай, больш чым шасцісотгадовай гісторыяй і ўласнай цудоўнай традыцыяй»,

 сказаў біскуп.

Ён адзначыў, што знайшоў у Гродне «Касцёл жывы і моцны, з досведам малітвы, які непахісна прабываў у веры і традыцыі продкаў», сімвалам якога былі «людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту, якія ва ўласных сем’ях і супольнасцях былі сапраўднымі настаўнікамі веры і малітвы, праваднікамі ў духоўным жыцці і вартаўнікамі каталіцкай традыцыі». Іерарх дадаў, што сустрэў тут цудоўных святароў, дыяцэзіяльных і манаскіх, хоць і нешматлікіх і пераважна пажылога ўзросту, нярэдка хворых і стомленых гадамі служэння звыш сіл, але адважных, выпрабаваных, загартаваных сярод пераследу. «Я бачыў, што на такіх гераічных святароў магу разлічваць, знайду ў іх верных, адданых і нястомных супрацоўнікаў, і разам з імі мы зробім вялікія справы на Божую хвалу» сказаў біскуп.

Ён дадаў, што заўсёды мог разлічваць на малітву, дапамогу і супрацоўніцтва законных сясцёр, якія з вялікай адданасцю таемна служылі Богу і Касцёлу нават у самыя цяжкія часы, і на дапамогу многіх свецкіх вернікаў, руплівых, ахвярных і працавітых, якія любілі Касцёл і былі гатовы яму служыць усім сэрцам і з усіх сіл.

Па словах першага ардынарыя дыяцэзіі, яго вельмі суцяшаў той факт, што біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, яе тагачасны апостальскі адміністратар, які потым быў накіраваны ў Расію, ужо здолеў закласці моцны фундамент для адраджэння Касцёла на Гродзеншчыне.

«Азіраючыся на гісторыю нашай дыяцэзіі, хачу за ўсё дзякаваць Пану Богу: за кожную падзею, кожнае рашэнне, кожнага чалавека»,

 з узрушанасцю сказаў іерарх.

У канцы гаміліі ён дадаў, што сёння «пад чулым любячым позіркам Маці Міласэрнасці з Вострай Брамы, дзякуючы заступніцтву святога каралевіча Казіміра і святога Максімільяна, святара і мучаніка, пад кіраўніцтвам маладога, энергічнага і руплівага біскупа Уладзіміра, Касцёл на Гродзеншчыне развіваецца, умацоўваецца, сталее і з надзеяй глядзіць у будучыню».

У канцы літургіі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пажадаў супольнасці Гродзенскай дыяцэзіі працягваць узрастаць у веры, заахвоціў заставацца вернымі Богу і Яго Евангеллю, ствараць сваю будучыню на трывалым фундаменце, які заклала старэйшае пакаленне.

Віншаванні гродзенскім іерархам выказалі архімандрыт Сяргей Гаек, навучэнцы Тэалагічнага каледжа ў Гродне, маленькія вернікі катэдральнай парафіі.

Біскуп Уладзімір Гуляй на заканчэнне сказаў: «Сёння мы стаім перад Богам як Яго народ – народ, які памятае, дзякуе і давярае. Дзякуем за мінулае, напоўненае Яго прысутнасцю, перажываем сучаснасць як час Яго дзеяння, з надзеяй глядзім у будучыню, якую Ён нам адкрывае». Іерарх выказаў падзяку прысутным, назваўшы іх удзел у гэтай урачыстасці «сведчаннем, што Касцёл на Гродзеншчыне жыве, умацоўваецца і нястомна крочыць наперад», з удзячнасцю выказаўся пра тых, хто «праз малітву, працу і ахвярнасць будаваў духоўны фундамент дыяцэзіі».

Біскуп дадаў, што юбілей  «заклік да навяртання, аднаўлення, новага кроку наперад», назваў знакам Божай ласкі тое, што ў гэты час праходзіць Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі  «час слухання Святога Духа, час супольнага распазнавання і адказнасці за будучыню Касцёла». Ён пажадаў, каб час працы Сіноду стаў «школай адзінства і часам духоўнага адраджэння, каб мы, як адна супольнасць, з адвагай і даверам крочылі далей шляхамі веры, надзеі і любові, будуючы Касцёл, які з’яўляецца знакам Божай прысутнасці ў свеце».

«Няхай Бог, які распачаў у нас гэтае добрае дзеянне, сам яго і давядзе да паўнаты»,  сказаў біскуп. Прысутныя іерархі ўдзялілі благаслаўленне на святкаванне 35-годдзя дыяцэзіі ў духу падзякі і праслаўлення Бога і на актыўны, руплівы і шчодры на духоўныя плёны ўдзел у перэгрынацыі абраза Маці Божай Міласэрнасці.

Затым біскуп уручыў абраз прадстаўнікам парафіі ў Шчучыне, з якой такім чынам распачалася перэгрынацыя абраза па дыяцэзіі.

Абноўлена 19.04.2026 00:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця