Пошук


12 верасня ў архікатэдры ў Мінску адзначылі адпустовую ўрачыстасць тытула касцёла — Найсвяцейшага Імя Марыі.

З гэтай нагоды ўвечары цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Разам з заслужаным іерархам Эўхарыстыю канцэлебравалі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары з парафій сталіцы і з іншых мясцін.

Усіх удзельнікаў урачыстасці прывітаў нядаўна прызначаны новы пробашч мінскай архікатэдральнай парафіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі, запрасіўшы арцыбіскупа Кандрусевіча ўзначаліць цэлебрацыю.

Арцыпастыр павіншаваў парафію і верніц, якія носяць імя Марыя ці Марыяна з імянінамі, і пажадаў ім апекі Маці Божай і Божага благаслаўлення.

У прамоўленай гаміліі іерарх падкрэсліў, што хрысціяне ўшаноўваюць Імя Марыі, таму што яно належыць Божай Маці — найдасканалейшаму Божаму стварэнню, Каралеве неба і зямлі, Маці Міласэрнасці.

«Сённяшняе свята нагадвае нам пра прывілеі, якія Марыя атрымала ад Бога: Маці Збаўцы, Беззаганнага Зачацця і Унебаўзяцця. Нагадвае яно і пра ласкі, якія мы атрымалі праз Яе заступніцтва і пасрэдніцтва. Марыя заўсёды клапоціцца пра нас як наша духоўная Маці. Сваімі намаганнямі і дапамогаю Яна вывела многіх людзей з цемры граху і зла на шлях да збаўлення і вечнага жыцця ў сваім Сыне.

У складаныя часы ганенняў Яна ў фацімскім пасланні дала нам надзею на духоўнае адраджэнне, сведкамі і ўдзельнікамі якога мы з’яўляемся», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Іерарх нагадаў, што ў Старым Запавеце ўзгадваецца Мірыям — сястра Майсея і прарочыца, — якая спявала песню падзякі пасля шчаслівага пераходу габрэйскага народа праз Чырвонае мора. Паводле арцыбіскупа, гэтая асоба ў пэўным сэнсе з’яўляецца правобразам падзей Новага Запавету.

«Марыя ў гімне „Велічае душа Мая Пана“ прарочыла, што ўсе пакаленні будуць праслаўляць Яе і што Бог зрыне ганарыстых і ўзвысіць пакорных. Мірыям падтрымала свайго брата Майсея, які вывеў габрэйскі народ з егіпецкага рабства. Марыя праз еднасць з цярпеннямі Езуса стала саўдзельніцай у справе адкуплення чалавека. Як Майсей быў правобразам Хрыста, так і Мірыям была правобразам Марыі», — сцвердзіў арцыпастыр.

Ён дадаў, што ў хрысціянскай традыцыі Марыю называюць таксама Maris stella — «Зорка мора». «У старжытнасці, калі не было ні компасаў, ані сучасных навігацыйных прылад, мараходы арыентаваліся па зорках, асабліва па палярнай, каб не заблукаць і дасягнуць порту прызначэння.

Марыя, нібы зорка мора, з’яўляецца нашым арыенцірам падчас прыліваў і адліваў, бураў і штормаў мора сучаснага свету з яго праблемамі. І калі мы хочам трапіць у знішчальнае грахоўнае цунамі, неабходна скіроўваць позірк на Яе. Ідучы за Ёю, мы не заблукаем; заклікаючы Яе дапамогі, не будзем у адчаі; думаючы пра Яе, не будзем памыляцца; падтрыманыя Ёю, не ўпадзём; абароненыя Ёю, не будзем баяцца; кіраваныя Ёю, не стомімся; абраныя Ёю, дасягнем мэты. Такім чынам мы дасведчым на сабе, наколькі важныя словы Евангелля: „Імя Дзевы было Марыя“», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ва ўспамін Найсвяцейшага Імя Марыі заслужаны іерарх прапанаваў вернікам задаць сабе пытанні: ці годна мы прадстаўляем Яе імя ў нашым асяроддзі? ці імкнемся, як Марыя, падабацца Богу і быць паслухмянымі Божай волі?

«Кожны з нас носіць імя хрысціяніна, гэта азначае паслядоўніка Хрыста. Будзем жа з годнасцю і адказнасцю насіць імя хрысціянаў, бо ўсе мы, як і Марыя, з’яўляемся выбранымі і ўмілаванымі дзецьмі Бога», — заклікаў на заканчэнне ўдзельнікаў урачыстасці арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Абноўлена 13.09.2023 12:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа