Пошук

03.01.2024 17:01   Тэкст: Дар’я Семянько / Фота: Рыта Ляховіч

У нядзелю, 31 снежня, у магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава адзначылі Свята Святой сям’і. Святую Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Напачатку свайго казання біскуп Аляксандр звярнуў увагу вернікаў на прадокс: як прывесці «ў прыклад» Святую сям’ю, дзе нічога не здаецца «нармальным«?

«У вачах чалавека з вуліцы, а дакладней, жыхара Назарэта, гэтая сям’я далёка не ўзорная: маці цяжарная да таго, як пачала жыць з мужам; меркаваны бацька дзіцяці не з’яўляецца біялагічным бацькам; плоднасць у ёй мінімальная: народзіцца толькі адзін сын», — адзначыў біскуп.

Але ж, на думку іерарха, ў вачах верніка там таксама цяжка ўбачыць прыклад для наследавання:

«Маці без граху, яна нават з’яўляецца Дзевай пасля родаў; айцец захоўвае цнатлівасць ва ўстрыманні нават у шлюбе; дзіця — узор паслухмянасці, бясконца больш дасканалы за сваіх бацькоў... Дык чаму Езус, Марыя і Юзаф даюцца ў якасці прыкладу хрысціянскім сем’ям?»

Адказ на гэтае пытанне дае сам Езус падчас свайго публічнага жыцця. «Калі Яму сказалі, што Марыя шукае Яго, Ён сказаў, што Яго маці, Яго браты і сёстры гэта тыя, хто слухае слова Божае і жыве ім. Ён навучае сваіх вучняў, што трэба «ненавідзець бацьку і маці» і ўсіх сваякоў, каб пайсці за Ім», — нагадаў пастыр.

Па словах біскупа Аляксандра, гэтымі парадаксальнымі, нават шакавальнымі словамі Хрыстус сцвярджае, што наша першае галоўнае сваяцтва — гэта сваяцтва, у якім Бог прапануе нам жыць з Ім. «Далёкія ад таго, каб ставіць пад сумнеў шлюбную мараль і значнасць Божых запаведзяў у хрысціянскім шлюбе, словы Езуса пра сям’ю, здаецца, кажуць нам: Толькі памятаючы, што вы дзеці Божыя, вы зможаце зразумець, чым ёсць Айцец і чым ёсць Сын».

Біскуп Яшэўскі падкрэсліў, што, такім чынам, прыходзіць і адказ на пытанне пра Святую сям’ю:

«У гэтай Сям’і з Назарэта Бог уладарыць ва ўсім: Марыя — яго самая верная слуга, самая пакорная, але самая любімая Богам; Юзаф — гэта ціхі муж, які сузірае, разважае і дзейнічае, заўсёды падпарадкоўваючыся Богу; Езус — гэта Слова Божае, Сын, народжаны, не створаны, адзінасутны з Айцом...

Як уявіць сабе сям’ю, дзе Бог прысутнічае да такой ступені і дзе ўсё робіцца, усё кажацца, усё вырашаецца пад Божым позіркам?»

Напрыканцы свайго казання, пастыр параіў прысутным сем’ям заўсёды прыслухоўвацца да голасу Хрыста: «Адзіны, унікальны сродак ад столькіх пакут знаходзіцца ў Богу і толькі ў Богу. У ім адным — прабачэнне, любоў, вернасць, цярплівасць, радасць, лагоднасць і надзея.

Толькі ўпаўшы на калені, аб’яднаўшыся, пад позіркам Айца нашы сем’і змогуць вытрымаць буры, катаклізмы і выйсці пераможцамі з пякельнай і жорсткай барацьбы, якую спараджае наша грамадства, без арыенціраў і без Бога!»

Пасля казання біскупа Аляксандра ў сценах старажытнай святыні адбыўся прыгожы і кранальны абрад: магілёўскія сем’і розных узростаў аднавілі дадзеныя Богу і адзін аднаму падчас сакраманту шлюбу абяцанні.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа