Пошук

04.09.2023 13:56   Тэкст: Кс. Кірыл Бардонаў / Фота: Юлія Бражыцкая / Catholic.by

У ноч з 2 на 3 верасня ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску прайшло чуванне для моладзі з нагоды 225-годдзя з часу заснавання гістарычнай Мінскай дыяцэзіі.

Тэма чування была «Касцёл — дом для моладзі»: моладзь, яе служэнне і роля ў сучасным Касцёле. Удзельнікаў было больш за сто чалавек з розных парафій Беларусі, а не толькі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Святую Імшу для сабраных у залатагорскай святыні юнакоў і дзяўчат цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, гамілію прамовіў айцец Яўген Голуб OFMConv з Івянца.

У Божым слове святар звярнуў увагу на тое, што Бог запрашае нас рознымі шляхамі ісці за Ім, не ўтойваючы цяжкасці гэтай дарогі, дзеля таго, каб мы маглі адкрыць паўнату сваёй чалавечнасці.

Пасля Імшы адбывалася так званая «заступніцкая малітва», якая дазволіла ўдзельнікам чування адчуць Божае дзеянне ў іх жыцці. Падчас гэтай малітвы святары маліліся над ахвотнымі, ускладаючы на іх рукі, просячы Бога зазірнуць у іх сэрца і выслухаць іх просьбу, напрыклад, аб аздараўленні, аб духоўным умацаванні, аб спазнанні Божай любові і Божай волі.

Падчас чування айцец Голуб адказваў на пытанні, якія моладзь даслала раней. Пытанні ахоплівалі розныя абшары чалавечага існавання: будаванне адносін з іншымі, інтымнасць, разуменне Святога Пісання, а таксама духоўныя праблемы.

У прамоўленай канферэнцыі святар на акрэсленне Касцёла выкарастаў метафару дома, падкрэсліўшы важнасць будавання асабістай хрысціянскай тоеснасці, уласнай адказнасці за Касцёл і творчае будаванне супольнасці.

Час да раніцы праляцеў незаўважна; юнакі і дзяўчаты разыходзіліся духоўна ўзбагачаныя і з надзеяй на новыя цікавыя сустрэчы ў іхнім доме, якім з’яўляецца Касцёл.

Абноўлена 06.09.2023 10:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.