Пошук

27.03.2026 18:34   Тэкст: Павел Кісляк і Юлія Капусціна / Фота: з сямейнага архіва Паўла Кісляка і Юліі Капусцінай / Catholic.by

Ініцыятыва «Вечары для закаханых» ад руху «Сужэнскія сустрэчы» набірае ўсё большую папулярнасць сярод маладых людзей, якія хочуць будаваць свае адносіны на трывалым фундаменце. Чарговым натхняльным сведчаннем аб удзеле дзеляцца Павел Кісляк і Юлія Капусціна.

Юля:

Прайшло чатыры месяцы, як мы прынялi сакрамэнт сужэнства, і амаль год з нашых вечароў для закаханых. На той момант мы з Пашам толькi пачалi будаваць нашыя цёплыя, поўныя клопату i ўвагі адносiны ў якасцi хлопца i дзяўчыны. Мы пазнавалi адзін аднаго, дзяліліся каштоўнасцямі, планамі на будучыню. Аднак, як мне здавалася, нашым размовам не хапала глыбіні. Будучы шчырымi і адкрытымi адзін перад адным, мы працягвалі заставацца ў некаторай ступені закрытымi.

Пра вечары для закаханых я даведалася з каталіцкіх сацыяльных сетак. Два тыднi я не адважвалася расказаць Пашы. Я сама не мела дакладнага ўяўлення аб вечарах, не кажучы пра тое, як ён адрэагуе, што падумае. Але магчымасць зрабіць крок да большага паразумення, даверу і глыбіні адносін шляхам дыялогу не давала мне спакою. Насуперак маім асцярогам, Паша ні на хвіліну не засумняваўся і згадзіўся.

Як бы дзіўна гэта не гучала, ехаць на першую сустрэчу супраціўлялася ўжо я. Прадчуванне адкрытых дыялогаў, магчыма часам на вельмi асабістыя тэмы, выклікала ўва мне нейкi дыскамфорт. Але Паша быў настроены рашуча і не даў мне адступіць ад прынятага намі рашэння.

Павел:

Прыняць удзел у вечарах для закаханых мне прапанавала Юля. Спачатку я не зусім зразумеў, што гэта такія за сустрэчы і навошта яны патрэбны, але мне стала цікава. У той час мы з Юляй былі знаёмыя толькі каля трох месяцаў, нашыя адносіны толькі пачыналіся, і мы палiчылi, што гэтыя сустрэчы дапамогуць нам лепш пазнаць адзін аднаго. Юля ж, хаця сама расказала пра магчымасць удзелу ў вечарах для закаханых, да апошняга сумнявалася, мне нават прыйшлося настаяць на тым, каб мы пайшлі на першую сустрэчу.

Ужо на першым вечары для закаханых была закранута тэма шлюбу. Я бачыў, як няёмка Юля сябе адчувае. Пасля першай сустрэчы яна спрабавала нават апраўдацца, што ў яе не было намеру так хутка схіліць мяне да шлюбу. Гэта было вельмі міла.

Вечары для закаханых мне спадабаліся адразу. Я бачыў, што яны падабаюцца i Юлi, хаця i на другой сустрэчы яна ўсе яшчэ адчувала сябе няёмка перада мной, паколькi тэму стварэння сям'і, якая закраналася ўсе глыбей, мы дагэтуль не абмяркоўвалi.

На вечарах мы вучыліся размаўляць адзін з адным і не саромецца гэтага. Пасля другой сустрэчы нам стала значна лягчэй абмяркоўваць некаторыя пытаннi, а трэцюю сустрэчу мы абодва чакалі з нецярпеннем і ішлі з задавальненнем.

Юля:

Некаторыя з пытанняў, якія ўздымаліся на вечарах, мы абмяркоўвалі раней, некаторыя не. Многае здавалася такім відавочным, але, з іншага боку, кожны новы адкрыты дыялог нават на самую, здавалася б, простую тэму прыносіў усё больш асалоды, пачуццё задавальнення і спакою, пачуццё блізкасці і яднання. З кожным разам нам станавілася ўсё лягчэй размаўляць па душах. У канцы праграмы мы нават смяяліся, што на пытанне «Як вы любіце праводзіць час разам?» мы адказвалі, што любім паразмаўляць.

Бясцэнным быў вопыт, якім дзяліліся з намі сужонкi, што праводзілі вечары. Праз гады сумеснага жыцця яны змаглі захаваць пяшчоту пачуццяў, трапяткое стаўленне адзiн да аднаго, павагу. Гэта можна было пачуць не толькі з iх аповедаў, але таксама заўважыць па жэстах, міміцы. Іх досвед даваў упэўненасць у тым, што дзякуючы адкрытаму дыялогу можна вырашыць шматлікія пытанні ў сямейных адносінах.

Дзякуючы вечарам для закаханых я не толькі змагла больш даведацца пра пачуццi і намеры Пашы, але і глыбей зазірнуць у свае.

Мне стала лягчэй размаўляць аб сваіх каштоўнасцях, аб тым, што важна для мяне, не саромеючыся і не баючыся асуджэння, з упэўненасцю ў тым, што Паша заўсёды мяне падтрымае. Ён стаў для мяне бліжэй, я стала яму больш давяраць.

Павел:

Дзякуючы вечарам для закаханых мы шмат чаго даведаліся адзін пра аднаго.

Мне здаецца, што за два месяцы мы даведаліся столькі, колькі не змаглi б даведацца за два гады.

Падчас сустрэч я ўбачыў, як Юля ставіцца да шлюбу, як бачыць сваю будучую сям'ю, якая роля мужчыны і жанчыны ў шлюбе, і яшчэ многія, на першы погляд простыя, але вельмі важныя для сямейнага жыцця моманты. Кожная сустрэча на вечарах для закаханых усё больш адкрывала нас адзiн аднаму і збліжала.

Юля:

Вечары для закаханых дазволілі мне паглядзець на сакрамэнт сужэнства з iншага боку, не толькі як на важную, адказную ступень сужэнскіх адносін, а нешта большае. На адной з апошніх сустрэч мяне кранулi да глыбіні душы словы адных сужонкаў.

Яны казалі пра тое, што на працягу ўсяго сужэнскага жыцця бывалі розныя моманты, але ў сакрамэнце моц дадзенага перад Богам абяцання не дае апусціць рукі, і ты заўсёды адчуваеш прысутнасць Бога ў вашым жыцці, і ў шчаслівыя моманты, і ў цяжкія.

Стала відавочна, калі Бог побач, калі ты Яму давяраеш, нічога не страшна.

Павел:

Па заканчэннi вечароў для закаханых я зразумеў, што хачу зрабiць прапанову рукі і сэрца i стварыць з Юляй сям'ю.

Мы часта з цяплом і падзякай успамінаем вечары для закаханых, і з радасцю і энтузіязмам жадаем прыняць удзел ужо ў сужэнскiх сустрэчах.

Ад серады 8 красавіка ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску распачынаецца цыкл сустрэч «Вечары для закаханых».

Пачатак сустрэч: 19.00.

Перыядычнасць сустрэч:
раз на тыдзень, па серадах.

Адрас: пл. Свабоды, 9.

Запіс і дадатковая інфармацыя:
+375 (29) 652-11-44 (тэлефон/Viber/Telegram)

Падрабязна пра анонс падзеі ТУТ>>>

Абноўлена 27.03.2026 20:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа