Пошук

17.02.2024 20:00   Grodnensis.by

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч

ПАСТЫРСКІ ЛІСТ
на Першую нядзелю Вялікага посту 2024 года

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!

Вось перад намі ўжо чарговы ў нашым жыцці перыяд Вялікага посту. Літургія Касцёла зноў запрашае нас пражыць асаблівы саракадзённы час ласкі ў духу пакоры і навяртання, каб мы, унутрана адноўленыя, умацаваныя ў веры, яшчэ мацней з’яднаныя з Богам і бліжнімі, маглі з чыстымі, асвячанымі сэрцамі адзначаць найважнейшае хрысціянскае свята — урачыстасць Уваскрасення Езуса Хрыста.

Ужо сёння, на пачатку велікапоснай саракадзённай дарогі, варта задаць сабе пытанне: як я выкарыстаю гэты час, дадзены мне Богам, як пражыву яго і што зраблю, каб ён не мінуў бясплённа, каб прынёс як мага большую духоўную карысць?

Папа Францішак даў сёлетняму Пасланню на Вялікі пост вельмі красамоўную назву: «Бог вядзе нас праз пустыню да свабоды». Узгадваючы біблійны аповед пра выйсце Выбранага народа з егіпецкай няволі і пра яго вандроўку праз пустыню ў Абяцаную зямлю, Папа падкрэслівае, што досвед пустыні дапамог ізраэлітам вырвацца з духоўнай няволі, якую яны насілі ў сабе. Нягледзячы на тое, што сыны Ізраэля фізічна выйшлі з краіны фараона, у іх сэрцах па-ранейшаму быў Егіпет: часта яны шкадавалі аб мінулым, наракалі на Пана Бога і Майсея і нават час ад часу думалі пра вяртанне ў дом няволі. Толькі досвед велізарнасці Божай любові стаў прычынай таго, што ізраэліты ў пустыні паступова выспявалі да вольнасці, выходзілі са сваёй уласнай зняволенасці і, гледзячы наперад, у Абяцаную зямлю, вучыліся надзеі. Так пустыня стала досведам ласкі, калі Пан Бог прыцягваў свой народ да сябе повязямі любові і выхоўваў яго, звяртаючыся непасрэдна да чалавечых сэрцаў.

Адкрыццё гэтай Божай любові дазволіць і нам іншымі вачыма зірнуць на навакольны свет, на бліжніх і на наша ўласнае жыццё. «Я — Пан, Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі» (Зых 20, 2). Гэтымі словамі ў пачатку Дэкалогу Пан Бог абвяшчае нам свабоду і нагадвае, што Яго ласка і міласэрнасць заўсёды пераўзыходзяць патрабаванні, якія Ён ставіць перад намі. Пан Бог не хоча ўспрымаць нас як нявольнікаў, бо мы Яго дзеці, таму найперш дае нам адчуць Яго любоў, абсыпае нас бязмежнасцю сваіх ласкаў і дароў і толькі потым чакае нашай удзячнасці і гатоўнасці спаўняць Яго волю.

Вялікі пост з’яўляецца для нас нагодай вырушыць у вандроўку праз духоўную пустыню.

У час гэтай вандроўкі ў нас ёсць шанц нанава адкрыць для сябе любоў Айца Нябеснага, якая дапаможа нам вызваліцца ад усяго таго, што ўтварае перашкоду на шляху да сапраўднай свабоды Божых дзяцей.

Не будзем забываць, што і Пан Езус, як мы пачулі ў сённяшнім Евангеллі, перад пачаткам сваёй публічнай дзейнасці прабываў на працягу сарака дзён у пустыні, дзе яго спакушаў шатан. Там Сын Божы перанёс духоўную барацьбу з айцом хлусні і здабыў перамогу, бо не ўсумніўся ні на момант у любові Бога — свайго Айца Нябеснага, адносна якога выказаў самую дасканалую паслухмянасць.

Кожны з нас таксама штодзённа выпрабоўваецца вераломнымі атакамі спакусніка. Таксама і ў нас айцец хлусні спрабуе выклікаць сумненне ў любові Бога, а потым духоўна зняволіць, аддаляючы нашыя сэрцы ад праўдзівага Бога, які з’яўляецца нашым Айцом. Калі мы дазволім Пану Богу весці нас праз велікапосную пустыню, то можам быць упэўненыя, што здабудзем перамогу над усялякімі подступамі злога духа, а наша духоўная вандроўка стане сапраўдным шляхам да свабоды.

У гэтым месцы хацеў бы нагадаць вам, дарагія браты і сёстры, аб трох учынках пакаяння, якія з’яўляюцца для нас своеасаблівымі ўказальнікамі дарогі на шляху велікапоснага навяртання.

Як і кожны год, у Папяльцовую сераду мы пачулі ў Евангеллі павучанні Езуса аб належным практыкаванні малітвы, посту і міласціны. Найперш Пан Езус перасцерагаў нас ад практыкавання пакаяння «перад людзьмі» (Мц 6, 1), гэта значыць напаказ, крывадушна, з намерам, каб іншыя нас заўважылі і захапіліся намі.

Малітва сапраўднага вучня Хрыста павінна адбывацца ў цішыні і самотнасці свайго пакоя, здалёк ад людскіх вачэй, у перакананні, што Пан Бог бачыць схаванае і можа кожную хвіліну прыйсці нам на дапамогу. Увайсці ў свой пакой азначае пакінуць за сабой усё знешняе, усё, што засланяе наш спакой, абуджае памяць і ўяўленне, адцягвае ўвагу і перашкаджае засяродзіцца выключна на Пану. Не будзем забываць, што сапраўдная малітва — гэта размова з Панам Богам, а значыць не толькі «засыпанне» Яго рознымі просьбамі і жаданнямі, але і слуханне таго, што Пан Бог захоча нам сказаць у цішыні сэрца. Малітва Панская, якая з’яўляецца ўзорам самай дасканалай малітвы, пачынаецца зваротам да Бога як Айца «нашага», а не «майго». Значыць, добрая малітва адкрывае нас на бліжніх, вучыць нас заўважаць таксама іх цярпенні, патрэбы і клопаты, каб мы маглі даручаць іх Богу нароўні з нашымі праблемамі. На малітве нам нельга забываць — а гэта, на жаль, часта здараецца — аб тым, каб адпускаць правіны нашым вінаватым, значыць аб прабачэнні і паяднанні з бліжнімі, без якіх наша размова з Богам будзе павярхоўнай.

У Вялікі пост у нас ёсць нагода паглыбіць і аднавіць нашу практыку малітвы. Таму пастараемся прысвяціць малітве больш часу, паспрабуем практыкаваць малітву разам у сям’і, будзем наведваць цудоўныя, асвячаныя шматвяковай традыцыяй набажэнствы Песняў жальбы і Крыжовага шляху, якія спалучаюць малітву з пабожным разважаннем пра Муку Пана Езуса. Будзем памятаць пра абавязак удзелу ў парафіяльных рэкалекцыях, не забудземся прыступіць да споведзі і святой Камуніі.

Другая вельмі важная практыка пакаяння ў час Вялікага посту — міласціна, значыць учынкі міласэрнасці адносна бліжніх. Агледзімся вакол сябе і тады з лёгкасцю заўважым людзей бедных, хворых, інвалідаў, самотных, пажылога ўзросту, бездапаможных і пакрыўджаных лёсам. Нам нельга быць абыякавымі да іх пакутаў. Наш хрысціянскі абавязак — дапамагчы ім, і дапамагчы мякка і далікатна. Няхай велікапосная міласціна дапамагае нам вызваляцца ад эгаізму і празмернай прывязанасці да матэрыяльных дабротаў. Будзем развіваць у сабе чуласць да чалавечай бяды, уменне спачуваць бліжнім і гатоўнасць дзяліцца з людзьмі, якія знаходзяцца ў патрэбе, тым, што маем.

Трэцяя практыка пакаяння — пост, значыць утаймаванне нашых пачуццяў. Сапраўдны пост — гэта нешта большае, чым толькі абмежаванне колькасці ежы і піцця. Сапраўднае ўтаймаванне — гэта дабравольнае адмаўленне ад таго, што непатрэбнае, празмернае або шкоднае, асабліва калі мы адчуваем сябе моцна прывязанымі да гэтага або прадбачым небяспеку залежнасці. Велікапосным устрыманнем можа быць адмаўленне ад алкагольных напояў, цыгарэт і іншых стымулятараў, абмежаванне прагляду тэлебачання, інтэрнэта ці карыстання тэлефонам, устрыманне ад азартных гульняў ці слухання гучнай музыкі. Кожнае дабравольна прынятае ўстрыманне ўмацоўвае волю, робіць нас чулымі да сапраўдных каштоўнасцяў і больш устойлівымі перад дзеяннем спакусаў.

Дарагія браты і сёстры! На пачатку Вялікага посту жадаю, каб гэтая саракадзённая вандроўка дарогамі пакаяння і навяртання стала для кожнага з нас сапраўдным шляхам з няволі граху да духоўнай свабоды Божых дзяцей.

Няхай добра і глыбока пражыты Вялікі пост дазволіць нам у паўнаце адчуць новую надзею велікоднага ранку, калі мы разам з жанчынамі станем перад пустой магілай Хрыста і пачуем самую радасную ў гісторыі чалавецтва прамову: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос» (Лк 24, 5–6).

Падтрымліваю вас, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі, сваёй малітвай і на плённае перажыванне Вялікага посту ад усяго сэрца благаслаўляю.

Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Гродна, 14 лютага 2024 г.

P.S. Пастырскі ліст належыць прачытаць у Першую нядзелю Вялікага посту, 18 лютага 2024 г., падчас усіх святых Імшаў на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.

Абноўлена 18.02.2024 19:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа