Пошук

05.02.2024 05:29   Фота: с. Марыя Мінютка USJK, Веслава Вішнеўская / Catholic.by

2 лютага ў капліцы Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра адзначылі адпустовую ўрачыстасць Ахвяравання Пана, якая ў народзе мае яшчэ адну традыцыйную назву — Маці Божай Грамнічнай.

Цэлебрацыю святой Імшы з гэтай нагоды ў адзінай святыні ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая мае такі тытул, узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які за тыдзень да гэтага адзначаў 10-годдзе з часу біскупскага пасвячэння.

Гамілію прамовіў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які напачатку сказаў, што дзесяць гадоў таму ў Касцёл на Беларусі увайшлі «тры мушкецёры» — тры новыя біскупы: Алег Буткевіч, Юрый Касабуцкі і Юзаф Станеўскі.

Заслужаны іерарх вобразна пажадаў біскупу Касабуцкаму «мушкецёрскай шпагай Божага слова бараніць нас ад зла».

Арцыбіскуп Кандрусевіч заўважыў, што падарожжа Немаўляткі Езуса ў Ерузалемскую святыню становіцца правобразам Яго апошняга падарожжа на Галготу, што «паказвае непарыўную сувязь, з аднаго боку, таямніцы Богаўцелаўлення, а з другога — Пасхальнай таямніцы смерці і Змёртвыхпаўстання, якія аб’ядноўвае ахвярная любоў Езуса».

Натхнёныя Святым Духам, старац Сімяон і прарочыца Ганна пазнаюць у Дзіцяці доўгачаканага Месію. Паводле словаў Сімяона, Езус з’яўляецца святлом для асвячэння язычнікаў і хвалой Ізраэля, які прызначаны на падзенне і паўстанне многіх і на знак, якому будуць супрацьстаяць.

«Гэтае прароцтва Сімяона мае фундаментальнае значэнне. Яно вучыць, што ў адносінах да Езуса нельга быць абыякавым: неабходна зрабіць выбар. Для тых, хто паверыць, Хрыстус будзе Збаўцам, а хто не паверыць — прычынай іх падзення. <…>

Свята Ахвяравання Езуса ў святыні заклікае нас, падобна Сімяону, праслаўляць Бога, за дар веры, якая адкрывае дарогу ў шчаслівую вечнасць. Заклікае яно таксама быць „свечкамі Хрыста“. Гэта нялёгка, асабліва ў наш час, калі вецер секулярызму і маральнага рэлятывізму хоча іх згасіць», — падкрэсліў арцыпастыр.

Ён дадаў, што ў гэтае свята Касцёл адзначае таксама Дзень кансэкраванага жыцця.

«Асобы, якія выбіраюць свой жыццёвы шлях згодна з евангельскімі парадамі цэлібату, беднасці і паслухмянасці, ахвяруюць сябе Богу», — сцвердзіў іерарх і павіншаваў прысутных прадстаўнікоў кансэкраванана жыцця, пажадаўшы ім Божага благаслаўленнчя і апекі Марыі ў жыцці паводле евангельскіх парад для сужэння Касцёлу і людзям. Сёстрам уршулянкам, якія клапоцяцца пра сацыяльны цэнтр, арцыбіскуп пажадаў «вытрываласці ў выхаванні маладога пакалення, каб паспяхова рэалізавалі ўскладзеную на іх плечы місію».

На заканчэнне гаміліі заслужаны іерарх прывёў словы аднаго святара, які жартам сказаў, што капліца ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры — гэта «капліца Маці Божай ад ваўкоў».

«Тут на вітражы мы бачым Марыю ў акружэнні ваўкоў. Паводле легенды, Марыя абараняла дзяўчынку ад гэтых драпежных звяроў, каля тая ішла з касцёла дамоў з запаленай грамнічнай свечкай», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч, параўнаўшы небяспечныя выклікі сучаснасці з ваўкамі, якія «нападаюць на нас, каб мы адмовіліся ад сваёй веры і замест вечных кашоўнасцяў выбіралі часовыя».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч па традыцыі завяршыў гамілію кароткай малітвай: «Марыя, Маці Божая Грамнічная, абараняй нас і не дазволь, каб мы паддаліся грэшным спакусам нашага часу, але дазволь заставацца вернымі хрысціянскаму пакліканню, быць святлом для асвятлення няверуючых і хвалой нашага народа».

Прысутныя на цэлебрацыі маленькія выхаванцы Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра таксама павіншавалі сясцёр уршулянак з іх святам і пажадалі апекі Маці Божай на кожны дзень іх прысвечанага Богу жыцця.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.