Пошук

09.08.2023 16:34   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

6 жніўня, у свята Перамянення Пана, у парафіі святога Андрэя, апостала, у Крывічах, што непадалёк ад Будслава (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат), урачыста адзначылі 225-годдзе з часу з’яўлення ў мясцовай святыні цудадзейнай фігуры Езуса Журботнага.

Разблёная скульптура Збаўцы ў цярнёвым вянку, вядомая як Ecce homo, паводле словаў Пілата, які, вывеўшы Езуса да натоўпу пасля бічавання, сказаў: «Вось, чалавек», змешчана ў цэнтральным алтары касцёла ў Крывічах. Славутая цудамі фігура Збаўцы, прывезеная ў Крывічы з трынітарскага кляштара на Антокалі, прадмесці Вільні, здаўна аточана вялікай пашанай мясцовцых вернікаў.

Цэлебрацыю святой Імшы з нагоды юбілейнай даты ўзначаліў у крывіцкім касцёле арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх засяродзіўся на духоўным значэнні свята Перамянення Пана, якое нагадвае пра апісаную ў Евангеллі падзею, калі Хрыстус узяў з сабой на гару трох вучняў і там на іх вачах перамяніўся: «аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло».

Арцыбіскуп Кандрусевіч перадусім звярнуў увагу на тое, што складанасці, з якімі вернікі сутыкаюцца ў гэтым свеце, — «нішто ў параўнанні з нябеснай славай, якая чакае верных Хрысту».

Ён дадаў, што для гэтага неабходна слухаць Езуса, які заклікае да малітвы, навяртання і духоўнага ўдасканалення, а таксама духоўна перамяняцца ў сакрамэнце пакаяння.

Іерарх заўважыў, што Езус — дарога, праўда і жыццё для сваіх вернікаў, і менавіта пра гэта, на яго думку, нагадвае старадаўняя фігура Збаўцы з крывіцкага касцёла, якая знаходзіцца тут ужо 225 гадоў.

«За гэты час шмат чаго адбылося на нашай зямлі. Змяняліся ўлады, прайшлі дзве сусветныя вайны, мы перажылі дзясяткі гадоў ганенняў на веру, але касцёл у Крывічах увесь час быў адкрыты і дзейнічаў. Ці гэта не цуд?!» — задаў рытарычнае пытанне арцыпастыр.

Ён заўважыў, што «фігура Езуса адлюстроўвае праўду пра ўцелаўленне Сына Божага і пра тое, што нябачны Бог стаў чалавекам дзеля нас і дзеля нашага збаўлення.

«Прыйсце Езуса ў свет перамяніла яго: у жыццё людзей увайшло заўсёды новае і актуальнае вучэнне Евангелля. У нашым свеце, дзе ідзе барацьба за тое, каб толькі быць першым, паспяховым і багатым, Езус адкрывае перад намі новую перспектыву, у якой мае значэнне не першае месца, а жыццё ў Божай ласцы, без якой няма збаўлення.

Таму ўрачыстасць Перамянення Пана і праслаўленне Езуса ў гэтай выяве з’яўляецца заклікам да духоўнага аднаўлення, каб мы, перамененыя Божай моцай, маглі змяняць свет на лепшы», — падкрэсліў іерарх.

Гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў малітвай: «Пане Езу, перамяні нас сваёй ласкай, дапамажы заўсёды слухаць Бога і зрабі Тваімі апосталамі нашага часу, каб свет як мага хутчэй пазнаў нязменную праўду Евангелля і, жывучы ёю, будаваў мірнае жыццё на зямлі і прыйшоў у радасць неба».

 

Абноўлена 09.08.2023 16:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.