Пошук

02.12.2023 07:55   Catholic.by

 

Арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Старшыня Камісіі агульнага душпастырства пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, кіруе вернікам слова на Адвэнт 2023 года.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
ЖЫЦЬ РАДАСЦЮ АДВЭНТАВАЙ НАДЗЕІ
Слова на Адвэнт 2023

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Сардэчна вітаю вас у першую нядзелю Адвэнту, якой Касцёл распачынае новы літургічны год. Звычайна на Новы год мы складаем адзін аднаму святочныя зычэнні. Таксама і я сёння жадаю вам, каб новы літургічны год прынёс як мага больш радасці ад сустрэчы з Езусам, ад свята Яго Нараджэння, да якога мы распачынаем падрыхтоўку.

Касцёл распачынае новы літургічны год з новай надзеяй. Адвэнт, які часта нібы губляецца ў вонкавай, напоўненай шопінгам і спажывальніцтвам падрыхтоўцы да святаў, тым не менш з’яўляецца часам надзеі. Мы не самотныя з нашымі праблемамі. З намі Бог, які нас стварыў і збавіў і цяпер прыходзіць у Святым Пісанні, сакрамэнтах і справах міласэрнасці.

Бог прыходзіць, каб узбагаціць нашую асабістую і супольную гісторыю, нашыя надзеі і жаданні, кажа Папа Францішак.

Ён прыходзіць, каб выратаваць нас, бо «калі Пан не прыйдзе да нас, то мы бездапаможныя», — так сказаў святы біскуп Максім Спаведнік.

Адвэнт — гэта час падрыхтоўкі нашых сэрцаў да прыйсця Пана: адзінага Справядлівага Суддзі, які аддае чалавеку паводле яго заслугаў. Гэта вельмі важна ў наш час, калі людзі так моцна прагнуць павагі, справядлівасці і сумленнасці, бо на жыццёвым небасхіле не бачаць пазітыўных знакаў. Ён таксама пасылае нас прапаведваць, асабліва тым, хто абцяжараны сваімі грахамі. Бог ёсць справядлівасць. Таму мы, хрысціяне, пакліканыя быць міратворцамі ў свеце, заснаваным на справядлівасці, вучыць Папа Францішак.

Падчас Адвэнту мы абвяшчаем і святкуем нашую надзею і веру ў тое, што Бог заўсёды верны сваім абяцанням, і што Ён прыходзіць зноў і зноў, каб ратаваць нас, аздараўляць, суцяшаць, быць з намі.

Бог вядзе нас у новую будучыню і заклікае не жыць настальгіяй па мінулым, а ісці наперад. Таму наша адвэнтавая малітва павінна быць напоўнена гэтай надзеяй, бо перажываем складаныя часы.

Нашае чаканне радасці Божага Нараджэння становіцца тым большым, чым большая глыбіня крызісу сучаснага свету. Хрысціянская надзея не наіўная і не выклікае настальгіі па мінулым. Хутчэй, яна рэалістычная ў сваёй вернасці і смеласці. Надзея здольная бачыць заўтрашні дзень.

Папа Францішак кажа, што надзея — гэта адчыненыя ў будучыню дзверы. Гэта сціплае зерне жыцця, якое з часам ператворыцца ў вялікае дрэва. Яна, як нябачныя дрожджы, якія дазваляюць расці ўсяму цесту і ўносяць водар ва ўсе аспекты нашага жыцця. Надзея змяняе ўсё.

Калі мы рыхтуемся святкаваць надзвычайны дар любові, якім ёсць ўцелаўленне Бога, Касцёл запрашае нас зрабіць рахунак сумлення з таго, як мы рыхтуемся не толькі да святкавання Нараджэння Пана, але і да таго, ці мы любім адзін аднаго так моцна, як нас любіць Бог.

Божае слова першай нядзелі Адвэнту заклікае да малітвы і чування, з мэтай не паддацца спакусам злога духа, каб з упэўненасцю стаць перад Сынам Чалавечым як суддзёй.

Хрысціянства перажывае нялёгкі час і сутыкаецца з велізарнымі праблемамі. У першую чаргу з тым, што дамінуючая ў свеце ліберальна-секулярная культура насцярожана, а часам нават і варожа, ставіцца да веры. Трэба прызнаць, што таксама нашыя, не заўсёды добрыя, прыклады хрысціянскага жыцця адштурхоўваюць многіх людзей ад Касцёла. Тым не менш, як хрысціяне мы пакліканыя з надзеяй несці Добрую Навіну ўсяму свету, суправаджаць людзей на ўсіх этапах жыццёвага шляху да сустрэчы з Езусам Хрыстом.

Як кожны з нас, так і ўвесь Касцёл, мы маем патрэбу ў аднаўленні і ачышчэнні. І гэта мы павінны рабіць ва ўсёй супольнасці Касцёла як Божага народа. Да гэтага заклікае нас Сінод біскупаў аб сінадальнасці, а менавіта аб большым і актыўным удзеле ўсіх вернікаў у жыцці Касцёла і вырашэнні яго праблем, перадусім праз навяртанне розуму і сэрца, а таксама паглыбленні духа малітвы і ўвагі да Божага слова.

Таму неабходна выкарыстаць час Адвэнту як часу малітвы і разважанняў, каб духоўна аднавіцца. Мы павінны быць адкрытымі на дзеянне Духа Святога, які вядзе нас у нашай місіі носьбітаў святла і Добрай Навіны людзям нашага часу.

Мы таксама павінны шанаваць сваю гісторыю і традыцыі і чэрпаць сілу і натхненне з таго, што нам пакінулі продкі. Але адначасова мы не павінны баяцца вырабляць новыя мяхі, каб у іх несці новае віно Добрай Навіны тым, хто яго прагне.

Адвэнт — гэта час радаснага чакання прыйсця Збаўцы. Для гэтага неабходна рашуча адмаўляцца ад таго, што перашкаджае духоўнаму аднаўленню і радасці, якая з гэтага вынікае і для якой стварыў нас Бог.

А ёсць ад чаго адмовіцца. У пастаянным імкненні да поспеху за любы кошт нам не хапае не толькі часу і сілаў, але нават сэнсу і мэты жыцця. Мы пачынаем прыпадабняцца да чалавека, які тупой сякерай сячэ дрэва, скардзіцца і стамляецца, але яму шкада змарнаваць хвіліну часу, каб завастрыць яе. Мы стамляемся не толькі з-за таго, што ўжо зрабілі, але таксама з-за задач, якія яшчэ перад намі.

Рашучасць у дзеянні з’яўляецца ключавой якасцю ў нашым маральным і духоўным жыцці. Паглядзім на спартоўцаў. Не ўсе гатовыя прабегчы марафон. Для гэтага патрэбная вельмі добрая фізічная падрыхтоўка. Ці можна менш сур’ёзна ставіцца да духоўных практыкаванняў? Гэта было б безадказна і неразумна.

Мы, католікі, называем Касцёл нашай Маці. А маці прад’яўляе свае патрабаванні дзецям. Адно з патрабаванняў Касцёла — гэта прымаць удзел у Імшы кожную нядзелю. Мы гаворым пра абавязак, хоць больш правільна было б казаць пра прывілею. На Імшы мы штонядзелі чэрпаем з крыніцы нашай радасці, бо Пан блізка, Ён прыходзіць да нас у святой Камуніі і Божым слове. Мы ўдзельнічаем у боскасці Хрыста, які прынізіў сябе, каб прыняць удзел у нашай чалавечнасці.

Падчас Адвэнту Касцёл таксама заклікае да ўдзелу ў іншых набажэнствах, такіх як традыцыйныя рараты, пакаянныя набажэнствы, рэкалекцыі і іншыя. Яны дазваляюць нам практыкаваць жыццё з радасцю паводле нашай веры.

Мы добра ведаем, што радасць несумяшчальная з болем. Быць чалавекам вельмі складана, бо ў нас ёсць жахлівая здольнасць прычыняць адно аднаму боль. Таму Касцёл заклікае да навяртання сэрца і актывізацыі волі, каб з руінаў маральнага і фізічнага болю паўстала новае, благаслаўлёнае, мірнае жыццё. У святле веры такое стаўленне не з’яўляецца нерэалістычным, але поўным надзеі, бо моцай Божай ласкі мы, самі па сабе бяссільныя, становімся здольнымі на ўсё.

Нас павінен трывожыць стан нашай асабістай веры і веры нашага грамадства. На вялікі жаль, вера слабне і нават знікае. Еўропа ўжо больш не з’яўляецца хрысціянскай, а постхрысціянскай. Мы нясем адказнасць за перадачу веры іншым людзям. Для гэтага мы самі павінны паглыбляць яе.

Дрэва без моцных каранёў і вады хутка засохне. Нашаму хрысціянскаму дрэву патрэбныя моцныя карані традыцыі і вада Божай ласкі. Нам патрэбнае Божае слова і вучэнне Касцёла. Мы таксама патрэбныя адно аднаму, каб ствараць сапраўдныя, жывыя і радасныя супольнасці.

Пры ўсім гэтым нам неабходны высокі хрысціянскі стандарт нашага жыцця, які праяўляецца ў любві да Бога і бліжняга. Няхай жа Адвэнт стане такім часам, каб мы маглі жыць радасцю новай надзеі, якая не асароміць, як вучыць святы апостал Павел (пар. Рым 5, 5).

Ёсць гісторыя пра чатыры свечкі і маленькага хлопчыка. У пакоі на стале гарэлі чатыры свечкі. Яны ціха размаўлялі паміж сабой. Першая сказала: «Я — мір. На жаль, людзі мяне ўжо не абараняюць», — і згасла. Другая сказала: «Я — вера, але ў сучасным свеце я нікому не патрэбная», — і згасла. Трэцяя дадала: «Я — любоў, але ўжо не маю сілы гарэць», — і таксама згасла. У гэты момант хлопчык увайшоў у пакой, убачыў тры згаслыя свечкі і, звяртаючыся да чацвёртай, сказаў: «Ты гарыш, бо ведаеш, што я баюся цемры», — і заплакаў. Тады чацвёртая свечка сказала: «Пакуль я гару, заўсёды застаецца надзея, бо ад мяне можна запаліць іншыя». Хлопчык узяў свечку, запаліў іншыя тры і радасна засмяяўся. Няхай жа надзея, якую ў нашае жыццё нясе Адвэнт, ніколі не згасае ў нашых сэрцах. Яна запаліць мір, веру і любоў.

Благаслаўлёнага Адвэнту ўсім вам, дарагія браты і сёстры!

Даручаючы вас апецы Марыі — Маці адвэнтавага чування, на шлях адмысловай падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня Камісіі агульнага душпастырства
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 26 лістапада 2023 г.
Урачыстасць Хрыста Валадара сусвету

 

Абноўлена 02.12.2023 07:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця