Пошук

12.12.2023 13:04   Падрыхтавала: Аляксандра Шпілеўская / Паводле: Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі / Фота: з архіву Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі / Catholic.by

9 і 10 снежня ў вёсцы Ляскоўка (Мінскі раён), а потым у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбылася сустрэча валанцёраў парафіяльных Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Удзел у мерапрыемстве ўзялі валанцёры, якія актыўна вядуць дзейнасць у парафіях у Заслаўі, Маладзечне, Нясвіжы і Стоўбцах.

Сярод жадаючых далучыцца да дабрачыннай дзейнасці Caritas былі вернікі парафій Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха на Залатой Горцы, Мінск), Найсвяцейшага Імя Марыі (Мінск), святога Андрэя, апостала, і святога Леапольда Багдана Мандзіча (Мінск), святых Сымона і Алены (Мінск), Найсвяцейшага Сэрца Езуса і святога Крыштафа (Калодзішчы), Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Будслаў).

Першы дзень у Дзіцячым дабрачынным цэнтры святога Лукі распачаўся святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў дырэктар Caritas Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі брат Анатоль Ярошка OFMCap.

У гаміліі ён звярнуў увагу на важнасць валанцёрскай дзейнасці. Брат Анатоль пажадаў прысутным быць святлом і несці надзею людзям патрабуючым, мець адвагу і не звяртаць увагі на цяжкасці і перашкоды, якія ўзнікаюць на шляху; быць рашучымі ў сваёй дзейнасці і мець вялікі давер да Бога, які клапоціцца пра кожнага чалавека праз ўчынкі міласэрнасці, што здзяйсняюць валанцёры.

Пасля супольнай малітвы ўдзельнікі сустрэчы перайшлі ў канферэнц-залу. Дырэктар Caritas прывітаў валанцёраў і перадаў слова сястры Валерыі Пацукевіч MSF, якая з’яўляецца адказнай за дабрачынную дзейнасць  у Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і.

Сястра Валерыя правяла трэнінг, падчас якога распавяла пра важныя характырыстыкі, якімі павінна акрэслівацца якаснае валанцёрства: бясплатнасць, карыснасць, акцэнт на сацыяльныя групы, маштаб працэсу.

Законніца падкрэсліла асаблівую важнасць духоўнасці валанцёраў. Яна параіла запрашаць Бога да кіраўніцтва штодзённымі справамі, заклікала ахвяроўваць працу ў канкрэтных інтэнцыях, а таксама рабіць рахунак сумлення на заканчэнне дня.

На працягу трэнінга сястра распавядала пра хрысціянскае служэнне па кнізе Тобія.

Законніца звярнула ўвагу ўдзельнікаў сустрэчы на тое, што чалавек — гэта начынне, якое патрэбна напаўняць, каб быць карысным, а не пустым. І таму патрэбна абавязкова ўдзяляць час на адпачынак і напаўняць сябе цікавымі ведамі, а таксама духоўнай літаратурай і клапаціцца пра сваё цела.

Увечары валанцёраў чакала забаўляльная праграмма. Удзельнікі сустрэчы з радасцю паказалі свае тэатральные здольнасці ў бібліядраме па ўрыўках са Святога Пісання, падзяліліся сваімі музычнымі талентамі і вершамі ўласнага напісання.

Другі дзень распачаўся з Імшы ў мінскай катэдры Найсвяцейшага Імя Марыі, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Іерарх цэлебраваў святую Імшу ў інтэнціі валанцёраў.

«Браты і сёстры, пажадана, каб у кожнай парафіі дзе гэта магчыма, быў створаны парафіяльны цэнтр Caritas, дзейнасць якога адпавядала б яго мэтам. Гэта сродак, які дапамагае парафіяльнай супольнасці даваць штодзённае сведчанне хрысціянскай любові ў адносінах да тых людзей, якім так патрэбна дапамога»,

— пажадаў арцыбіскуп.

Сустрэча працягнулася ў дольным касцёле, дзе намеснік дырэктара Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Вольга Лабуць прадставіла вынікі дзейнасці арганізацыі за 2023 год, а таксама падрыхтавала прэзентацыю пра сутнасць працы парафіяльнага Caritas.

У сваім выступе яна падкрэсліла, што Caritas з’яўляецца нед’емнай часткай Касцела, разам з літургіяй і катэхізацыяй, а таксама той факт, што кожны хрысціянін пакліканы да справаў міласэрнасці. Таксама была падкрэслена матадалогія працы Caritas па прынцыпе «слухаць–назіраць–распазнаваць», што дазваляе адпаведным чынам рэагаваць на патрэбы супольнасці. Эфектыўнасць методыкі падкрэсліваюць і шматлікія праэкты Caritas.

У кожнага ўдзельніка была выдатная магчымасць зрабіць маленькую добрую справу — падпісаць віншавальныя паштоўкі для людзей, якія знаходзяцца ў аддзяленні сястрынскага догляду Крупскай бальніцы і ў адзяленні кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Бярэзінскага ТЦСАН.

Валанцёры з Заслаўя, Маладзечна, Нясвіжа і Стоўбцаў прадставілі дабрачынную дзейнасць сваіх парафіяльных цэнтраў Caritas за ўвесь час з пачатку іх заснавання.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі выказаў словы ўдзячнасці валанцёрам і заклікаў далучаць да дабрачыннай дзейнасці ўсю парафіяльную супольнасць, каб кожны здзяйсняў запаведзі Езуса Хрыста служачы бліжнім і патрабуючым.

Валанцёры парафіяльных Caritas былі ўзнагароджаны граматамі падзякі за ўнёсак у сацыяльную дапамогу і распаўсюджванне справаў дабрачыннасці, за чалавечую годнасць і міласэрнасць.

 

Абноўлена 12.12.2023 21:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа