Пошук

12.04.2024 10:24   Фота: з архіву парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе / Catholic.by

7 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Гродзенаская дыяцэзія) святую Імшу разам цэлебравалі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп намінат Уладзімір Гуляй.

78-гадовы заслужаны іерарх 35 гадоў таму быў прызначаны Папам Янам Паўлам ІІ першым біскупам у сучаснай Беларусі.

Пры алтары лідскай фары ў Другую Велікодную нядзелю ён маліўся разам з 48-гадовым Уладзімірам Гуляем, біскупам намінатам, прызначаным каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі ўсяго за пяць дзён да гэтага.

На пачатку цэлебрацыі арцыбіскуп Кандрусевіч, перафразуючы лацінскі выраз Habemus Papam, якім урачыста абвяшчаецца выбар новага Пантыфіка, усклікнуў Habemus novum episcopum — «Маем новага біскупа»!

Пасля гэтага заслужаны іерарх сардэчна павіншаваў свайго маладога сабрата, які толькі распачынае біскупскае служэнне, і пажадаў яму моцы Божай у выкананні абавязкаў наступніка апосталаў у цяперашні складаны час. Арцыпастыр звярнуў увагу на сімвалізм прызначэння новага біскупа ў кантэксце яго папярэдняга святарскага служэння.

«Біскуп намінат 21 год як пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа „узвышае“ Крыж Хрыста сваім служэнннм, каб людзі бачылі ў ім знак збаўлення і надзеі», — падкрэсліў арцыбіскуп эмэрыт. Ён пажадаў новаму іерарху благаслаўлення і апекі Марыі, «каб у складны час адыходу людзей ад Бога ён па прыкладу апосталаў смела нёс крыж хрысціянскай веры ў сучасны свет».

Пры гэтым арцыбіскуп Кандрусевіч уручыў біскупу Гуляю біскупскую шапачку і крыж, якія той, аднак, зможа насіць толькі пасля біскупскага пасвячэння, дата якога будзе вызначана ў бліжэйшы час. Гэта стала сімвалічным знакам пераемнасці біскупскага служэння ад найстарэйшага да наймалодшага іерарха ў Беларусі, што з’яўляецца маленькай частачкай вялікай апостальскай пераемнасці пастырскага служэння ў паўсюдным Касцёле.

Абноўлена 26.04.2024 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа