Пошук

26.03.2024 11:22   Тэкст і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / sdb.by

23 сакавіка ў смаргонскай парафіі святога Міхала Арханёла (Гродзенская дыяцэзія), дзе нясуць служэнне святары і сёстры з законніцкай супольнасці салезіянаў, адбылася IV Аратарыяда — гэта спартовыя спаборніцтвы паміж салезіянскімі араторыямі Беларусі.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі дзеці з 5-а па 7-ы клас, якія наведваюць араторыі пры салезіянскіх парафіях у розных мясцінах Беларусі.

Як адзначаецца на сайце Салезіянаў ксяндза Боско ў Беларусі sdb.by, распачалося спартовае свята са святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. У прамоўленай гаміліі дэлегат падкрэсліў, што ў кожным спаборніцтве ёсць тыя, хто перамагае, і тыя, хто знаходзіцца на апошнім месцы.

«Але часта бывае, што ў барацьбе за перамогу мы не заўважаем іншых: кожнаму важны толькі ён сам і яго першае месца.

Нам трэба імкнуцца да таго, каб спаборніцтвы нас не раздзялялі, а аб’ядноўвалі; вучыцца радавацца і сваім перемогам, і перамогам іншых», — сказаў ксёндз Павел. Ён пажадаў, каб у салезіянкіх спаборніцтвах удзельнікі здабылі дух сяброўства, і менавіта гэты дух быў галоўным лейтматывам дня.

Непасрэдна спартовыя спаборніцтвы распачаліся ў араторыі, які дзейнічае пры парафіі. Удзельнікаў Аратарыяды прывітаў адказны за душпастырства моладзі ксёндз Алег Каралёў SDB. Святар пазнаёміў прысутных з рэгламентам Аратарыяды, правёў уступную малітву і пажадаў усім поспехаў.

Напачатку юныя спартоўцы спаборнічалі ў некалькіх дысцыплінах: настольны футбол, настольны тэніс, дартс, скокі праз скакалку, шашкі і спартовыя танцы just dance.

Пасля абеду адбыўся інтэлектуальны конкурс, на якім удзельнікі адказвалі на пытанні, звязаныя з жыццём і дзейнасцю заснавальніка салезіянскага таварыства святога Яна Боско.

Напрыканцы спаборніцтваў адбыліся дзве вялікія камандныя гульні, у якіх бралі ўдзел па дзесяць чалавек з кожнага араторыя. Перамогу ў гульні «Два капітаны» ва ўпартай барацьбе атрымала каманда з Мінска. А ў спартландыі, прадэманстраваўшы значныя валявыя якасці, перамаглі гаспадары.

Апошнім пунктам праграмы ў гэты дзень сталі ўзнагароды. Ксёндз Алег Каралёў выказаў вялікую ўдзячнасць святарам са Смаргоні ксяндзам Артуру Ляшнеўскаму SDB і Міхаілу Радзевічу SDB за добра падрыхтаваную пляцоўку і ўсю лагістыку мерапрыемства; сёстрам салезіянкам, якія дбалі аб падрыхтоўцы каманд, офісу развіцця дэлегатуры, а таксама ўсёй вялікай камандзе арганізатараў, якія прычыніліся да падрыхтоўкі і правядзення Аратарыяды. Пасля кожны ўдзельнік, які дасягнуў п’едэстала, атрымаў свой медаль.

Кульмінацыйным момантам спаборніцтаў стала ўздыманне кубка камандай-пераможцам. Сёлета ім сталі гаспадары пляцоўкі — каманада смаргонскага араторыя.

Завяршыўся дзень традыцыйнымі для салезіянскай сям’і трыма малітвамі «Вітай, Марыя».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.