Пошук

29.03.2024 12:41   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: кс. Дзмітрый Дубовік / Catholic.by

Перад Вялікім тыднем, які сёлета распачаўся 24 сакавіка, у Нацыянальны санктуарый у Будславе вярнуўся пасля рэстаўрацыі старадаўні абраз П’еты.

Італьянскае слова «П’ета» (з націскам на апошнім складзе) азначае «змілаванне, міласэрнасць, жаль», а таксама «пабожнасць». У мастацтве гэты тэрмін азначае выяву Маці Божай з целам знятага з крыжа Хрыста. П’ета часта прадстаўлена з прапрацаванымі дэталямі ран Хрыста, а таксама эмоцыямі на твары Маці Божай, якія адлюстроўваюць яе глыбокі смутак.

Найбольш вядомая П’ета — скульптура вялікага Мікеланджэла, якая знаходзіцца ў ватыканскай базыліцы святога Пятра. Часта менавіта вобраз П’еты можна ўбачыць на трынаццатай стацыі Крыжовага шляху «Зняцце з крыжа».

Абраз Будслаўскай П’еты прадстаўляе на пярэднім плане знятае з крыжа цела Езуса, пакладзенае на палатно-плашчаніцу. За Ім — Маці Божая, поўная смутку, са складзенымі пад падбароддзем рукамі.

У грудзі Марыі скіравана лязо мяча — прадказаны старцам Сімяонам у Ерузалемскай святыні вобраз пакутаў (гл. Лк 2, 35). Паабапал ад мёртвага цела Збаўцы — дзве жаночыя постаці, верагодна, сястра Багародзіцы Марыя Клеопава і Марыя Магдалена, якія стаялі пад крыжам Хрыста на Галгофе (гл. Ян 19, 25). Жанчына ў галавах Хрыста ў скрусе разводзіць рукамі, нібы галосячы над памерлым, жанчына ў нагах з непакрытымі валасамі ціха выцірае слёзы белай хусткай. 

Як паведаміў Catholic.by пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік, абраз быў знойдзены ў адным з падсобных памяшканняў базылікі сярод іншых старых рэчаў у моцна пашкоджаным стане. Немагчыма дакладна сказаць, дзе ён знаходзіўся раней: у будслаўскай святыні ці быў прывезены сюды з якогасьці іншага зачыненага касцёла.

Тым не менш, памеры абраза дакладна супадаюць з адной з канструкцыйных дэталяў з адваротнага боку цэнтральнага алтара, дзе знаходзіцца абраз Маці Божай Будслаўскай, і не выключана, што гэтая выява раней была змешчана менавіта там.

Сродкі на рэстаўрацыю Будслаўскай П’еты сабралі вернікі парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску на чале з пробашчам, ксяндзом канонікам Юрыем Санько. Грунтоўную рэстаўрацыю напісанага на драўляных дошках твора сакральнага мастацтва правялі найлепшыя ў Беларусі прафесійныя мастакі-рэстаўратары Аркадзь Шпунт і Аляксандр Лагуновіч-Чарапко.

Паводле іх экспертнага меркавання, дакладна датаваць абраз не ўяўляецца магчымым, таксама як і вызначыць месца яго стварэння, хоць па пэўных дэталях можна меркаваць, што гэта мясцовы твор.

Пасля рэстаўрацыі абраз быў змешчаны ў раму і доўгі час знаходзіўся ў Залатагорскім касцёле, дзе перад ім маліліся вернікі.

Цяпер П’ета вярнулася ў Будслаў, дзе на працягу Вялікага тыдня выстаўлена для ўшанавання вернікамі перад галоўным алтаром Нацыянальнага санктуарыя.

Будслаўская П’ета, старадаўні твор сакральнага мастацтва, з’яўляецца кранальнай і шчымлівай іконай Вялікай пятніцы, што дапамагае глыбей адчуць духоўнае пасланне гэтага дня ўспаміну мукі і крыжовай смерці Хрыста, цярпенні якога падзяляла Яго Найсвяцейшая Маці.

На YouTube канале Нацыянальнага санктуарыя вядзецца пастаянная прамая трансляцыя з будслаўскай базылікі ТУТ>>>

Абноўлена 29.03.2024 12:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа