Пошук

04.04.2026 18:49   Catholic.by

У вігілію Вялікадня свой віншавальны зварот да вернікаў кіруе Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Умілаваныя вернікі, дарагія браты і сёстры, людзі добрай волі!

Сягоння Езус уваскрос!
          Непадуладным смерці стаў!
                    Шлях да нябёс нам паказаў.
                              (з верша Мар’яна Дуксы)

Уваскрасенне Хрыста — гэта наша надзея, гэта надзея ўсяго чалавецтва і ўсяго свету! Касцёл з радасцю абвяшчае гэту надзею, якую Бог зрабіў моцнай і непераможнай.

Сёння мы вітаемся «Хрыстус уваскрос!», і ад кожнага хочам пачуць у адказ «Сапраўды ўваскрос», бо такім чынам мы сведчым, што мы хрысціяне, людзі добрай волі. Хрыстус жыве і хоча, каб і ты жыў. Кожны хто дазваляе Уваскросламу Хрысту дакрануцца свайго сэрца, становіцца маладым маладосцю Езуса Хрыста, які з’яўляецца найпрыгажэйшай маладосцю гэтага свету.

Будзем жа сапраўднымі сведкамі нашай веры ва Уваскрослага Пана! Няхай Пасхальная таямніца, якая ўслаўляе моц збаўчай любові Хрыста, умацуе нашу веру ў Яго прысутнасць сярод нас.

Ідучы па жыцці, давайце, па прыкладзе апосталаў i Марыі Магдалены з раніцы Уваскрасення, пойдзем з гэтай радаснай навіной насустрач нашым братам і сёстрам, каб і яны паверылі ў Хрыста і Яго ўваскрасенне! (пар. Мц 28, 1-8).

            Слёзы з твару выцірайце, праганяйце з сэрцаў грэх.
            Песні радасна спявайце, хай гучыць вясёлы смех.
            Уваскрос Пан над Панамі, Ён жыве, Ён разам з намі.

Віншуючы з радасным святам надзеі, давяраю ўсіх вас Маці ўваскрослага Пана Багародзіцы Марыі і благаслаўляю: у Імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Абноўлена 04.04.2026 23:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.