Пошук

28.08.2023 06:03   Samaranin.by / Catholic.by
Уршуля Ледухоўская на Палессі з дзецьмі перад домам уршулянак у Моладаве, 1937 г.

22 жніўня споўнілася 90 гадоў з пачатку дзейнасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі Кангрэгацыі сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага.

Гісторыі гэтай манаскай супольнасці, якая і сёння плённа працуе ў нашай краіне, прысвечаны адмысловы матэрыял, апублікаваны ў дзень гадавіны на сайце Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра «Дабрачыннай Мiсiі Добрага Самаранiна пад апекай Святой Уршулi Ледухоўскай» у Мінску Samaranin.by.

22 жніўня 1933 года адбылося адкрыццё першай місіі сясцёр на абшарах беларускага Палесся.

Вось што пісала з гэтай нагоды заснавальніца кангрэгацыі маці Уршуля Ледухоўская: «Вельмі сур’ёзная праца, місіянерства, не ў дзікай Афрыцы, Кітаі або Бразіліі сярод паўднёвых лясоў, у краінах, залітых сонцам; не там, дзе місіянер акружаны арэолам пасвячэння і ахвярнасці, а ціхая, невядомая праца <…> там, дзе ты ледзь не па калена ў гразі, дзе падчас восеньскага дажджу, зімовай завеі, вясновай адлігі немагчымая сувязь са светам». Выбар месца для адкрыцця Місіі сясцёр уршулянак быў зроблены на карысць вёскі Гарадзец (цяпер гэта Кобрынскі раён). Маці Уршуля Ледухоўская казала: «Распачалася наша праца на Палессі з вёскі Гарадзец».

8 жніўня 1933 года там быў адкрыты дом у гонар святога Андрэя Баболі. Будынак стаў уласнасцю супольнасці, і неўзабаве распачалося служэнне. Спачатку ў Гарадцы было чатыры сястры ўршулянкі, а незадоўга да пачатку Другой сусветнай вайны ўжо пятнаццаць. Сёстры мелі дзіцячы садок для 30-і дзетак, вялі курсы кравецтва і швацтва для дзяўчат, утрымлівалі інтэрнат для іншагародніх вучаніц. Працавалі таксама чытальная зала і бібліятэчны абанемент. Добра была наладжана праца сясцёр пры парафіі, а таксама догляд за нямоглымі людзьмі, які уршулянкі здзяйснялі як ў самім Гарадцы, так і ў ваколіцах.

Мясцовыя старажылы яшчэ памятаюць конкурсы, выставы і вечарыны, якія арганізоўвалі сёстры, у тым ліку па выпяканні розных слодычаў.

Экспедыцыя, праведзеная ў 2023 годзе па мясцінах дзейнасці першых урушлянак, зафіксавала нават рэцэпты некаторых страў, у тым ліку «ўршулянскага торта»: яго да гэтага часу выпякаюць у мясцовай сям’і Чэрнікаў.

Уршулянкі вучылі дзяцей граць на фартэпіяна і іншых музычных інструментах. Асновы музычнай адукацыі адкрывалі для малых дзівосны сусвет музыкі, і некаторыя выхаванцы на ўсё жыццё абіралі сваю дарогу ў музычнай галіне. Так, Ігар Чэрнік стаў знакамітым музыкам, атрымаў званне дзеяча культуры.

Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Гарадзец, 1934 г.

Адной з галоўных адметнасцяў вёскі Гарадзец быў касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі. Менавіта пры гэтай святыні жылі многія ўршулянкі. Пасля Другой сусветнай вайны касцёл быў зачынены і пераабсталявана пад школу і дзіцячы сад. Адметнай знаходкай стаў абраз, які быў адшуканы некалькі гадоў таму даволі выпадкова. Калі праводзіліся земляныя працы ля былога касцёла, экскаватар каўшом зачапіў скрутак, у якім быў абраз Маці Божай. Цяпер гэтая выява Багародзіцы, перад якой кленчылі і маліліся сёстры ўршулянкі і многія жыхары Гарадца, знаходзіцца ў новым касцёле. Як распавядаюць вернікі, з часу знаходкі абраз стаў святлейшым.

Пасля Гарадца новыя місіі ўршулянак з’явіліся і ў іншых мясцінах: Іласк (1935), Кобрын (1936), Гарадзішча (1937), Моладава (1937), а ў 1938 годзе дадаліся яшчэ тры цэнтры: Янаў Палескі (цяпер горад Іванава), Красналескі і Востраў.

Уршуля Ледухоўская азначала: «Гэты край з яго такой абсалютна асаблівай прыгажосцю, якая гаворыць пра бясконцасць Бога, пра тугу, пра нешта звышнатуральнае, неапісальна таямнічае, прыцягвае сёння шматлікіх турыстаў». Але перад тым як туды паехалі многія турысты, у нязведаныя мясціны скіраваліся сёстры ўршулянкі, якія зрабілі тут шмат добрых спраў. На былым касцёльным цвінтары ў Грушаве збярогся дуб, які яшчэ памятае дзейнасць уршулянак і касцёл, які быў у гэтай вёсцы.

Маці Уршуля Ледухоўская часта наведвала беларускія вёскі, дзе дзейнічалі місіі ўршулянак. Настаяцельніца сама хацела ведаць, куды яна скіроўвае сясцёр, і таму яе не раз можна было ўбачыць у Кобрыне, у Гарадцы, Моладаве, Востраве і іншых мясцінах. Часам да аддаленых куточках даводзілася дабірацца па бездарожжы і нават на чаўнах. Улетку 1938 года, калі маці Уршуля Ледухоўская суправаджала нунцыя Філіпо Картэзі на Палессі, прадстаўнікі папы назваў яе «апосталам Усходу». Пінскі біскуп Казімір Букраба жартам называў настаяцельніцу «каралевай Палесся» і ў некаторых далёкіх падарожжах па ўласнай волі выступаў у якасці шафёра нястомнай законніцы.

Сваёю дзейнасцю Уршуля Ледухоўская даводзіла, што трэба ісці і служыць «па прыкладзе Хрыста Пана, які робіць дабро».

Адной з асоб, якія спрыялі пачатку дзейнасці ўршулянак, была вядомая пісьменніца Марыя Радзевіч, якая жыла паблізу ад Гарадца ў сваім маёнтку Грушава. Яшчэ адзін цікавы факт: у Мінску на так званым «Востраве слёз» у мемарыяльнай капліцы пэўны час вісеў звон з касцёла ў Гарадцы, які фундавалі жыхары Гарадца з падзякай Марыі Радзевіч, бо менавіта яна запрасіла ўрушлянак у Гарадзец. Гэты звон сваёй прысутнасцю на адным з галоўных манументаў беларускай сталіцы як быццам распавядаў пра ахвярную працу сясцёр, якія 90 гадоў таму распачалі служэнне на нашай зямлі.

Звон «Марыя» з гарадзецкага касцёла

 

Абноўлена 28.08.2023 08:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця