Пошук

27.11.2023 14:10   Падрыхтавала: Аляксандра Шпілеўская / Фота: з архіву парафіі ў Вілейцы / Catholic.by

26 лістапада ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адзначылі 20-годдзе парафіяльнага хору «‎Angeli» — «Анёлы».

Ва ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, цэлебрацыю святой Імшы ў вілейскай святыні ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

На пачатку Літургіі да вернікаў звярнуўся пробашч парафіі ксёндз канонік Аляксандр Барыла, дэкан Вілейскі. Святар нагадаў прысутным, што 2023 год стаў знамянальным для вілейскай парафіі, бо сёлета мясцовая супольнасць святкуе дзве «круглыя» даты: 20-годдзе парафіяльнага хору «‎Angeli» і 110-ю гадавіну кансэкрацыі святыні, якую вернікі адзначылі 14 верасня.

«‎Мы ўзгадваем той далёкі 2003 год, калі, святкуючы успамін святой Цэцыліі, група нашых дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам 23-гадовай Анны Аўсейчык упрыгожылі літургію як хор пад назвай „Angeli“. Хор стаў неад’емнай часткай нашай касцёльнай сям’і», — прыгадаў ксёндз Аляксандр.

Душпастыр парафіі распавёў пра невідавочную, але вельмі важную функцыю, якую выконвае хор «‎Angeli», бо яго жыццё — гэта таксама ўдзел у разнастайных духоўных практыкаваннях, рэкалекцыях, пілігрымках і сімпозіумах як у Беларусі, так і за яе межамі.

«‎Хор дапамог усім нам палюбіць літургію Касцёла і ў ёй распазнаць прыгажосць самога Бога. Многія з тут прысутных распачалі духоўнае жыццё дзякуючы таму, што ў святыні пачулі прыгожы спеў, які ўзнёс іх душу да нябёсаў», — падкрэсліў шматгадовы вілейскі пробашч.

Па словах святара, хор — гэта не толькі супольнасць спяваючых дзяцей, моладзі, дарослых, але і школа рэлігійнага жыцця, у якой з пакалення ў пакаленне перадаюцца таксама хрысціянскія каштоўнасці.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу на тое, што Папа Пій ХІ у 1925 годзе ўстанавіў свята Хрыста Валадара, каб нагадаць аб тым, што Езус Хрыстус з’яўляецца «адзіным суверэнным Каралём».

«Хоць у наш час імператары і каралі засталіся толькі ў падручніках па гісторыі або адыгрываюць выключна рэпрэзантацыйную ролю, мы ўшаноўваем Хрыста як Валадара сусвету, узводзячы Яго на трон у нашых сэрцах», — заўважыў іерарх.

«Гэтае свята заклікае нас бачыць Хрыста Валадара ва ўсіх людзях і ставіцца да кожнага чалавека з такой жа любоўю, міласэрнасцю і спачуваннем, як Езус», — падкрэсліў арцыбіскуп і нагадаў, што з завяршэннем зямнога жыцця «час міласэрнасці завяршаецца і настае час справядівасці».

Арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што на Апошнім судзе Бог не будзе браць пад увагу веды і навуковыя ступені, славу і ўплыў, багацце і маёмасць, але веру і яе практычнае праяўленне ў справах міласэрнасці.

«Сёння, калі завяршаем чарговы літургічны год, зробім рахунак сумлення, каб адказаць на істотнае пытанне, да якога заклікае нас Евангелле: ці наша вера праяўляецца ва ўчынках, бо інакш яна мёртвая, як вучыць святы апостал Якуб, і нас можа чакаць незайздросны лёс»‎ — заахвоціў удзельнікаў Эўхарыстыі арцыпастыр.

Ён пажадаў вілейскім вернікам, каб іх вера, памножаная на ўчынкі міласэрнасці, а таксама прыгожыя спевы і канцэрты парафіяльнага хору ўзбагачалі іх жыццё і вялі ў радасць вечнага шчасця ў Валадарстве Хрыста — Караля сусвету.

Напрыканцы святой Імшы ксёндз Аляксандр Барыла падзякаваў за ахвярнае служэнне парафіі цяперашнім і былым удзельнікам хору і асабліва яго кіраўніцы Анне Аўсейчык, якая прысвяціла гэтай справе 20 гадоў свайго жыцця. Таксама ксёндз узгадаў памерлых вернікаў, якія зрабілі ўнёсак у развіццё творчага калектыву і захавалі традыцыйныя спевы продкаў.

Святар таксама звярнуўся да арцыбіскупа са словамі падзякі за яго прысутнасць, настаўленне і ўдзел у супольнай малітве ў важны для парафіі дзень.

Абноўлена 27.11.2023 14:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця