Пошук

12.12.2023 10:20   Тэкст: Ганна Шаўчэнка / ave-maria.by
Фота: ave-maria.by

Снежаньскі нумар часопіса «Ave Maria» закранае няпростую тэматыку, прысвечаную абароне жыцця.

Яго кароткі агляд змешчаны на сайце выдання ave-maria.by.

У шчымлівым смутку па шчодрым летнім сонцы, у снежаньскім холадзе часам думаецца, што кароткі літургічны перыяд Адвэнту — гэта сапраўдны паратунак для ўсіх, хто цяжка перажывае і гэтыя змрочныя зімовыя дні з іх бясконцымі халадамі і хваробамі, і вялікія жыццёвыя выпрабаванні.

Адвэнт — нібы светач, які нагадвае, што надзея ёсць… Гэта больш яскрава пачынаеш разумець, узяўшы ў рукі снежаньскі нумар часопіса «Ave Maria» і заглыбіўшыся ў яго няпростую тэматыку, прысвечаную абароне жыцця.

Распачынаецца нумар публікацыяй урыўка з Паслання арцыбіскупа Юзафа Станеўскага «Адвэнт — заклік да надзеі»; за ім следам ідзе цыкл матэрыялаў пра ролю Панны Марыі ў духоўным узрастанні кожнага верніка, пра сям’ю і выхаванне дзяцей, пра адказнасць за кожнае жыццё як Божы дар. У рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» ксёндз Андрэй Рылка разважае на тэму «Ці любіць Бог дзіця, народжанае метадам ЭКА?», бо ў многіх вернікаў ёсць спакуса інтэрпрэтаваць вучэнне Касцёла на сваю карысць, маўляў, «калі чалавек з дапамогай такой тэхналогіі быў зачаты і нарадзіўся, значыць, і ён быў спрадвеку ў Божых планах».

Пра ўменне духоўна засяроджвацца, якога патрабуе атмасфера чакання ў Адвэнце дый усё нашае жыццё, апавядае айцец Юрый Кулай OCD у артыкуле «Засяроджанне дзеля якасці жыцця». Цікавую і шчырую гутарку з ксяндзом Андрэем Лысым SChr правяла Тэрэса Клімовіч: у публікацыі «Як прысвяціць сябе Маці Божай?» святар дзеліцца глыбокім досведам ушанавання Найсвяцейшай Панны Марыі па прыкладзе святога Людвіка Марыі Грыньёна дэ Манфора. Марыйную тэматыку працягвае Віктар Ведзень у чарговым артыкуле пра перэгрынацыю копій абразоў Маці Божай «…Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?».

У 90-ю гадавіну дзейнасці Кангрэгацыі сясцёр уршулянак на нашай зямлі Іна Бігель запісала аповед гісторыка Паўла Каралёва пра вялікія справы гэтай манаскай супольнасці, галоўная місія якой — апека над дзецьмі («Апосталкі Усходу»).

Цёпла і светла на сэрцы становіцца ад знаёмства з сем’ямі, якія з даверам да Бога перажываюць усе жыццёвыя выпрабаванні (артыкулы «Жыве такая сям’я…» Галіны Калевіч і «У чаканні» Іны Бігель) і з асобнымі людзьмі, якія не баяцца раскрыцца перад чытачамі ў сваіх успамінах (публікацыі «Маліцца за ненароджаных дзяцей…» Алены Фадзеевай і «Не бывае чужых дзяцей» Паліны Грыб). Гарманічна дапаўняюць гэтыя матэрыялы надрукаваныя ў часопісе паэтычныя творы: вершы Габрыэлі Пузыні (у перакладзе Ірыны Багдановіч), ксяндза Вацлава Бурылы і Вольгі Седаковай (адпаведна ў перакладзе Крыстыны Лялько і Аксаны Данільчык).

Урэшце, поўную радасць ад святкавання Божага Нараджэння, ад прыняцця ў сэрца Езуса па прыкладзе Яго Маці Марыі мы зможам спазнаць толькі тады, калі будзем вольныя ад крыўдаў — на іншых людзей і на саміх сябе.

Пра шлях да прабачэння разважае сястра Паўла Бобер у артыкуле «Прабачэнне як крыніца гармоніі ў сэрцы».

«Няхай жа „Малітвы да Святой Сям’і“ з апошніх старонак вокладкі дапамогуць нам пераадолець усе цяжкасці, у поўным спакоі і засяроджанасці сустрэць святы і дарыць адно аднаму любоў!» — завяршаецца пажаданнем агляд снежаньскага нумару часопіса «Ave Maria».

Набыць часопіс можна:

  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.