Пошук

03.10.2023 14:35   Тэкст: а. Юрый Кулай OCD / Фота: з архіву Рэгіянальнага вікарыяту кармэлітаў босых у Беларусі / Catholic.by

30 верасня, напярэдадні ўспаміну святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, пры парафіі Божага Цела ў Мінску, дзе нясуць служэнне айцы кармэліты босыя, адбыўся сімпозіум з нагоды 150-й гадавіны з часу нараджэння гэтай святой, а таксама з нагоды дзясятай гадавіны з часу перэгрынацыі яе рэліквій у Беларусі.

Сімпозіум адкрыў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Напачатку ўсе прысутныя праспявалі гімн перэгрынацыі рэліквій святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса ў Беларусі «Прыйдзі, любові подых», першыя словы якога сталі дэвізам святкавання, пасля чаго біскуп узначаліў малітву на распачацце, прывітаў прысутных і абвясціў сімпозіум адкрытым.

Наступным да прысутных звярнуўся Рэгіянальны Вікарый кармэлітаў босых у Беларусі айцец Пётр Фраштэнга OCD, які прывітаў удзельнікаў і падзяліўся асабістымі перажываннямі і гісторыяй свайго духоўнага сяброўства са святой Тэрэзкай. Музычнае суправаджэнне і спеў падчас мерапрыемства забяспечыў гурт праслаўлення Verbum Dei, які дзейнічае пры парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Мінску. На сімпозіум прыбылі кармэліты босыя, сёстры законныя, прадстаўнікі свецкага Ордэна кармэлітаў босых і вернікі з кармэліцкіх парафій у Гудагаі, Мядзелі, Нарачы, з розных парафій Мінска, а таксама мясцовыя парафіяне, якія актыўна ўключыліся ў падрыхтоўку і правядзенне форуму.

На сімпозіуме прагучалі даклады, у якіх была прадстаўлена асоба і духоўнасць святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса і Найсвяцейшага Аблічча. З першым дакладам на тэму: «У сэрцы Касцёла, маёй Маці, буду любоўю» выступіў айцец Аркадзь Куляха OCD, кармэліт босы, пробашч і кусташ санктуарыя Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі.

Святар адзначыў на прыкладзе святой Тэрэзы, што быць у Касцёле любоўю значыць быць усім найлепшым і найважнейшым. Тое, што немагчыма чалавечымі сіламі, заўсёды магчыма пры супрацоўніцтве з Божай ласкай.

Пасля смачнага абеду, падрыхтаванага гасціннымі парафіянамі, і Вяночка да Божай Міласэрнасці з наступным дакладам на тэму «Давер Богу ў жыцці і на шляху духоўнага сыноўства святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса» да ўдзельнікаў сімпозіума звярнуўся айцец Крыштаф Вэсалоўскі OCD, кармэліт босы, які служыць у супольнасці і парафіі кармэлітаў босых у Лодзі, што ў Польшчы. Святар звярнуў увагу на тое, што ў святле духоўнасці святой Тэрэзы сапраўдная вера грунтуецца не на набыцці толькі ведаў, а на прыманні сэрцам таго, што дае нам Бог, і ў выкананні Яго волі.

З трэцім дакладам на тэму «Гісторыя перэгрынацыі рэліквій святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса ў Беларусі» да прысутных звярнулася сястра Таццяна Касабуцкая CSCII, кармэлітка Дзіцяткі Езуса і настаяцельніца супольнасці сясцёр гэтай кангрэгацыі ў Брэсце. Сястра распавяла, а таксама пры дапамозе слайдаў, фотаздымкаў і кароткіх відэа прадставіла катэгорыі, на якія падзяляюцца рэліквіі святых, і гісторыю перэгрынацыі рэліквій святой Тэрэзы ў Ліз’ё, у Францыі, у свеце і ў Беларусі.

У перапынках паміж дакладамі гурт Verbum Dei выконваў спевы з альбома «Крылы любові», запісанага спецыяльна на перэгрынацыю рэліквій у Беларусі. Асноўныя намаганні для гэтага прыклаў цяперашні настаяцель мінскай супольнасці кармэлітаў босых у Мінску айцец Сяргей Трысцень OCD разам з суполкай супрацоўнікаў.

Сімпозіум трансляваўся анлайн на хвалях «Радыё Марыя» ў Беларусі, а асобе святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса прысвечаны амаль увесь кастрычніцкі нумар часопіса «Ave Maria», што сведчыць пра важнасць гэтага юбілею для ўсяго беларускага Касцёла.

Кульмінацыяй сімпозіума стала ўрачыстая Эўхарыстыя ў парафіяльнай капліцы Маці Божай Шкаплернай. Цэлебрацыю ўзначаліў і прамовіў гамілію біскуп Юрый Касабуцкі. Іерарх, абапіраючыся на заклік Хрыста, каб стацца маленькімі і паслухмянымі, як дзеці, прыводзіў у прыклад святую Тэрэзу ад Дзіцяткі Езуса, якая не пабаялася выбраць маленькі і самы просты шлях паслухмянасці Богу на зямлі, каб дасягнуць гонару быць дачкой вялікага Караля ў небе, і, больш за тое, з неба спасылаць дождж ружаў ласкаў ад Бога ўсім тым, хто патрабуе Божай дапамогі і міласэрнасці. Напрыканцы святой Імшы айцец Пётр Фраштэнга OCD падзякаваў Пану Богу за дар святой Тэрэзы і за дар юбілею яе нараджэння і перэгрынацыі яе рэліквій у Беларусі, усім арганізатарам і ўдзельнікам сімпозіума, а таксама ўсім прысутным.

На заканчэнне парафіяне пачаставалі гасцей смачнай вячэрай, каб кожны змог вярнуцца дамоў падмацаваным і душою, і целам.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.