Пошук

18.01.2024 15:40   Catholic.by
Фота Аляксандры Шчыглінскай

18 студзеня 2014 года ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску падчас урачыстай Імшы адбылося біскупскае пасвячэнне Алега Буткевіча.

Галоўным пасвячаючым біскупам быў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, асістуючымі — Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і тагачасны Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Гродзенскі.

Прызначаючы ксяндза Алега Буткевіча біскупам яго роднай Віцебскай дыяцэзіі, у намінацыйнай буле ад 29 лістапада 2013 года Папа Францішак, між іншым, напісаў:

«Каб была адпаведна забяспечана катэдра віцебскага Касцёла, <…>, ты, улюбёны Сыне, хвалебнымі здольнасцямі надзелены і ў святых рэчах дасведчаны, быў прызнаны адпаведным, каб ёю кіраваць».

Святы Айцец запэўніў новапрызначанага пастыра Віцебскай дыяцэзіі ў сваёй малітве: «Для цябе ж, улюбёны Сыне, праз заступніцтва благаслаўлёнай Панны Марыі і пасрэдніцтва святога Язафата, шчодрых дароў Духа Святога просім, каб з Яго дапамогай табе давераных верных ты мог пасвіць старанна, з развагай і пабожна ды „больш чынам, чым словам“ (Св. Бэнэдыкт, Рэгула 2.12)».

У дзень біскупскага пасвячэння нунцый Гуджэроцці, звяртаючыся да сабраных у віцебскай катэдры шматлікіх вернікаў, сказаў: «Выбраны — ваш сын і брат. <…> Ён сын гэтай зямлі».

«Дарагі брат, перад табой асаблівы абавязак — абвяшчаць Евангелле ў ролі біскупа, — звярнуўся прадстаўнік Папы да біскупа наміната. — Ты біскуп Касцёла віцебскага, а таксама паўсюднага Касцёла. З усёй Калегіяй Біскупаў ты з’яўляешся сведкам Хрыста. Твая адказнасць не будзе датычыцца толькі віцебскага Касцёла – яна будзе датычыцца Касцёла паўсюднага. <…> І ўвесь час ты павінен адчуваць сябе членам вялікага паўсюднага Касцёла», — сказаў галоўны пасвячаючы біскуп.

«Да сённяшняга дня ты быў верным. Будзь верным ажно да канца часоў сваёй абранніцы — Касцёлу», — заклікаў Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроцці новага біскупа.

Звяртаючыся да сваёй паствы, новапасвячаны біскуп Буткевіч сказаў: «Касцёл — гэта брама, брама да Божага Валадарства. Наша заданне — зрабіць так, каб гэтая брама была адчынена, <…> каб у Касцёле чалавек знаходзіў Хрыста, каб бачыў, адчуваў Яго Божую любоў, каб чалавек мог Яго тут знайсці.

Любіце гэты Касцёл! Так, ён часам недасканалы, слабы, бо складаецца з людзей <…> Але моц гэтага Касцёла залежыць ад нашай з вамі веры: той веры, якую нам на гэтай зямлі перадалі, часам коштам свайго жыцця, нашы бацькі, нашы дзяды»,— падкрэсліў біскуп Алег Буткевіч у гэтай сваёй першай прамове адразу пасля пасвячэння.

14 красавіка 2021 года біскуп Віцебскі Алег Буткевіч быў абраны Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Абноўлена 13.02.2024 11:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця