Пошук

25.03.2024 12:41   Тэкст і фота: Ганна Бычынская / Catholic.by

23 сакавіка ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбыўся штогадовы сход удзельнікаў касцёльнага руху «Легіён Марыі», на які прыбылі легіянеры з розных мясцін Беларусі.

Гэты сход, які называецца «Ацыес», зазвычай праходзіць у дзень Звеставання Пана ці найбліжэйшы да яго. На ім легіянеры ўрачыста пацвярджаюць прысягу на вернасць Маці Божай, каб атрымаць ад Яе сілу і благаслаўленне на далейшае выкананне сваіх абавязкаў.

Сёлетні сход распачаўся святой Імшой, якую Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі цэлебраваў у інтэнцыі членаў «Легіёна Марыі», іх адданасці Маці Божай і новых пакліканняў да апостальства.

Звяртаючыся да сабраных у галоўнай святыні архідыяцэзіі легіянераў, іерарх, між іншым, сказаў: «Мы стараемся падзякаваць Богу за дар паклікання, які кожны атрымаў. Бог праз дзеянне Духа Святога даў кожнаму з нас натхненне прыйсці да Марыі, каб сведчыць пра Бога, вобраз якога часам бывае заслонены ад нас так, як сёння заслонены Езус на крыжы. Здымаецца гэтая заслона вераю, малітваю, прыкладам, сведчаннем.

Неабходна, каб слова пра Езуса Хрыста было не толькі сказана, але і пачута, каб яно дакранулася да сэрца чалавека і зняло з яго заслону крыжа; патрэбна сведчанне чалавека, сведчанне жыццём. Таму пакліканне быць апосталам, быць сведкам у сучасным свеце — гэта вельмі вялікая справа.

Тое, што вы робіце, — нябачнае, але гэта вялізная справа ў распаўсюджванні Божага Валадарства. Ваша прысяга на вернасць Богу, Багародзіцы — гэта ў нейкай ступені адрачэнне ад самога сябе, ад свайго жыцця. Часам можа з’яўляцца сумненне, можа нешта не атрымлівацца, але галоўнае, каб ніколі не апускаліся рукі. Богу вядомыя ўсе нашыя памкненні, Ён усё бачыць і ўсё ведае», — падкрэсліў біскуп Касабуцкі.

Перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам легіянеры праспявалі гімн «Легіёна», прамовілі малітвы Тэсэры і Ружанец. Адказны за душпастырства руху «Легіён Марыі» айцец Юрый Находка OCD растлумачыў сэнс прысвячэння Панне Марыі. У прамоўленым казанні святар зрабіў акцэнт на тэме вечнага жыцця на прыкладзе жыцця святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, якая разумела святасць як бязмежны давер да Бога.

Прынесці прысягу вернасці Панне Марыі сабраліся каля ста легіянераў з Бараўлянаў, Барысава, Глыбокага, Магілёва, Маладзечна, Мінска, Стоўбцаў і іншых мясцін Беларусі.

Выстраіўшыся ў працэсію, пад гукі аргана легіянеры па двое на чале з ксяндзом Казімірам Шыдэлкам SDB ішлі да фігуркі Найсвяцейшай Панны Марыі, кленчылі ля сцяга Легіёна і, паклаўшы руку на дрэўка, прамаўлялі асабістае прысвячэнне: «Я ўвесь духам Твой, Каралева і Маці мая, і ўсё, што я маю, належыць табе». Вянок з жывых ружаў, якія падносілі Маці Божай легіянеры, павялічваўся з кожным новым абяцаннем як знак любові да Заступніцы і вернасці ёй. На заканчэнне цырымоніі з вуснаў духоўнага кіраўніка айца Юрыя Находкі прагучала калектыўнае прысвячэнне Панне Марыі.

Сёлета спаўняецца 30 гадоў з моманту ўзнікнення ў Беларусі першай суполкі апостальскага руху свецкіх людзей «Легіён Марыі». Мэта «Легіёна» — абвяшчэнне Евангелля і праца на Божай ніве.

Легіянеры сёння, акрамя штодзённай малітвы і Ружанца, наведваюць хворых, духоўна занядбаных людзей, дамы састарэлых, бальніцы, вядуць апостальскую дзейнасць у парках і гандлёвых цэнтрах, на вакзалах і ў транспарце, бяруць актыўны ўдзел у жыцці сваіх парафій.

Сход «Ацыес» для іх, словамі аднаго з першых беларускіх легіянераў Уладзіміра Вайцяховіча, «гэта ўрачыстае пацвярджэнне адзінства і падпарадкавання, пацвярджэнне прысягі на вернасць Марыі; гэта вайсковая дысцыпліна: строгасць, адказнасць, парадак, прыстойнасць, бо гэта нябеснае воінства. А яно самае моцнае воінства і быць яго часткай да трымцення здорава».

«Ацыес» — гэта таксама прыгожая ўрачыстасць і нагода бліжэй пазнаёміцца, бо на гэты сход прыязджаюць не толькі афіцэры, але і дапаможныя легіянеры; гэта і магчымасць падзяліцца планамі, абмяняцца думкамі, абмеркаваць нейкія моманты працы, проста пагутарыць пры кубачку гарбаты ці кавы.

На заканчэнне сустрэчы біскуп Юрый Касабуцкі пажадаў легіянерам радасці ад паклікання, ад служэння Марыі, радасці прабывання з Богам:

«Гэта ласка Божая — усё жыццё пражыць з Марыяй, быць Яе воінам, быць пад Яе апекай. Няхай аднаўленне прысягі ў вашых сэрцах дасць новы імпульс далейшай працы, далейшаму апостальству», — выказаў пажаданне ўдзельнікам сходу іерарх.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.