Пошук

20.09.2023 11:02   Тэкст: Вераніка Раманенкава / Фота: Анатоль Кляшчук, Віктар Ведзень / Catholic.by

16 верасня арыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў абрад благаслаўлення крыжа ў капліцы кляштара меншых братоў капуцынаў, якія нясуць служэнне ў парафіі святога Францішка ў сталічнымм мікрараёне Новая Баравая (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).

Фігура ўкрыжаванага Хрыста, змешчаная ў капліцы братоў, была выканана італьянскім скульптарам Джузэпэ Бэрнардзі ў 2014 годзе.

Разблёнае Укрыжаванне з’яўляецца копіяй бронзавай скульптуры, якую стварыў вядомы італьянскі майстра П’етро Такка на пачатку XVII стагоддзя.

Да разьбяра звярнулася сямейная пара з просьбай зрабіць крыж, які яны меліся ўсталяваць ў інтэнцыі просьбы аб нараджэнні дзіцяці. Крыж з фігурай Хрыста быў узведзены ў маляўнічным месцы сярод альпійскай даліны ля падножжа гор. Праз некалькі гадоў стыхія разбурыла крыж, і Укрыжаванне развалілася на кавалкі. Разбітая фігура трапіла ў адну з італьянскіх майстэрняў і неўзабаве была заўважана там беларускім святаром. Пасля аднаўлення Укрыжаванне было змешчана ў капліцы мінскага кляштара братоў капуцынаў.

 

Арцыбіскуп Кандрусевіч таксама памаліўся аб супакоі для душы спачылага фотамастака Анатоля Клешчука, які адышоў у вечнасць 4 верасня. Гэта быў майстра рэпартажнай здымкі і тонкіх пейзажных замалёвак, асабліва любіў фатаграфаваць беларускія мястэчкі і людзей. У ягоных творах прасочваліся лёсы, пачуцці, думкі герояў: праз пранікнёныя позіркі, праз цень, пакінуты на сцяне, праз дробную дэталь жыцця простага чалавека. Асаблівай цікавасцю і болем у творчасці аўтара адгукнулася Чарнобыльская трагедыя.

Гэты сціплы чалавек з неверагодным творчым патэнцыялам, які з вялікай павагай і замілаваннем ставіўся да роднага краю і свайго народа, захаваў для нашчадкаў таксама частку гісторыі парафіі святога Францішка.

Вернікі з Новай Баравой і іх душпастыры асабліва ўдзячныя Анатолю Клешчуку за адмысловы фотарэпартаж з урачыстасці пасвячэння касцёла святога Францішка, якая адбылася 20 мая 2023 года.

На яго кадрах засталіся не толькі падзеі і асобы, але святлом і колерам таксама перададзена атмасфера таго незабыўнага для парафіяльнай супольнасці веснавога дня.

Фота: Анатоля Клешчука

Абноўлена 20.09.2023 11:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.