Пошук

30.01.2024 11:26   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by / Catholic.by

Каталіцкая евангелізацыйная супольнасць «Эхад», якая дзейнічае пры катэдральнай парафіі святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне, атрымала афіцыйны статус у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі.

Як паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч пасля некалькіх сустрэч з лідэрамі супольнасці зацвердзіў і падпісаў яе статут. Дакумент уручыў лідэру супольнасці Анатолю Канарскаму на нядзельнай сустрэчы «Эхад» ксёндз Алег Пятрашка, прызначаны пастаянным духоўным апекуном і касцёльным асістэнтам супольнасці.

На гэтай сустрэчы святар, які таксама атрымаў з рук біскупа Гродзенскага дэкрэт аб прызначэнні, быў афіцыйна прадстаўлены членам супольнасці і гасцям.

Каталіцкая евангелізацыйная супольнасць «Эхад» дзейнічае на працягу шасці гадоў. Першая сустрэча адбылася 4 сакавіка 2018 года.

У перакладзе са старажытнагабрэйскай мовы Эхад азначае «адзінства». Асноўны кірунак дзейнасці супольнасці «Эхад» — евангелізацыя і духоўнае развіццё яе членаў, сяброў і гасцей сустрэч, якія яна праводзіць. «Эхад» шчыльна супрацоўнічае з іншымі каталіцкімі супольнасцямі з розных гарадоў і імкнецца прыносіць духоўны плён дзеля дабра Каталіцкага Касцёла і хрысціянскага свету.

Члены «Эхад» спадзяюцца, што афіцыйнае зацвярджэнне заахвоціць іх супольнасць, а таксама іншыя касцёльныя супольнасці і рухі да яшчэ больш стараннай працы на карысць Касцёла на Беларусі ў плённым супрацоўніцтве з іерархамі Касцёла і згодна з яго вучэннем.

Знамянальна, што афіцыйнае зацвярджэнне касцёльнай уладай новай евангелізацыйнай супольнасці адбылося ў Пастырскі год, які ў мясцовым Касцёле прысвечаны тэме «Касцёльныя рухі ў евангелізацыі Беларусі».

Падрабязней пра супольнасць «Эхад» можна даведацца на яе сайце Ehad.by.

Абноўлена 30.01.2024 11:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.